Бабуліна Незабудка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бабуліна Незабудка
Бабуліна Незабудка
Сонечным вясновым дзяньком Сцёпка ішоў са школы ў выдатным настроі, бо заўтра – апошні дзень вучобы. "Ура! Летнія канікулы!" – радаваўся хлопчык. Хутка ён паедзе адпачываць да сваёй любай непараўнальнай Валянціны Іванаўны!      Валянціна Іванаўна – гэта Сцёпкіна бабуля. Яна жыве ў вёсцы. На летнія канікулы хлопчык заўсёды ездзіць да яе ў госці на цэлае лета, і яму гэта вельмі падабаецца. І не толькі таму, што ў яго там ёсць сябры, з якімі ён усю зіму перапісваецца па інтэрнэце. Самае важнае тое, што бабуля ў Сцёпкі выдатная, і ён вельмі любіць яе.
     Яна ніколі не маркоціцца, нават калі ў яе што-небудзь баліць. Бабуля ведае мноства цікавых гісторый і казак. Яна вучыць Сцёпку правільна гаварыць і пісаць. І гэта не дзіўна. Калісьці Валянціна Іванаўна была настаўніцай у школе. А цяпер яна на пенсіі. "Іванаўна", так клічуць яе суседкі. Сцёпку гэта трошкі крыўдзіць. Неяк ужо вельмі проста гучыць. "Валянціна Іванаўна" – куды лепш і паважлівей.
     – Іванаўна! Глядзі, твае куры ў маім гародзе! – крычыць суседка злева. І бабуля бяжыць выганяць курэй.
     – Іванаўна! Твая каза на сенажаці бляе, – і бабуля ідзе глядзець, што ж там здарылася з яе козачкай.
     Вось такое гэта клапотнае жыццё ў вёсцы. То градкі, то куры і гусі, і сабаку з кошкай трэба накарміць. Але Сцёпкіна бабуля ўсё паспявае. Ды і ў хаце ў яе поўны парадак. Рэчы не раскіданы па пакоі, як парой бывае ў хлопчыка, пасуда вымыта, а на сцяне цікае і цікае старадаўні яшчэ прадзядулін гадзіннік.
     – Бом, бом, бом … – кожную гадзіну адбівае гадзіннік няўмольны бег часу.
     Так, так! Час бяжыць хутка. Унук сталее, а бабуля старэе. Вось і новае лета прыйшло. Заўтра Сцёпка прыбярэ са свайго стала ўсе дакучлівыя сшыткі і падручнікі і тады…! Ён уздыхне поўнымі грудзьмі свежае п'янлівае паветра лета і паедзе адпачываць да бабулі. А там! Лес, рэчка, сябры! І кветнікі пад вокнамі бабулінай хаты з цудоўнымі півонямі, ружамі, лілеямі.
     Бабуля вельмі любіць кветкі. Не раз Сцёпка прыносіў ёй з лесу букет палявых кветак. Яна асцярожна ставіла яго ў вазачку з вадой і цалавала ўнука, прыгаворваючы:
     – Мая ласкавая разумнічка! Мая самая лепшая і прыгожая кветачка!
     Ну, што там казаць! Сцёпку так добра, так утульна і цёпла, калі побач родная бабуля!
     На крэсле ў яе хаце заўсёды сядзіць рыжы медзведзяня. Ён цацачны. Трохі патрапаны. Умее раўці, калі яго павернеш уніз галавой. Побач з медзведзянём часта ўсаджваецца чорная бабуліна кошка. Яна скручваецца ў клубок і зіхаціць вачамі.
     – Бабуля! Навошта табе гэтае медзведзяня? – пытае ўнук.
     – Як навошта? Гэта мой любы Татошка. З ім яшчэ твой тата гуляў, калі быў зусім маленькім хлопчыкам. Я яго берагу!
     Так! Бабуля ў Сцёпкі такая! Яна любіць захоўваць старыя рэчы. Вось і кніжная паліца ў яе забіта старымі кнігамі. Парой яна іх чытае ўслых, вышукваючы што-небудзь цікавае для ўнука. А Сцёпка? Ён не вялікі ахвотнік да такіх "папяровых" кніг. Калі толькі да прыгодніцкіх, тыпу – "Тры мушкецёра" А. Дзюма ці "Коннік без галавы" М. Рыда. У хлопчыка ёсць камп’ютэрныя электронныя кнігі, фільмы і гульні.
     "У нядзелю паеду да бабулі, – вырашыў Сцёпка. За успамінамі і думкамі ён і не заўважыў, як апынуўся каля сваёй хаты. – Мне трэба абавязкова што-небудзь прывезці бабулі. Але што?" Паабедаўшы, хлопчык дастаў свае зберажэнні (ён збіраў гэтыя грошы спецыяльна для падарунка) і пайшоў у супермаркет. Падарунак не прымусіў сябе доўга шукаць. Сцёпка ўбачыў гэтую кветку і адразу ж вырашыў, што купіць яе. (бабуля так любіць кветкі і цацкі!). Вялікая і прыгожая з блакітнымі пялёсткамі і жоўтым асяродкам, кветка глядзела на хлопчыка і ўсміхалася…
     У нядзелю пад вечар Сцёпка ўжо стаяў на парозе бабулінай хаты. Ён асцярожна дастаў кветку з пакета і пазваніў у дзверы. Вы б бачылі, колькі радасці было ў гэты вечар у бабулінай хаце! Валянціна Іванаўна частавала дарагога ўнука, і яны гаварылі не змаўкаючы. Столькі навін сабралася за цэлы год!
     А кветка, "мая дарагая Незабудка", так адразу ж ахрысціла яе бабуля, стаяла на сваёй доўгай ножцы ля акна, дзе яе беражліва паставіла бабуля, і весела пазірала на іншыя кветкі. А яны, у сваю чаргу, таксама з усіх бакоў разглядвалі незнаёмку.
     – Ты такая вялікая! – дзівіліся кветкі, якія раслі ў вазонах на падаконніку, цацачнай кветцы.
     – Так! Я вялікая Незабудка! – ганарліва адказвала цацачная кветка.
     – А такія хіба бываюць? – не сцішаліся хатнія кветкі.
     – Бом-Бом, Бом-Бом…, – адбіў дзесяць гадзін вечара насценны гадзіннік. – Бываюць, вядома! Бом-Бом! Калі кагосьці вельмі кахаеш, тое нават штосьці самае маленькае можа стаць самым вялікім, самым дарагім і самым прыгожым. Вось і Сцёпкіна кветка з маленькай незабудкі ператварылася ў вялікую Незабудку. І ўсё з-за вялікага кахання, Бом-Бом, усё з-за яго, Бом-Бом, Бом-Бом…
     
     p.s. фото Алексея Кудрявцева.
     
     Гэтае апавяданне на рускай мове
15.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100