Запаслівы Слонік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Запаслівы Слонік
Запаслівы Слонік
У дзіцячым пакоі пазбіралася шмат цацак. Напярэдадні, увечар, хлопчык Міколка гуляў з імі, але потым забыўся пакласці на месца. Так і засталіся ляжаць цацкі па розных кутах пакоя. Цяпер жа хлопчыка ў хаце не было. На досвітку ён паехаў з мамай на дачу, таму што у горадзе стаяла жудасная летняя спякота. Там, недалёка ад дачы, цячэ рака. Міколка, вядома ж, адразу, як толькі прыехаў, пайшоў разам з мамай да ракі, каб выкупацца ў прахалоднай вадзе.      А тым часам цацкі ў яго гарадскім пакоі паміралі ад спякоты. Гарачымі прамянямі сонца свяціла прама ў акно, і ад спякоты не было ніякага выратавання.
     – Фу-ў-у! – маленькі сінявокі Чабурашка сцёр з ілба пот. – Як горача!
     Чабурашка памацаў на грудзях свой карычневы пухнаты кажушок, а ён такі тоўсты, і яго ніяк не зняць!
     – Я таксама ўся запарылася. Хоць у мяне і няма такога цёплага кажушка, як у цябе, – сказала зялёная пластмасавая Кобра. – Вось бы зараз паесці ці папіць чаго-небудзь халоднага!
     – І мне горача, – прызналася белая фарфоравая Жаба.
     А блакітны пластмасавы Слонік зірнуў на порцыі марожанага, якія ён чамусьці заўсёды насіў з сабой. Спагадлівы Слонік падумаў: "Вось узяў бы і з'еў гэтае марожанае адзін і нікому нічога не сказаў. Але я не магу так зрабіць, таму што Чабурашцы, Кобры і Жабе яшчэ гарачэй, чым мне. Міколка кінуў іх на самым сонцы, а ў мяне тут, пад ложкам, цянёк, і скразняк ідзе з-пад дзвярэй".
     І тады Слонік гучна сказаў:
     – Хочаце марожанага!
     – Вядома, хочам! – абрадаваліся цацкі. Яны ўспомнілі, што Слонік заўсёды насіў з сабой тры порцыі марожанага.
     – Ты малайчына, такі запаслівы! – пахвалілі цацкі Слоніка.
     Чабурашка, Кобра і Жаба ў адзін момант праглынулі марожанае. Яны нават нават забыліся сказаць свайму выратавальніку слова “дзякуй”! Аднак, Слонік не пакрыўдзіўся на сяброў. Яму нават было прыемна, што яго марожанае нарэшце спатрэбілася, і ён змог зрабіць добрую справу – дапамагчы Чабурашцы, Кобры і Жабе ў такую спякоту.
     
     Гэтая казка на рускай мове
14.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100