Маленькі Карасік і яго нябесны сябар Мастак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маленькі Карасік і яго нябесны сябар Мастак
Маленькі Карасік і яго нябесны сябар Мастак
У невялікай сажалцы жыла сям'я карасёў: мама, тата і маленькі Карасік. Ён нарадзіўся ўлетку, за восень падрос і ўжо набраўся адвагі, каб плаваць самастойна без мамы і таты. Але настала зіма, і мама сказала, што зараз да вясны ім прыйдзецца плаваць унізе, ля самага дна сажалкі, і нават закопвацца ў пясок, каб не змерзнуць.      Карасіку ўсё гэта не вельмі падабалася. "Навошта прыйшла халодная зіма са снегам і лёдам, – думаў Карасік, і яго лобік моршчыўся ад смутку. – А мне так хочацца паглядзець, што робіцца цяпер там, наверсе! Тата казаў, што яшчэ не ўся сажалка пакрылася лёдам". І вось, аднойчы, Карасік адважыўся і паплыў наверх, туды, дзе было намнога святлей і цікавей. Толькі некалькі ўзмахаў хвосцікам, і жвавы Карасік ужо наверсе. Вось ён высунуў з вады цікаўную галоўку з вялікімі здзіўленымі вачамі. Маленькі Карасік агледзеўся і ўбачыў, што вада на паверхні сажалкі дзе-нідзе пакрылася тонкай плёнкай лёду, а яшчэ вышэй, у шэрым небе за бэзавай смугой, свеціцца нейкі круглы шар.
     – Што гэта? – не зразумеў Карасік.
     – Гэта Месяц! – нібы рэха раздаўся з неба нечы голас.
     – А што, Месяц таксама пакрываецца лёдам, як і мая сажалка? – спытаў Карасік у нябачнага незнаёмца.
     – Не! – адказаў той жа голас. – Гэта шызыя аблокі яго ўхуталі.
     – Я вельмі хачу, каб Месяц асвятліў маю сажалку! – папрасіў Карасік.
     – Тады я прыму аблокі, – сказаў голас, падобны на рэха.
     Карасік паглядзеў на Месяц і ўбачыў, як нечая нябачная рука рассунула каламутныя аблокі і зняла іх з паверхні Месяца. Месяц заблішчаў, і па сажалцы пабегла яркая серабрыстая месяцовая дарожка.
     – Як хораша! – зачараваўся Карасік. – Значыць, ты – Чараўнік, раз умееш рассоўваць аблокі!
     – Не, – адказаў голас-рэха. – Я – не Чараўнік, а Нябесны Мастак. Я размалёўваю аблокі, але не магу размаляваць сябе, таму ты мяне не бачыш.
     – Шкада, – сказаў Карасік. – Але я ўсё роўна хачу з табой сябраваць. Хутка маю сажалку зіма накрые тоўстым лёдам, і я да самай вясны не змагу пагаварыць з табой. А ты прыйдзеш сюды вясною размалёўваць неба?
     – Вядома!
     – Тады, да сустрэчы! – Карасік вільнуў хвосцікам і паплыў назад на дно сажалкі. Ён моцна змерз, і яму трэба было хутчэй сагрэцца.
     А Нябесны Мастак застаўся ў небе, каля аблокаў. Якім ён быў – падобным на Карасіка, на птушачку ці на чалавека – мы так і не даведаемся. Затое, мы ўбачым, што рабіў ён увесь час, пакуль ізноў не сустрэўся з Карасіком.
     Зімовымі вечарамі Нябесны Мастак размалёўваў снежныя хмары і аблокі ў цёмна-шэрыя, белыя і пунсовыя колеры.
     – Чаму пунсовыя, бо снег зусім не пунсовага колеру? – спытаеце вы.
     Так! Але сонца на захадзе свеціць прама на іх. А якога колеру сонца на захадзе? Ну, вядома, пунсовага. Таму, і гэтыя хмары трэба размалёўваць у пунсовы колер. Нябесны Мастак часам сам любаваўся тым, што намаляваў. Як прыемна бывае глядзець на цудоўныя каляровыя аблокі і хмары ў небе! Неба зімою таксама бывае сонечным і вельмі прыгожым, хоць дні ў гэтую пару года зусім кароткія.
     Прайшоў студзень, а за ім і апошні месяц зімы, люты. Карасік увесь час плаваў ля самага дна сажалкі і не бачыў яркага сонечнага святла. Узімку сонечным праменьчыкам было вельмі цяжка прабіцца скрозь тоўшчу снегу і лёду, якая накрыла ўсю сажалку зверху. Нарэшце прыйшла вясна. Прыпякло сонейка, і снег хутка растаў. А за ім і лёд на сажалцы ператварыўся ў талую ваду. І хоць яшчэ было даволі холадна, Карасік не ўтрымаўся і паплыў на спатканне са сваім сябрам, Нябесным Мастаком.
     А той ужо чакаў яго і ўвесь час глядзеў на сажалку.
     – Добры дзень, Карасік! – пазнаў ён свайго маленькага сябра. – Бачыш, ужо вясна! Як ты там, у сажалцы, не змерз?
     – Здароў! – радасна адказваў яму Карасік. – Нічога, хутка адагрэю сваю спінку на Сонейку.
     – А яна ў цябе ўжо стала аранжавага колеру! Але, праўда, гэта не я размаляваў цябе, – пажартаваў Нябесны Мастак. – Гэта Сонейка пастаралася!
     – Дзе ж твае аблокі! – спытаў Карасік.
     – Цяпер іх няма на небе. Я сцёр іх, таму што яны перашкаджаюць Сонейку саграваць змёрзлую зямлю і тваю сажалку.
     – Мне цікава з табой сябраваць! Цяпер я кожны дзень буду прыплываць на сустрэчу з табой, – паабяцаў Карасік.
     Ён уплыў пад ваду да сваіх бацькоў, каб распавесці ім, што іх сажалка ўжо амаль адтала, і можна перабірацца жыць наверх, бліжэй да Сонейка і аблокаў.
     
     Усю вясну, лета і восень дапытлівы Карасік будзе сустракацца са сваім сябрам, Нябесным Мастаком, які ведае столькі цікавага пра неба і аблокі! Ад яго Карасік даведаецца, якога колеру бываюць хмары на небе падчас навальніцы, колькі трэба розных фарбаў, каб размаляваць Вясёлку, што белыя пухнатыя аблокі могуць быць падобнымі на розных звяркоў і нават пачвар, што, часам, на небе з'яўляюцца тонкія, быццам зробленыя з пухнатых пярынак аблокі.
     Але, усё ж, самае галоўнае для Карасіка цяпер тое, што у яго жыцці з'явіўся вельмі добры і таленавіты старэйшы сябар, у якога можна шмат чаму цікаваму павучыцца!
     
     Гэтая казка на рускай мове
15.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100