“Завушніцы” ад Бярозкі (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
“Завушніцы” ад Бярозкі (казка)
“Завушніцы” ад Бярозкі (казка)
У сям'і Анатоля сур'ёзна захварэла пяцігадовая дачка. Грып даў ускладненне, і вось ужо месяц Алёнка не выходзіла з хаты. Дзяўчынка саслабла, амаль увесь час ляжала ў ложку. Анатоль з жонкай Святланай, як маглі, даглядалі яе, стараліся хутчэй вылечыць сваю дачушку. Але ў вачах Алёнкі яны ўсё часцей бачылі сум і засмучэнне.      "Як жа падняць ёй настрой?" – думаў Анатоль, крочачы з працы дахаты па алеі старога сквера. Вечарэла. Сонца заходзіла за гарызонт. Але яго яркія прамяні яшчэ рассыпаліся па тратуарах, асвятлялі вокны і сцены дамоў, дакраналіся да дрэў, паволі адаграваючы за зіму змёрзлыя ствалы. "Дзе ж тая старая вярба? – успомніў Анатоль, уважліва разглядаючы дрэвы, міма якіх праходзіў. – Ды вось жа яна!" Ён паглядзеў на старое дрэва, якое схілілася над ім. Усе яго галінкі былі абсыпаны маленькімі пухнатымі "коцікамі". Анатоль усміхнуўся. Вылучыўшы позіркам самую прыгожую галінку, ён адламаў яе і задаволены хутка закрочыў у кірунку да хаты. З парога заўважыў сумны Алёнчын позірк.
     – Дачушка! Глядзі, што я табе прынёс! – ён паказаў дзяўчынцы пухнатую галінку вярбы.
     – Тата! Дзе ты яе адламаў? – спытала дачка.
     – Я яе зусім не ламаў! – з дакорам адказаў бацька, гледзячы ў вочы сваёй малой. – Іду я па скверы, а насустрач мне – хлопец. Я паглядзеў, а ў яго на твары ўсмешка, і ў вачах гараць заўзятыя агеньчыкі. Хлопец падышоў бліжэй і кажа: "Я ведаю, ваша дачка хварэе. Аддайце ёй гэтую галінку вярбы і скажыце, што яе ёй Вясна падарыла". "А ты хто?" – спытаў я. "Памочнік Вясны. Увогуле, па-вашаму, садоўнік. Дапамагаю раслінам абудзіцца ад зімовай спячкі і расквітнець". Ён пайшоў далей. Я паглядзеў яму ўслед. У руках хлопца быў тонкі бліскучы зялёны кіёк. Ён дакранаўся ім да дрэў, кустоў і зямлі. Яны адчувалі гэта дакрананне і абуджаліся. Я ўбачыў, як на дрэвах набрынялі пупышкі, а з зямлі прабіліся тонкія маладыя зялёныя травінкі.
     – І ён ажывіў старую вярбу? – спытала Алёнка.
     – Так! Вярба зацвіла, уся абсыпана тваімі любімымі "коцікамі".
     – Цудоўна! – Алёнчыны вочы павесялелі, і на твары з'явілася ўсмешка.
     На кухні Анатоль сустрэў разумеючы позірк Святланы.
     – Малайчына! – сказала яна. – Я радая, што ты прыдумаў гэтую казку. Яна дапаможа Алёнцы хутчэй паправіцца.
     Прайшоў яшчэ некаторы час. Стала прыкметна, што дзяўчынка пайшла на папраўку. Кожны тыдзень тата прыносіў ёй падарункі ад таго самага хлопца – памочніка Вясны. То першыя дзьмухаўцы прынясе, а то – галінку бярозкі з тонкімі ліпкімі лісточкамі. І вось ужо дачка пайшла ў дзіцячы сад. Яна выздаравела і амаль забылася пра сваю хваробу. Ізноў акунулася ў інтарэсы і захапленні свайго сапраўды цудоўнага дзіцячага жыцця. Але неяк, убачыўшы ў татавай руцэ галінку бярозкі з тонкімі пялёсткамі, якія звісалі доўгімі завушніцамі, дачка спытала:
     – Гэта таксама падарунак Вясны?
     – Не. Гэта падарунак Бярозкі. Той, якая расце недалёка ад старой вярбы. Яна падарыла табе гэтыя цудоўныя “завушніцы”.
     – Выдатна! – ізноў вочы Алёнкі заіскрыліся.
     – Тата! Давай сходзім у сквер і скажам ёй – дзякуй!
     Яны так і зрабілі. У нядзелю тата з дачкой пайшлі да Бярозкі. Дрэўца было такім прыгожым, падобным на прынцэсу з чароўнай казкі! Яго тонкая вытанчаная лістота і “завушніцы” пераліваліся на сонцы. Алёнка абняла дрэўца і паціху прашаптала: "Дзякуй!"…
     Усю гэтую гісторыю тата Анатоль захоўваў у сваёй памяці доўгія гады. Ён вельмі любіў сваю дачку. Дзяўчынка падрастала. Крок за крокам бацькі вялі яе па дарозе жыцця. Але вось ужо ў мінулым засталіся школа, інстытут. І, як кажуць, іх дачушка ўжо стала дзяўчынай "на выданні". Аднойчы, Алёна прывяла ў хату маладога чалавека. Пазнаёміла з бацькамі. Аказваецца, маладыя ўжо даўно ведалі адно аднаго, вучыліся ў адной групе ў інстытуце. Сярожа кахае Алёну і гатовы для яе на ўсё. Гэта яго словы. Анатоль рады. "Што ж, будзем спадзявацца, што ў іх усё атрымаецца", – думаў ён.
     Неяк Алёна павяла Сяргея ў стары сквер і распавяла яму тую даўнюю гісторыю са свайго дзяцінства, успомніла ўсе татавы падарункі ад "памочніка Вясны".
     – Гэта казка мне вельмі дапамагла тады, – сказала Алёна.
     – А, можа, гэта была зусім не казка, а быль! – усміхнуўся Сяргей.
     – Можа! – дзяўчына засмяялася.
     Хлопец абняў яе. Адчуўшы цяпло яе тонкага дзявоцкага стану, ён падумаў: "Гэта мой скарб! Мая Бярозка, маё каханне на ўсё жыццё!"
     Праз некалькі дзён ён зрабіў Алёне прапанову і падарыў ёй у знак свайго кахання і адданасці бліскучыя срэбныя завушніцы, вельмі падобныя на тыя, якія бачыў у Бярозкі. Дзяўчына – шчаслівая, і ён таксама. А бацькі не маглі нарадавацца маладым.
     Анатоль паглядзеў на сваю прыгожую дачку, на яе выдатнага выбранніка і падумаў: "Мая старая казка ажыла. І шчаслівая Вясна прыйшла да нас у хату!"
     
     
     О, колькі раз прасіў я
     Назначыць мне спатканне,
     О, колькі раз хацеў я
     Прызнацца ёй у каханні.
     Ды ўсё перашкаджалі,
     Калі дзяўчыне верыць,
     То павадак вясновы,
     То прымаразак-шэрань.
     Але і я ўпарты,
     І, каб свайго дабіцца,
     Прасіў я шчыра майстра
     Зрабіць ёй завушніцы.
     
     На гэтых завушніцах
     Я напісаў закляцце –
     Усё што не сказаў ёй,
     А ў чым хацеў прызнацца.
     Сягоння не ўцячэ ўжо
     Ад слоў маіх гарачых,
     Ні ў час калі смяецца,
     Спявае, або плача.
     
     Ні ў час, калі прыляжа,
     Змарыўшыся ў змярканне.
     Звіняць ёй завушніцы
     Ўсё пра маё каханне.
     
     Песня. В.Мулявін - М.Танк
     
     Гэтая казка на рускай мове
1.10.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100