Ружа-іншапланецянка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ружа-іншапланецянка
Ружа-іншапланецянка
Колькі ў небе зорак! Усе яны свецяцца як маленькія агеньчыкі і вабяць да сябе. А колькі ў Сусвеце планет – мільярды! Вядома ж, на некаторых з іх жывуць такія ж людзі, як і мы. Гэта ўжо даказана. Але дзе ж адшукаць хоць адну з такіх планет у неабсяжным прасторы космасу?      Вось пра гэта і думаў Санька, седзячы на верхняй пляцоўцы загараднага дома і назіраючы за зорным небам у маленькі "светлячок". Так хлопчык называў свой тэлескоп. Гэта быў вельмі добры сучасны тэлескоп. Разам з ім Санька "лётаў" у Сусвет.
     Тэлескопы, у якія можна вельмі добра назіраць далёкія планеты, у Санькіна стагоддзе касмічных адкрыццяў не рэдкасць. На дварэ стаіць як-ніяк 2120 год. І такія тэлескопы ёсць практычна ў кожнай хаце, дзе хто-небудзь цікавіцца жыццём у Сусвеце. Людзі прыдумалі звышадчувальныя прыборы, пасылаюць у космас да новых галактык касмічныя караблі. Вельмі хутка зямляне адкрыюць самую першую планету, на якой жывуць іх сябры-аднадумцы!
     Амаль кожны вечар хлопчык узіраўся ў неба і шукаў маленькую жывую кропачку, якая, ён у гэтым быў упэўнены, шле і шле свае сігналы ва ўсе бакі Сусвету, спадзяючыся адшукаць іх, зямлян.
     Летам на канікулы Санька часта прыязджаў да бабулі ў госці. Гледзячы на ўнука, бабуля Ната ўзгадвала свае маладыя гады. Не, яна ў той час не захаплялася пошукам іншых планет. Ёй лепей хацелася патанчыць, паслухаць музыку, памаляваць ці пагуляць са сваімі сяброўкамі. А якія ружы ёй дарылі маладыя хлопцы! Аднак самы прыгожы букет са ста руж ёй аднойчы прынёс Санькін дзядуля Сяргей Пятровіч. Шмат гадоў мінула з тых часоў, але і цяпер у бабулінам садзе растуць пышныя ружы, ад якіх вачэй не адвесці. Бабуля Ната даглядае іх, бо яны яе радасць.
     Аднае раніцы, пакуль унук яшчэ спаў, бабуля вырашыла схадзіць у лес за хваёвай і яловай ігліцай, каб потым ёй падкарміць свае кветкі. Выпадкова на лясной палянцы яна ўбачыла куст з адзінай, але ж вельмі дзіўнай квітнеючай ружай. Гэта ружа здзівіла бабулю Нату. Найдалікатны водар кветкі ствараў вялікую духмянасць, быццам квітнела не адна, а цэлы сад дзівосных руж! Апрача таго, пялёсткі кветкі таксама былі незвычайнымі. Яны свяціліся нейкім цудоўным святлом. Ружа паварочвала сваю галоўку ў розныя бакі, быццам жывая!
     Вярнуўшыся дадому, бабуля распавяла пра цудоўную кветку свайму ўнуку. Санька вырашыў паглядзець на яе і пабег у лес. І сапраўды, кветка была незвычайная! Самым дзіўным было тое, што яна прымала і пасылала ў неба нейкія сігналы. Так, так, Санька гэта заўважыў! "Значыць кветка іншапланетная. Яе насенне прыляцела з космасу! Як жа яна дабралася сюды?" – разважаў хлопчык.
     Вярнуўшыся дамоў, ён патэлефанаваў свайму сябру Паўліку. Той адразу ж прыехаў да яго. І ўжо ўвечары хлопчыкі зноў назіралі за дзіўнай кветкай. Несумненна, хтосьці пасылаў на Зямлю свае сігналы! Іх атрымлівала незвычайная кветка!
     – Давай прынясём сюды наш касмограф, – прапанаваў Паўлік. – Можа мы з яго дапамогай расшыфруем гэтыя сігналы!
     Дзеці пабеглі дахаты за прыборам, які нядаўна самі змайстравалі ў гуртку тэхнічнай творчасці. Вядома, ім дапамагаў у гэтым іх выкладчык Міхась Сямёнавіч. Дэталі да прыбора хлопчыкі куплялі ў спецыяльнай краме. Прыбор атрымаўся класны! Вось і знайшлася нагода яго апрабаваць.
     Праз некалькі хвілін дзеці ўжо былі зноў ля загадкавай кветкі. Асцярожна паклалі касмограф поруч кветкі і ўключылі батарэю. Спачатку – ніякага эфекту. Прыбор маўчаў. І тады дзеці вырашылі паслаць у космас свае сігналы. Яны набралі на клавіятуры некалькі слоў, а потым уключылі музыку. Не прайшло і пятнаццаці хвілін, як іх прыбор злавіў нейкія гукі! Дзеці паспрабавалі наладзіць яго на новую незнаёмую хвалю. І адразу ж убачылі на экране, а потым нават пачулі гукі! Гэта былі ціхія і меладычныя гукі, падобныя на словы. Іх разумны касмограф нічога не згубіў, усё запісаў і захаваў!
     Вядома ж, пасля такога здарэння дзеці вельмі расхваляваліся! Але яны вырашылі нікому нічога не распавядаць, пакуль самі першымі не расшыфруюць сігналы з космасу. Цэлых два тыдні хлопчыкі сачылі за кветкай, запісвалі прыходзячыя да іх сігналы і пасылалі ў космас у адказ свае сігналы. З дапамогай камп’ютэра і адпаведных праграм Санька з Паўлікам знайшлі "ключ" да пазаземных паведамленняў і навучыліся расшыфроўваць іх. Аказваецца, сігналы ішлі з далёкай планеты, якая знаходзілася ў іншай галактыцы. Дзеці вылічылі размяшчэнне далёкай сяброўкі і ўбачылі яе ў свае тэлескопы. Апрача таго, яны даведаліся, што гэта планета вельмі падобная на Зямлю. На ёй жывуць разумныя істоты. Іншапланецяне ўжо дасылалі на Зямлю свае найновыя прыборы. Адзін з іх – касмічная ружа, якая вырасла са спеціяльнага насення. Яе і знайшла на палянцы Санькіна бабуля.
     Вядома ж, Санька з Паўлікам абавязкова раскажуць пра гэта дарослым дзеля таго, каб зямляне змаглі наладзіць цесны кантакт з іншапланецянамі. Хто яго ведае, магчыма, людзі калі-небудзь сустрэнуцца з жыхарамі далёкай планеты. А можа, гэта адбудзецца ў бліжэйшы час? Тады Санька з Паўлікам будуць першымі сустракаць іншапланецян можа нават тут, у лесе на дачы.
     
     Гэтая казка на рускай мове
6.12.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100