Жабяня Квакша і яго дом - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Жабяня Квакша і яго дом
Жабяня Квакша і яго дом
Жылі-былі маленькае жабяня Квакша і яго вялікая сям'я ў сваім жабіным доме. А домам для іх служыла самае звычайнае лясное балота, якое пазарастала мохам, папараццю, трыснягом і блакітнымі незабудкамі. Усе сваякі маленькага Квакшы былі жабамі: жаба-мама, жаба-тата, жаба-бабуля, жаба-дзядуля. Па вечарах, перш, чым легчы спаць, жабы любілі паглядзець на заход сонца і пагаварыць пра сваё доўгае і шчаслівае жыццё ў родным балоце. Наквакаўшыся, усё дружнае сямейства хутка засынала, вось толькі маленькі Квакша не спаў. Ён сядзеў на беразе балота, глядзеў на зоркі і марыў пра вандроўкі ў новыя цікавыя мясціны.      Побач з балотам пралягла лясная сцяжынка. Квакша глядзеў на яе і думаў: "Калі я пайду па гэтай сцяжынцы, то абавязкова патраплю ў яшчэ незнаёмае мне месца на Зямлі. І тады я забудуся пра наша сумнае старое балота".
     І вось аднойчы малы адважыўся і ўцёк з хаты. Радасны і шчаслівы скача ён па той самай лясной сцяжынцы і весела песеньку спявае:
     Я адзін цяпер жыву.
     Ква, ква, ква!
     Весялюся, не тужу.
     Ква, ква, ква!
     Тая жабіна сям'я
     Ква, ква, ква!
     Зусім не мая.
     
     Скакаў Квакша па сцяжынцы, скакаў цэлы дзень да самага вечара. Стаміўся, лапкі яго забалелі, і горлачка перасохла. Але няма побач з ім роднага балота, няма каму жабяняці накарміць, вадзіцаю напаіць. Нічога не паробіш! Лёг малы на траўку, накрыўся лісцікам лопуху і заснуў. Раніцай ён прачнуўся ад нейкага шуму. Глядзіць, вакол яго мурашкі поўзаюць, іголкі і травінкі збіраюць. А потым цягнуць іх у сваю хату – мурашнік.
     – Што гэтыя вы робіце? – спытаў Квакша.
     – Як што? Мы мурашнік рамантуем. Сцены ўмацоўваем так, каб узімку нам у ім было цёпла і ўтульна.
     – Цікава, – падумаў Квакша. – А мой тата наш дом умацоўвае?
     Раптам яму неяк сумна стала. Відаць, знудзіўся ён па свайму дому. Паскакаў Квакша яшчэ далей па лясной сцяжынцы. Бачыць, Смоўж паўзе і за сабой ракавіну цягне.
     – І навошта табе гэтая ракавіна? – спытаў Квакша ў Смоўжа.
     – Як навошта? – здзівіўся Смоўж. – Гэта ж мая хата! Калі стамлюся, я схаваюся ў ёй і адпачну.
     І зноў малы ўспомніў сваё роднае балота. Пабег ён па сцяжынцы яшчэ далей. Глядзіць, птушачка ў траве сядзіць, доўгім хвосцікам махае.
     – Як цябе клічуць, птушачка? – пацікавіўся Квакша.
     – Сітаўка. А ты хто такі?
     – А я – Квакша, жабяня.
     – Глядзі, жабяня! Вось на гэтым дрэве маё гняздо, – паведаміла Сітаўка.
     – А што такое гняздо? – запытаўся Квакша.
     – Гэта хата мая і маіх птушанят. Вось знайду чарвячка і аднясу ім.
     І Сітаўка паляцела шукаць чарвячкоў. А Квакша задумаўся. Яму стала сумна і няўтульна ўдалечыні ад свайго дома, ляснога балота, і ён вырашыў вярнуцца. Малы Квакша зразумеў, што ўсё-такі лепш жыць разам з роднымі, чым аднаму.
     Павярнуў ён назад і пабег па сцяжынцы да свайго балота, напяваючы вясёлую песеньку, але ўжо зусім па-іншаму:
     Дзесьці ёсць на свеце дом.
     Ква, ква, ква!
     І жывуць жабы ў ім.
     Ква, ква, ква!
     Гэта дружная сям'я
     Ква, ква, ква!
     Мая!
     
     Каля балота яго сустрэлі ўсхваляваныя мама, тата, бабуля і дзядуля. Яны не ведалі, дзе дзелася іх маленькае жабяня, цэлы дзень шукалі яго і не маглі знайсці. Квакша доўга прасіў у родных прабачэння за свой неабдуманы ўчынак, за тое, што ён уцёк, не параіўшыся са старэйшымі.
     Вядома, гэтае першая ў жыцці вандроўка жабяняці не будзе апошняй. У сваім жыцці Квакша здзейсніць яшчэ шмат займальных падарожжаў. Магчыма, ён адправіцца ў іх разам са сваімі роднымі альбо сябрамі. Малы Квакша зразумеў галоўнае – лепш роднага дома няма нічога на белым свеце!
     
     Гэтая казка на рускай мове
     
     p.s. На фото "Лягушонок" - работа мастера Алексея Лябика, Острошицкий городок.
14.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100