Лясная зорачка (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лясная зорачка (казка)
Лясная зорачка (казка)
На ўскрайку лесу стаяла закінутая хата. Раней у ёй жыў ляснік. Некалькі гадоў назад гэты чалавек пакінуў хату і перабраўся жыць у іншую мясцовасць. І хата засталася адна, без гаспадара. Ніхто не сяліўся ў ёй. Забытая і пакінутая яна трухлела і гаравала у адзіноце. Няма каму было растопліваць печ, ніхто не адчыняў аканіцы яе вокнаў. Сум і туга пасяліліся тут.      Часам хата ўспамінала былыя радасныя часы, калі ў ёй жыў чалавек. Гаспадар любіў свой прыстанак, стараўся абагрэць і асвятліць яго. А цяпер хаце здавалася, што шчаслівыя гады яе жыцця беззваротна сышлі і ніколі не вернуцца назад.
     Але, усё-такі, поспех усміхнуўся закінутай хаце. Увесну прыляцеў бусел і звіў на яе даху гняздо. Чым так спадабалася птушцы гэтая хата ў лесе, не зразумела. Але бусел абраў менавіта яе, як месца свайго жыхарства.
     Старая хата была ўстрывожана. Яна адвыкла ад увагі да ўласнай персоны і з хваляваннем чакала знаёмства з птушкай. А бусел не спяшаўся знаёміцца. У яго былі больш важныя справы. Ён шукаў сабе сяброўку, але не знаходзіў. Мабыць, сёлета маладой птушцы не наканавана было знайсці сабе пару.
     Старая хата шкадавала бусла. Яна разумела, як цяжка жыць у адзіноце.
     Неяк па лясной сцяжынцы праходзіў паляўнічы. Ён убачыў на даху закінутага будынка гняздо бусла і падумаў: "Раз тут пасяліўся бусел, значыць гэта добрае месца". Паляўнічы ўвайшоў у пакой, агледзеў усё і вырашыў: "Пасялюся-ка я ў тут. Няхай гэтая хата будзе для мяне добрым месцам для адпачынку".
     Вось так бусел, сам таго не разумеючы, дапамог халоднай лясной хаце здабыць новага гаспадара. Ізноў печ адагрэла волкія сцены, а сонца, зазірнуўшы ў адчыненыя вокны, асвятліла падлогу і столь.
     Увосень бусел паляцеў у вырай, а новы гаспадар застаўся. Ён яшчэ лепш абжыў хату: вымыў у ёй падлогу, сцёр павуцінне са сцен і столі, заслаў стол чыстым абрусам. Усю зіму паляўнічы жыў тут, і хата была задаволена новым гаспадаром, зрэшты, як і паляўнічы - сваім новым жыллём.
     А калі прыйшла вясна, і растаў снег, у гняздо на даху вярнуўся бусел. Разам з ім прыляцела яго сяброўка. Бусел пазнаёміўся з ёй у цёплых краях і ўжо не раставаўся. Улетку ў птушак з'явілася нашчадства - маленькае буслянё. І зноў жыццё радасна закіпела ў старой хаце, а можа і не ў зусім старой. Таму што паляўнічы агледзеў яе і паправіў "усе заганы часу". Ён зрабіў новы ганак, уставіў у вокны новыя рамы і аканіцы, нават павесіў у пакоі новую люстру. Цяпер хата, абноўленая і цёплая, кожны вечар асвятляла вакол сябе дрэвы ў лесе. А нябесныя зоркі, заўважыўшы ў цемры лесу малюсенькую кропачку, якая даволі моцна свяцілася, варажылі, што ж гэта такое? Ім здавалася, што на Зямлю звалілася маленькая Зорачка....
     А чаму б цёплай і ўтульнай хаце і не быць нечай Зорачкай, нечым шчасцем і поспехам?
     
     Гэтая казка на рускай мове
30.11.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100