Стары Цягнік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Стары Цягнік
Стары Цягнік
У чыгуначным дэпо, там, дзе падрыхтоўваюць цягнікі да адпраўкі ў далёкую дарогу, на запасным пуці стаяў старэнькі, зношаны за шмат гадоў вандраванняў па чыгунках Цягнік. Фарба на яго вагонах пацямнела, вокны запыліліся і пакрыліся брудам, а рэйкі, на якіх стаялі яго колы, зараслі высокай травой. Так, што і казаць, Цягнік ператварыўся ў нікаму не патрэбнага дзядулю.      Нягледзячы на гэта, новенькія сучасныя Цягнікі, якія заязджалі ў дэпо дзеля таго, каб працаўнікі праверылі іх прылады і падрыхтавалі да далёкага вандравання, ні разу не пакрыўдзілі ветэрана чыгункі. Ён чуў ад іх толькі добрыя словы. Адпраўляючыся ў дарогу, маладыя Цягнікі жадалі старому Цягніку добрага здароўя, а ён ім у адказ – шчаслівай дарогі.
     Часам Цягнік успамінаў свае маладыя гады, тыя гарады і мястэчкі, дзе ён пабываў за доўгае працоўнае жыццё. Колькі вялікіх азёр і шырокіх рэк, высокіх гор і бязмежных мораў ён пабачыў! А колькі пасажыраў перавёз ды розных гісторый і аповедаў ад іх наслухаўся!
     Зараз жа на зарослым рамонкамі, канюшынай і палыном запасным пуці яму толькі і заставалася, што распавядаць пра сваю маладосць вераб'ям ды галкам, варонам ды сарокам. Птушкі слухалі гэтыя аповеды з цікавасцю. Яны скакалі вакол Цягніка па зямлі, часам заскаквалі да яго на дах альбо пераляталі на галіны высокіх таполяў і ліп, якія раслі за агароджай дэпо.
     І як жа старому Цягніку хацелася яшчэ хоць крышачку быць каму-небудзь патрэбным!
     Аднойчы да яго падышлі дзеці. На экскурсію ў чыгуначнае дэпо іх прывяла выхавальніца дзіцячага садка. Дзеці з цікаўнасцю разглядалі стары Цягнік, яго колы, вагоны, кабіну машыніста. Распытвалі ў начальніка дэпо, як стары Цягнік уладкованы, колькі кіламетраў ён ад'ездзіў па чыгунках, і ці можна яго яшчэ дзе-небудзь выкарыстоўваць.
     Потым дзеці спыталі ў самога Цягніка:
     – А ты змог бы нас катаць па дзіцячай чыгунцы? Скажы! Ты яшчэ не вельмі стары для гэтага?
     У адказ Цягнік радасна прасігналіў сваім гудком. Маўляў, вядома, змагу, абавязкова змагу!
     Пачуўшы гэты сігнал, дзеці ўсхваляваліся. Яны сталі ўпрошваць начальніка дэпо адрамантаваць стары Цягнік і пераслаць яго на дзіцячую чыгунку, якая знаходзілася за Цэнтральным гарадскім паркам. Начальнік дэпо падумаў, падумаў і пагадзіўся.
     Неўзабаве, у ветэрана чыгункі пачалося новае жыццё. Яго адрамантавалі, перафарбавалі, памылі. Настаў дзень ад'езду. Цяпер ужо маладыя Цягнікі выпраўлялі свайго старога сябра ў дарогу і жадалі яму шчаслівай дарогі. А ён, такі прыгожы і памаладзелы, прама-ткі ззяў ад радасці! Потым стары Цягнік уключыў пражэктар і звонка загудзеў, як бы загадваючы пешаходам быць асцярожнымі.
     Вядома, ён вельмі спяшаўся хутчэй дабрацца да дзіцячай чыгункі, каб з гэтага часу катаць па ёй малянят і дастаўляць ім радасць і задавальненне!
     
     Агучванне казкі – Лікі Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
     
     p.s. Малюнак украінскай мастачкі Галіны Польняк.
24.11.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100