Ад каго хавалася Сонейка? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ад каго хавалася Сонейка?
Ад каго хавалася Сонейка?
Аднойчы на досвітку, калі яшчэ ўсе дзеці спалі, Сонейка вырашыла пагуляць на дзіцячай пляцоўцы ў двары шматпавярховага дома. Яно уляцела ў двор і пакаталася на арэлях. Потым Сонейка пагуляла ў пясочніцы і нават залезла на дах маленькай хаткі на курыных ножках! У гэты момант Сонейка адчула вельмі прыемны пах кветак, якія раслі ў кветніку. Яно апусцілася ніжэй, да самых кветак, каб іх лепей разглядзець. І нечакана ўбачыла побач з імі кагосьці такога агіднага і жудаснага, што ад страху кінулася ў бок дома!      Уцякаючы ад страшнай пачвары, якая сядзела ў кветніку, Сонейка ўляцела ў дом. Затым яно схавалася ў адной з кватэр, пракраўшыся ў яе праз замочную свідравіну. У кватэры тым часам нікога не было. Каб не асвятляць кватэру сваімі яркімі прамянямі, Сонейка надзела вялікія чорныя акуляры.
     Як толькі яно схавалася ў доме, у двары адразу ж стала цёмна! А калі дзеці прачнуліся, яны не пазналі свайго двара. Іхні двор стаў змрочным і непрыгожым! Вядома ж, нікому з малянят у гэтую цёмную раніцу не захацелася гуляць у пясочніцы і нават катацца на арэлях. Вось як, аказваецца, дрэнна жыць без сонечнага святла!
     – Чаго ж спалохалася наша Сонейка, чаіму яно схавалася ад усіх? – здзіўляліся мамы і іх дзеці.
     І толькі дворнік зразумеў, што здарылася. Ён падышоў да кветніка і заўважыў Вусеня, які вінавата поўз пад лісцік.
     – Няўжо можна спалохацца яго? – засмяяліся дзеці і пайшлі шукаць Сонейка, каб усё яму растлумачыць.
     Але Сонейка ўжо само зразумела, што збаялася. Яно ж цікаўнае непрыметна глядзела ў акно і чула ўсю гутарку ў двары. Сонейку стала вельмі непрыемна за сваю баязлівасць. Яно нават трохі счырванела ад гэтага. Як жа можна з-за такога глупства пакінуць людзей без сонечнага святла!
     Вядома ж, Сонейка тут жа выйшла з кватэры і зноў узляцела на неба, каб свяціць усім-усім дзецям і дарослым без выключэння.
     
     Гэтая казка на рускай мове
4.12.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100