Чароўная Скрыпка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўная Скрыпка
Чароўная Скрыпка
Жыў калісьці на свеце вельмі добры чалавек. Была ў яго прыгожая і ласкавая жонка. У іх хаце заўсёды гучала музыка, таму што ў жанчыны быў прыгожы голас, і яна любіла спяваць. Побач з такой жонкай чалавек адчуваў сябе шчаслівым і думаў, што яго шчасцю ніколі не будзе канца. Але лёс распарадзіўся інакш. У адзін з непагодлівых дзён яго жыцця каханая жоначка раптам памерла, пакінуўшы яго ў поўнай адзіноце. Зажурыўся чалавек, засмуціўся. І жыццё стала здавацца не вясёлым і добрым, а цяжкім і нешчаслівым. Людзі раілі яму знайсці сабе другую жонку. Але ён ведаў – такую, якая ў яго была, яму не знайсці. Усе шкадавалі ўдаўца, і ішла пра яго па ўсёй акрузе гаворка, як пра няшчаснага гаротніка.      Чалавек той быў Музыкам. Ён умеў іграць на розных інструментах. Але цяпер з яго хаты рэдка даносілася музыка. Навошта іграць, калі слухаць яе і спяваць песні няма каму. Вось так і жыў Музыка адзін у апусцелай хаце. Здароўе яго пачала псавацца, і ён хутка пастарэў. А гарбатая старая, смерць, узрадавалася і стала зазіраць у вокны, як бы прымяраючыся, ці хутка яна зможа забраць няшчаснага гаротніка да сябе.
     Музыка верыў у Бога, часта маліўся і прасіў у Яго дапамогі. Аднойчы ў сваёй малітве ён з надзеяй у сэрцы папрасіў Бога паслаць яму для суцяшэння сябра, які змог бы вярнуць яго хаце тыя песні, якія калісьці спявала любімая жонка. Чалавек так доўга, з такой роспаччу маліў аб дапамозе, што Бог пашкадаваў няшчаснага і вырашыў падарыць яму нябачаны нікім дагэтуль інструмент.
     Белакрылы Анёл прынёс яго і схаваў у маленькай хатцы на вяршыні самай высокай гары. А таму што нікому не вядомы інструмент валодаў некаторым чараўніцтвам свайго гучання і быў сапраўдным скарбам, хатку Анёл зачыніў не звычайным, а спецыяльным ключом. Глыбокай ноччу пасланец Бога спусціўся з нябёсаў і паклаў загадкавы ключ побач з ложкам Музыкі.
     І вось сніцца чалавеку сон, быццам прыйшоў да яго Бог і кажа:
     – Вазьмі гэты ключ і ўзбірайся на самую высокую гару, куды яшчэ ніхто ніколі не падымаўся. Калі дабярэшся да вяршыні, убачыш маленькую хатку, адчыніш дзверы і знойдзеш тое, што ты вельмі жадаеш знайсці.
     Прачнуўся чалавек, сцёр з ілба кроплі начнога поту і адчуў сябе памаладзелым і бадзёрым. На душы ў яго радасна і спакойна, быццам на шчасце. Агледзеўся ён і ўбачыў перад сабой дзвярны ключ. Музыка ўзяў яго ў рукі і адправіўся шукаць тую самую чароўную гару. У мясцовасці, дзе ён жыў, было шмат розных гор, але чалавек выбраў самую высокую і недаступную, як загадаў Бог. Падышоў да яе падножжа і думае, як жа забрацца на самы верх?
     Раптам бачыць – ляціць зоркі Сокал. І спытаў у яго Музыка, ледзь схіліўшы галаву для ветлівага паклону:
     – Скажы мне, ясны Сокал, ці сустракаў ты на вяршыні гэтай гары маленькую хатку?
     – Так, – адказваў яму Сокал, – сустракаў. Але тая хатка зачынена на ключ, і не зразумела, хто ў ёй жыве.
     – Мне вельмі трэба дабрацца туды. Усярэдзіне хаткі зачынена маё шчасце! – усклікнуў Музыка.
     – Калі так, – задумаўся ясны Сокал, – я дапамагу табе. Зараз я палячу ў гару, а ты убачыш, што знізу па маіх слядах пабяжыць крыштальная лесвіца, абрамленая золатам. Падымайся па ёй, пакуль не дасягнеш вяршыні.
     Як толькі Сокал узмахнуў крыламі і адарваўся ад зямлі, ля падножжа чароўнай гары з'явілася цудоўная лесвіца. Яна асляпіла вочы бляскам крышталю і каштоўных камянёў. Але Музыка быццам і не заўважаў усяго гэтага нябачанага багацця, не захацеўшы падняць ніводнай крупінкі бліскучых рубінаў, дыяментаў і ізумрудаў. Ён хутка і ўпэўнена ішоў па лесвіцы да сваёй мэты, хаткі, у якой яго чакала страчанае калісьці шчасце.
     Чалавек падымаўся ўгару, а вакол яго рассцілаліся бязмежныя нябесныя прасторы, і штосьці далікатна напяваў ветрык. Ручайкі, якія беглі ўніз па схіле гары, весела журчалі на розныя галасы, а горныя козачкі ў такт ручайкам пастуквалі звонкімі капыткамі. І толькі калі дзіўная лесвіца прывяла чалавека на вяршыню гары, ён убачыў маленькую хатку з блакітным дахам і белымі дзверцамі, размаляванымі тонкімі лініямі, быццам ліст нотнага сшытка. Музыка зазірнуў у акенца, і яму здалося, што знутры даносіцца нечы тоненькі галасок!
     – Гэта голас майго добрага сябра! – зразумеў чалавек.
     Але як адчыніць дзверы хаткі, калі ў ёй няма нават замочнай шчыліны? Аднак, разглядзеўшы намаляваныя на дзвярах нотныя лініі, Музыка здагадаўся, дзе месца яго ключу. Такі ключ, які па форме нагадвае музычны, павінен размяшчацца на пачатку нотнага рада!
     Толькі калі чалавек прыклаў ключ да нотных ліній так, як належыць, і як малююць яго ў нотных сшытках, чароўныя дзверы павольна адчыніліся. І ласкавы голас незнаёмага інструмента папрасіў чалавека:
     – Калі ліска, вазьмі мяне з сабой! Я, Скрыпка, стану тваёй надзейнай сяброўкай на ўсё жыццё!
     – О, маё шчасце! – усклікнуў Музыка.
     Ён узяў Скрыпку ў рукі, вынес з хаткі на сонечнае святло і зразумеў, наколькі яна цудоўная! У гэта імгненне чалавеку здалося, што Скрыпачка жывая. Ён прыціснуў яе да сваіх грудзей і адчуў прыемнае цяпло. А калі крануў смычком струны, то ён сам, горы і нябёсы пачулі цудоўныя гукі чароўнага інструмента!
     – Які выдатны голас! – дзівіліся горы.
     – Хто гэта спявае? – дапытваліся аблокі.
     – Якая прыгожая мелодыя! – захапляліся птушкі.
     А па ўсёй акрузе ад вяршынь гор да іх падножжа разліваўся чысты і пяшчотны голас чароўнай Скрыпкі. У гэтым голасе былі чутныя галасы птушак, звонкае журчанне ручайка, свіст ветру. Але сам Музыка зведаў у гучанні дзіўнага інструмента голас сваёй горача каханай жонкі. Спускаючыся ўніз па прыступках крыштальнай лесвіцы, Музыка, не перастаючы, іграў і іграў на маленькай Скрыпачцы, і яе жывы голас гучаў у яго душы, вяртаючы ёй забытае шчасце і радасць.
     Але не толькі Музыка, усякі чалавек, каму давялося ўпершыню пачуць голас чароўнай Скрыпкі, на ўсё жыццё зачароўваўся яе найдалікатным і найпрыгожым гучаннем. Усім захацелася, каб у іх хатах быў такі выдатны інструмент. Майстры з залатымі рукамі і гарачым сэрцам ішлі ў лес, інтуітыўна знаходзілі пявучую драўніну елак і клёнаў і выточвалі з яе інструменты, як дзве кроплі вады падобныя на той, які калісьці падарыў Музыку сам Бог. Неўзабаве па ўсёй Зямлі з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход загучалі галасы скрыпачак, зробленых выдатнымі майстрамі. Гэта былі чароўныя галасы, якія дарылі свету сваю пяшчоту, чысціню і цеплыню.
     З таго часу прайшло шмат гадоў. Людзі прыдумалі іншыя музычныя інструменты. Але ніводзін з іх ніколі не зможа параўнацца з маленькай чароўнай Скрыпачкай – царыцай музыкі і сяброўкай любой самотнай душы.
     
     Гэтая казка на рускай мове
15.08.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100