Зорачкі-сястрычкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зорачкі-сястрычкі
Зорачкі-сястрычкі
Жылі на небе тры маленькія зорачкі-сястрычкі. Аднойчы ўпрасілі яны сваю маму, вялікую яскравую зорку, адпусціць іх у вандраванне. Ім вельмі хацелася палётаць па белым свеце, каб больш убачыць і больш аб чым даведацца, можа нават пасябраваць з кім-небудзь. Зорачкі, хоць і былі дзяцьмі, але добра ведалі дарогу назад да сваёй хаты. Таму мама і адпусціла іх, аднаК параіла быць асцярожнымі і ўважлівымі, бо ці мала што можа сустрэцца ім на шляху.      І зорачкі паляцелі ў сваё першае ў жыцці вандраванне. А трэба сказаць, што ўсе яны былі вельмі прыгожыя. Самая старэйшая, Шэравочка, выпраменьвала блакітнае святло. Сярэдняя сястра, Каравочка, была ўся серабрыстая-серабрыстая! А малодшая, Блакітнавочка, любіла насіць адзенне ружовага колеру.
     Шэравочка, як самая старэйшая, ляцела наперадзе і вяла сясцёр за сабой. Побач адна з адной тры зорачкі-сястрычкі здаваліся адной вялікай перламутравай зоркай з блакітным, серабрыстым і ружовым ззяннем. Яны праляталі міма самых розных, вельмі прыгожых маленькіх і вялікіх зорак. Але зорачкі ні разу не спыніліся, каб пагаварыць ці пазнаёміцца з імі. Чаму? Увесь час яны чулі гукі песень, якія даносіліся з нейкай далёкай і загадкавай планеты! Сястрычкі ніколі не бачылі гэтую планету, аднак былі ўпэўнены, што яна выдатная, і ляцелі насустрач да яе!
     Нарэшце, зорачкі дабраліся да невядомай планеты. Якой жа прыгожай яна аказалася! Незнаёмка была схавана пад аблокамі і свяцілася нібы блакітны шарык! А там, на самой планеце, былі бачны сінія моры і акіяны, зялёныя лясы і беласнежныя вяршыні гор. Вядома ж, гэта была Зямля!
     Зорачкі спусціліся на Зямлю і пачалі шукаць таго, хто сваімі песнямі клікаў і клікаў іх да сябе. Сястрычкам прыйшлося прабірацца праз дрымучыя лясы, узбірацца па схілах гор і нават скакаць па марскіх хвалях! Не так лёгка, аказваецца, дабрацца да нябачнага сябра, таго, хто спяваў і клікаў да сябе. Хто ж мог падумаць, што тыя цудоўныя песні спявала сляпая дзяўчынка, якая ніколі не бачыла сонечнага святла! Аднак, яна ўвесь час адчувала, што дзесьці на свеце, далёка ці блізка, жывуць яе сябры. Сляпая дзяўчынка клікала іх да сябе!
     У той момант, калі зорачкі знайшлі малую, яна сядзела на лясной палянцы і спявала песні разам з птушкамі. Сястрычкі ціхенька падляцелі да незнаёмкі. Ім не хацелася, каб дзяўчынка перастала спяваць, бо яе голас быў такім прыгожым і ласкавым! Але птушкі выдалі іх. Яны даўно навучыліся размаўляць са сляпой дзяўчынкай, дачкой лесніка, і адразу ж распавялі ёй пра нябесных госцей.
     Зорачкі пасябравалі з маленькай пявуньяй. Яны палюбілі яе за добры і ласкавы характар. Ім захацелася зрабіць для малой штосьці вельмі-вельмі добрае! І тады яны ўспомнілі пра Праменьчыка-лекара, які калісьці лячыў іх саміх. Паразважаўшы, сястрычкі паслалі знаёмаму Праменьчыку-лекару нябесную тэлеграму разам з хуткім Ветрыкам.
     А ўсе лекары такія добрасумленныя і спагадлівыя да чужой бяды! Як толькі Праменьчык-лекар атрымаў тэлеграму, ён зараз жа адправіўся на Зямлю лячыць вочы сляпой дзяўчынкі. І, канешне, вылечыў іх самымі лепшымі лекамі! Калі дзяўчынка расплюшчыла вочкі і ўбачыла сваіх добрых сяброў: Праменьчыка-лекара і сястрычак – Шэравочку, Каравочку і Блакітнавочку, то пяшчотна абняла іх. У гэты час яе цудоўныя вочкі здаваліся такімі прыгожымі, што нават Сонейка загледзелася! Так, так! Вочкі дзяўчынкі былі дзіўнага зялёнага колеру, таму зорачкі пачалі зваць сваю сяброўку Зеленавочкай.
     Яшчэ доўга нябесныя зорачкі гасцявалі ў зямной сяброўкі. Яны вучыліся спяваць яе песні і, узяўшыся за рукі, вадзілі карагоды ў небе. Так, так! Часам сястрычкі бралі з сабой у неба Зеленавочку. І тады яна ператваралася ў маленькую бірузовую зорачку і свяцілася ад шчасця!
     
     Гэтая казка на рускай мове
4.12.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100