Стары Клоўн - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Стары Клоўн
Стары Клоўн
     Прысвячаю абноўленаму выдатнаму цырку ў Мінску, 1.01.11.
     
У кожным цырку ёсць Клоўн і нават не адзін. Пра гэта ведаюць усе дзеці. Клоўн смешыць і весяліць гледачоў, прыдумляе розныя фокусы і жарты. З ім цікава!      У цырку, аб якім я распавяду, таксама быў Клоўн. Стары Клоўн. Яму ўжо не лёгка было кожны дзень выходзіць на сцэну і іграць так, каб усе гледачы смяяліся да ўпаду. Але ён вельмі стараўся, прыдумляў новыя смешныя фокусы, і гледачы любілі яго. А якіх гледачоў больш за ўсё любіў ён? Вядома ж, дзяцей!
     І яшчэ. Быў у Клоўна цудоўны сакрэт – яго маленькая пеўчая птушачка. Яна жыла ў яго даўно. Стары прывязаўся да яе: карміў, чысціў клетку і нават распавядаў птушачцы пра сваё жыццё. Яму здавалася, што яна разумее яго. Заўсёды, калі ён быў вясёлы і лагодны, птушачка спявала далікатным галаском ласкавыя песенькі, а калі прыходзіў з прадстаўлення чымсьці заклапочаны і маўклівы, яна не перашкаджала яму думаць і ніколі не парушала цішыні.
     – Ты мая сяброўка, мая памочніца! – казаў стары Клоўн птушачцы. Хутчэй за ўсё, так яно і было.
     Аднойчы ў цырк на прадстаўленне бацькі прывялі маленькую дзяўчынку. Дзіця было вельмі сумнае і бледнае. Мабыць, дзяўчынка яшчэ не зусім аправілася ад цяжкай хваробы, і мама з татам захацелі развесяліць яе. Усім вядома, што добры настрой умацоўвае здароўе. Убачыўшы Клоўна на сцэне, дзяўчынка адразу ж павесялела, усміхнулася, засмяялася і стала пляскаць у далонькі. Пасля прадстаўлення мама дзяўчынкі вырашыла аддзячыць Клоўна за добры выступ. Узяўшы дачушку на рукі, яна пайшла за кулісы ў грымёрную. Там дзяўчынка адразу ж убачыла клетку з птушачкай, якая вісела ў кутку. Як зачараваная малая глядзела на птушачку і слухала яе звонкі галасок. А калі мама, падзякаваўшы Клоўну за выдатны выступ, сабралася ісці, дачушка на яе руках горка расплакалася. Клоўн, бачачы, як плача беднае дзіцё, вырашыў аддаць ёй птушку. Яго сэрца разрывалася ад болю, бо ён раставаўся са сваёй любімай і дарагой пявунняй.
     Ужо на наступны дзень стары зразумеў, як яму не хапае яго крылатай сяброўкі. Ён стаў маўклівы і пануры, нуда пасялілася ў яго душы. З таго дня Клоўн не мог выступаць так, як выступаў раней. Яго жарты не весялілі, яны былі сумнымі. Гледачы не разумелі, што адбылося з іх любімым сябрам. А вось ён сам усё разумеў.
     Неўзабаве стары Клоўн адчуў, што больш не зможа нікога рассмяшыць. І пайшоў з цырка. Але, як жа цырк застанецца без Клоўна? Гледачы, асабліва дзеці, прыйшоўшы на прадстаўленне, з нецярпеннем чакалі выхаду на сцэну вясёлага жартаўніка, а яго не было.
     – Вярніце цырку Клоўна! – казалі гледачы дырэктару цырка.
     Што зрабіць, каб Клоўн вярнуўся ў цырк і іграў як і раней, дырэктар не ведаў. Толькі Певень і Парася, даўнія знаёмыя старога Клоўна, якія жылі ў маленькім доміку побач з яго хатай, разумелі, чаму ён журыцца. Аднойчы яны прыйшлі да яго і сказалі:
     – Цырку патрэбны Клоўн, таму што ён вяселіць людзей і дорыць ім добры настрой. Калі захочаш, мы будзем працаваць разам і дапаможам табе весяліць гледачоў. Вось убачыш, у цябе яшчэ ўсё атрымаецца. Трэба верыць у сябе!
     Пачуўшы такія добрыя словы, стары падбадзёрыўся. Ён і сам разумеў, што здзейсніў дрэнны ўчынак, пакінуўшы цырк. Неўзабаве Клоўн прыдумаў новыя цікавыя нумары, жарты і фокусы і пачаў выступаць на сцэне цырка гэтак жа энергічна і весела, як і раней. Старому Клоўну цяпер было лягчэй працаваць, бо яму дапамагалі яго верныя сябры, Певень і Парася. Пэўна, без адданых сяброў нават самаму вясёламу і энергічнаму чалавеку жыць на свеце вельмі дрэнна.
     
     Казку агучыла Ліка Пташук
     
     p.s. на фота скульптура ва ўваходзе ў мінскі цырк. Аўтар фота Кудраўцаў Аляксей.
     
     Гэтая казка на рускай мове
12.11.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100