Прыгажосць для мамы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Прыгажосць для мамы
Прыгажосць для мамы
Калі першыя праменьчыкі цёплага летняга сонейка завіталі на маленькі ложачак, дзе спала козачка Мая, яна прачнулася і ціхенька выбегла ў двор, стараючыся не абудзіць маму і браціка, казляняці Гошу.      Раніца была прамяністая і вельмі ціхая. На траве свяціліся расінкі, і дзе-нідзе пырхалі матылькі і стракозы. Козачка Мая пабегла да лесу на свой любімы лужок. Там, козачка ведала гэта, растуць самыя прыгожыя ў свеце кветкі. Яна збярэ вялікі букет і аднясе яго ў падарунак маме. Мама ўзрадуецца і скажа:
     – Вось разумніца. Дзякуй табе, дачушка, за такую прыгажосць!
     А потым яны будуць адзначаць мамін дзень нараджэння. Вядома ж, мама спячэ вельмі смачны пірог з суніцамі. І Гоша будзе аплятаць яго разам з Маяй за абедзве шчакі.
     Усё так і адбылося. Букет атрымаўся вельмі прыгожы. Нават стракозы і матылькі пацвердзілі гэта. Козачка паставіла яго на кухонны стол у вазачку з вадой і сказала:
     – Дарагая мамачка! З днём нараджэння!
     На кліч дачушкі са спальні выйшла мама. Убачыўшы кветкі, яна радасна рассмяялася. Мама абняла сваіх дарагіх дзяцей, пацалавала і спытала ў Маі:
     – Дзе ж ты, дачушка, узяла такі цудоўны букет!
     Мая паглядзела на маму, потым – на Гошу і, нічога не адказаўшы ім, загадкава ўсміхнулася, бо самыя дарагія сакрэты не выдаюць!
     Вось такім яркім, каляровым і прыгожым атрымаўся матулін дзень нараджэння.
     Увечары козачка Мая разам з брацікам дапамагала матулі пячы яе имянінны пірог з суніцамі. А потым усе яны сядзелі за святочным сталом. Мама радасна ўсміхалася. Ёй было прыемна, што ў яе такія добрыя клапатлівыя дзеці.
     Гарэзлівы Гоша выбег у двор і пачаў скакаць, пабразгваючы маленькімі званочкамі. Мая ж працягвала сядзець за сталом разам з мамай і, пазіраючы на браціка, размахвала ў такт з ім сваімі "перламутравымі" рожкамі, на якіх красаваліся цудоўныя букецікі з белых рамонкаў і сініх васількоў.
     
     p.s. ілюстрацыя да казкі беларускай мастачкі Анастасіі Балыш
     
     Гэтая казка на рускай мове
30.11.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100