Каго лечыць Дзяцел? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Каго лечыць Дзяцел?
Каго лечыць Дзяцел?
Жыў-быў Дзяцел. Прыгажун – з доўгай чорнай дзюбай, чырвонай палоскай на галоўцы і чорна-белымі крылцамі! Увесь дзень ён стукаў дзюбай па ствале старых дрэў, вымаючы з-пад кары жукоў-караедаў і вусеняў. Дрэвы не баяліся яго і дазвалялі птушцы лячыць іх ад пражэрлівых казурак. Вясновай парою Дзяцел выдзёўбваў невялікае дупло для сваіх будучых птушанят у ствале дрэва, якое ён палячыў. Ён заўсёды рабіў гэта так, каб не сапсаваць, а толькі палячыць балючае месца ствала.      Вось і сёлета, як толькі прыйшла вясна, лясны лекар тут жа ўзяўся за работу. Ён заўважыў у лесе хворую бабульку Асіну:
     – Не бойся! – сказаў ёй Дзяцел. – Я цябе палячу. Выцягну з-пад кары шкоднікаў, жукоў і вусеняў. Яны псуюць і з'ядаюць твой ствол.
     Асіна не супрацівілася. Яна была рада, што стала пацыенткай у такога вядомага ляснога лекара.
     Паляцеў па лесе нягучны барабанны дробат. Цэлы тыдзень працаваў Дзяцел. Ён пачысціў увесь ствол Асіны, а пасярэдзіне дрэва выдзеўб маленькае ўтульнае дупло. "Гэта маёй сям'і ўзнагарода за працу, – вырашыў працаўнік. – Зараз ёсць дзе адпачыць і выгадаваць птушанят".
     На наступны дзень Дзяцел устаў крыху раней, каб не губляць час і хутчэй узяцца за работу. За зіму ў лесе пазбіралася шмат хворых дрэў. Учора медсястрычка Сарока паказала яму месца, дзе растуць такія дрэвы. Яна казала, што іх неабходна палячыць. Тым больш, што хворыя Алешына і Бяроза самі вельмі просяць аб гэтым.
     Развітаўшыся са сваёй жонкай да вечара, Дзяцел паляцеў лячыць дрэвы. Але па дарозе сустрэў знаёмую Вавёрку. Небарака сядзела на пяньку, падціснуўшы лапы і хвост, і моцна дрыжала.
     – Што гэта з табой здарылася, шаноўная Вавёрачка? Ці ты захварэла?
     – У мяне, Дзятлік, непрыемнасць. Я засталася без сваёй хаты. Памятаеш тую хвою, у дупле якой я пражыла шмат гадоў. Цяпер яе няма. Хвою спаліла маланка падчас навальніцы. Мне зусім няма куды дзявацца. Я знайшла старое падгнілае дупло ў суседнім лесе, пачысціла яго і стала ў ім жыць. Але аднекуль прыбегла Куніца і заявіла, што гэта яе жыллё. Яна прагнала мяне.
     – Вось як? Але ж нічога не зробіш, з Куніцай нам не цягацца. У яе вострыя зубы, і яна можа нас з'есці. Я дапамагу табе, Вавёрачка, – паабяцаў Дзятлік. – Толькі пачакай некалькі дзён, пераначуеш з намі ў маім дупле. Хоць у цеснаце, ды не ў крыўдзе. А потым я табе пабудую новае дупло.
     Супакоіўшы Вавёрачку, Дзяцел паляцеў далей. Пацыентка Алешына ўжо чакала яго. Яна сама паказала тыя месцы ў ствале, дзе пад карой хаваліся шкодныя казуркі. Праз некалькі дзён лясны лекар вылечыў хворае дрэва. Дупло для бабулькі Вавёрачкі таксама было гатова.
     – А я рада, што зараз у мяне будзе жыць кватарантка, – пажартавала Алешына. – Спадзяюся, яна не будзе псаваць мой ствол?
     – Што ты, матухна Алешына! Гэта вельмі добрая Вавёрачка. Вы з ёй пасябруеце! – супакоіў яе Дзяцел.
     Да восені ён прывёў у парадак увесь родны лес. Дрэвы дзякавалі лясному лекару за дабро, якое ён для іх зрабіў, за тое, што ён падлячыў іх хворыя ствалы. А яшчэ ў Дзятла з'явілася шмат новых удзячных сяброў, тых, каму ён дапамог. Гэта і Вавёрачка, і Сава, і Сінічка. Усе яны пасяліліся ў новых утульных дуплах, якія Дзяцел пабудаваў для іх. Вось, аказваецца, якая гэта патрэбная і паважаная ў лесе птушка!
     Сябры не засталіся ў абавязку. Яны прынеслі Дзятлу і яго сям'і падарункі: семечкі яловых шышак, арэхі, сушоныя ягады. У Дзятла падраслі дзеткі – дятлікі. Гэтыя пачастункі спатрэбяцца ім ў халодныя зімовыя дні.
     А шкодная Куніца таксама аднойчы звярталася да лекара з просьбай збудаваць і для яе новае дупло. Але Дзяцел адмовіў ёй у дапамозе. Тым, хто думае толькі пра сябе і не спачувае іншым, лясны будаўнік Дзяцел не дапамагае.
     
     Гэтая казка на рускай мове
10.11.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100