Не радзіся красна, а радзіся шчасна - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Не радзіся красна, а радзіся шчасна
Не радзіся красна, а радзіся шчасна
     Прысвячаю маім дзеду Прохару і бабулі Арыне.
     
Штораніцы ў сотнях маленькіх і вялікіх азёр Беларусі з зараснікаў багавіння і трыснягу паварочваюць да сонца бліскучыя круглявыя галоўкі прыгожыя гарлачыкі, на пагорках і ў нізінах прачынаюцца велізарныя сівыя валуны, а на па прасторах раўнін ганарліва расхаджваюць даўганогія буслы. У такім цудоўным лясным краі з невялікага бярозавага гаю выцякае маленькі ручай.      Спачатку нясмела і няўпэўнена, а потым усё хутчэй і хутчэй празрысты ручай пракладае сабе дарогу праз палі і сенажаці, праз бярозавыя, яловыя і хваёвыя гаі гэтай багатай на расліннасць зямлі. Сотні падземных крынічак дапамагаюць яму, падсілкоўваючы рэчышча ручая ключавой вадой. І вось ужо нават не ручай, а сапраўдная рэчка плаўна цячэ па раўнінах, віхляе паміж пагоркамі, накіроўваючыся насустрач да магутнага і паўнаводнага Дняпра.
     Калісьці вельмі даўно хтосьці даў рацэ прыгожую назву – Бярэзіна. І нездарма. У гэтых месцах расце шмат белых бяроз. Ды і не толькі іх. Вось яшчэ адзін цуд – вялікае возера сярод ліпавых лясоў. Лепельскае, як яго тут завуць.
     Аднойчы я прагульвалася па беразе возера і любавалася галоўкамі-кошыкамі жоўтых і белых "лепелек" – гарлачыкаў, што распусціліся ў зарасніках трыснягу. Стаміўшыся, прысела адпачыць каля вялізнага каменя-валуна. Прыхінулася да яго цёпленькага, нагрэтага сонейкам боку і глыбока задумалася. Не ведаю, колькі часу я прабыла ў такім гіпнатычным сузіранні прыгажосці навакольнай прыроды: люстраной роўнядзі дзівоснага возера, блакітнага неба, белакрылых чаек. Мабыць, у мяне, зачараванай цудам дакранання да гэтага найстаражытнага валуна, і стварылася ўражанне казачнага чараўніцтва. Здавалася, што ў тыя хвіліны нейкай нерэальнасці хтосьці вельмі ціха распавёў мне дзіўную гісторыю …
     У даўнія часы на беразе ляснога возера стаяла маленькая вёсачка. Жыў у ёй прыгожы і вясёлы хлопец. Прохор быў не з нясмелага дзясятка, ды і на любую працу кемлівы. Падабаўся ён дзяўчатам. Сам жа не спяшаўся з выбарам. Вось толькі дзяўчаты ад яго не адставалі. Заўважаць стаў хлопец, што дзве маладзіцы асабліва моцна сохнуць па ім. Але што рабіць, якую з іх выбраць?
     Першую дзяўчыну звалі Ганнай. Высокая чарнабровая з русай касой прыгажуня не магла не спадабацца Прохару. Другая, Ірынка, не адрознівалася яркай прыгажосцю, але па-свойму таксама была прывабная. Ганна хлопца салодкімі гаворкамі зачароўвала, усмешкамі адорвала, звонкімі песнямі заваблівала і сама пра сябе лічыла, што не выстаіць перад яе прыгажосцю Прохар. Другая, Ірына, сціплая і ціхая, толькі сарамліва апускала закаханыя вочы пры сустрэчы з хлопцам.
     Ну, што тут казаць!
     Аднойчы, купаючыся ў лясным возеры, сарваў Прохар дзве лілеі – жоўтую і белую. Жоўтую паднёс Ганульцы, а белую – Ірынцы. Ганна, паглядзеўшы на жоўты гарлачык, адвярнулася і кінула яго на зямлю. Маўляў, знайшоў, што дарыць, нейкую азёрную слізь. Ірына, узяўшы ў руку белую лілею, далікатна пагладзіла яе пялёсткі і пацалавала кветку.
     Зразумеў хлопец, што ганарлівая прыгажуня Ганна не пара яму. І жаніўся з Ірынай, ветлівай і сціплай. А тая кветка – белая лілея – стала знакам і засцярогам іх кахання і шчасця…
     Але што ж было далей, як склаўся лёс у Ганны? Жоўты гарлачык не прынёс ёй шчасця. Знікла дзяўчына з сяла. Ніхто і не заўважыў, як гэта адбылося. Пагаворвалі, што ў роспачы, пайшла яна на бераг возера і са слязамі стала ўпрошваць стары валун, які ляжаў на беразе, ператварыць яе ў чайку. Доўга думаў сівы валун, пакуль вырашыў так зрабіць…
     І хто ведае, можа, сапраўды вунь у той белакрылай птушкі, што так звонка штосьці крычыць, лётаючы над Лепельскім возерам, і жыве душа ганарлівай прыгажуні Ганулі?
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
1.10.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100