Чакай мяне да вясны (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чакай мяне да вясны (казка)
Чакай мяне да вясны (казка)
Пасярод шырокага стэпу, там, дзе вецер ганяе пясок, і серабрыцца кавыль, рос самотны дубок. Аднаму Богу вядома, як сюды патрапіў маленькі жолуд. Што і калі занесла яго ў гэты неабжыты дзікі стэп. Над галавою маладога дрэўца часта шумеў і гуў моцны вецер, не шкадуючы, выгінаў тонкі, яшчэ не падужэлы ствол.      Аднак, нягледзячы на перашкоды, дубок падрастаў. Яго карані сілкавала зямля, дожджык паіў яго вадзіцай, а сонейка сагравала дрэўца сваім цяплом. Прайшлі гады. І з маленькага слабенькага дрэўца дуб ператварыўся ў магутнае вялікае дрэва.
     Увесь бязмежны стэп ганарыўся сваім скарбам. Дуб памужнеў, але пастаянная адзінота зрабіла яго маўклівым. Вялікую частку жыцця ён праводзіў толькі ў думках з самім сабой. За доўгія гады дуб прывык да дажджу і холаду, да засухі і дажджоў, навучыўся быць мужным і цярплівым, цвёрдым і цягавітым. Але не змог бы ён ніколі сведаць самага выдатнага пачуцця на свеце, пачуцця кахання, калі б аднойчы ўвесну не прыляцела да яго маленькая птушачка, не села б на яго галінку і не заспявала песеньку чыстым звонкім галаском.
     – Хто ты? – спытаў дуб. – Як завуць цябе, мілае стварэнне?
     – Пеначка. Я прыляцела сюды з далёкіх паўднёвых краёў. Вось гляджу я на цябе, дуб. Сам ты такі вялікі і магутны, а лісточкі ў цябе зялёныя і далікатныя! Мне здаецца, што ты вельмі добры і таму падабаешся мне. Хочаш, я застануся тут, з табой, і буду спяваць табе свае песні?
     Вядома ж, як было дрэву не пагадзіцца на гэта пасля такіх ласкавых слоў. З таго часу дуб-волат пасябраваў з маленькай пяюхай. Ён укрываў яе слабое цельца ад дажджу і пякучага сонца сваёй лістотай, а птушка ласкава спявала яму песні і сагравала душу.
     Усю вясну і ўсё лета яны правялі разам і сталі неразлучныя. Але надышла восень, і лістота на дубе пажоўкла. Ён, адчуўшы набліжэнне халадоў, быў вельмі засмучаны тым, што неўзабаве прыйдзецца растацца з дарагой сяброўкай. Але дуб разумеў, што калі птушачка застанецца, яна немінуча загіне, і таму параіў ёй ляцець у вырай, каб там перачакаць халады.
     – Ты ляці, ляці хутчэй! А аба мне не турбуйся. Я вытрымаю мароз і холад. Цяпер мне будзе лягчэй, бо я ведаю, што ты са мной і буду думаць пра цябе.
     І птушка паляцела. А дуб застаўся, але цяпер ужо не адзін. У яго душы захоўвалася памяць аб ёй. Дуб памятаў звонкі ласкавы голас сваёй сяброўкі і яе пяшчотныя словы. Таму ўсе доўгія халодныя дні і ночы ён будзе сагрэты яе дыханнем і чаканнем будучай сустрэчы.
     
     Гэтая казка на рускай мове
25.08.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100