Старадаўняе паданне Алтайскіх стэпаў - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Старадаўняе  паданне Алтайскіх стэпаў
Старадаўняе паданне Алтайскіх стэпаў
У тых вельмі прыгожых мясцінах, пра якія пойдзе гаворка ў гэтай казцы, у зялёных далінах, заслоненых ад халодных вятроў хрыбтамі Алтайскіх гор, растуць ліставыя і хваёвыя лясы, а поруч з імі шумяць горныя рэкі, сінеюць азёры, яшчэ далей рассцілаюцца стэпы, над бязмежнымі абшарамі якіх разліваюцца песні жаўрукоў – птушак сонца...      Калісьці даўно ў такой квітнеючай стэпавай даліне недалёка ад Алтайскіх гор размяшчалася невялічкае паселішча. У адной з яе бядняцкіх хацін у сям'і пастуха нарадзілася дзяўчынка. Ёй далі імя Зоя, што азначае Жыццё. З ранняга дзяцінства бацька браў дачку з сабой на пашу, куды ён выганяў пасвіцца статак авечак. Дзяўчынка палюбіла стэп за прыгажосць і прастор, за цудоўны водар стэпавай травы і кветак. А як падабаўся ёй спеў птушак, бо тут, у стэпы, кожны год іх сялілася так многа! Птушкі будавалі гнёзды і гадавалі птушанят, а Зоя слухала іх галасы і паступова пачала разумець, пра што яны гавораць. Неўзабаве дзяўчынка сама паспрабавала размаўляць на птушынай мове, і гэта ў яе атрымалася.
     Даведаўшыся, што ў дарослага Сокала захварэла птушаня, Зоя тут жа прыйшла яму на дапамогу. Лячыла і карміла яго, пакуль яно не падужэла. А калі птушаня падрасло і навучылася лётаць, то ўжо не змагло забыцца на сваю выратавальніцу і зрабілася для яе сапраўдным сябрам. Дзяўчынка брала Саколіка з сабой на шпацыры ў стэп і нават у горы. Там ім сустракаліся табуны коней. Але дзікія коні баязлівыя і асцярожныя, нават у выпадку крайняй неабходнасці не падыдуць да чалавека і не папросяць у яго дапамогі. Таму, яшчэ здалёк заўважыўшы Зою, коні заўсёды ўцякалі прэч.
     Аднойчы, калі малады Саколік адзін без сяброўкі лунаў над схіламі гор, ён заўважыў у табуне параненага жарабяці. Той кульгаў і не мог хутка бегчы. Нага ў жарабяці распухла і, відаць, моцна балела.
     Зразумеўшы гэта, Саколік спусціўся ніжэй і гучна крыкнуў, звяртаючыся да важака табуна:
     – У маёй вёсцы жыве дзяўчынка. Я ведаю, яна ўмее лячыць раны і зможа дапамагчы жарабяці. Калі жадаеце, я адвяду вас да яе.
     – А яна не пакрыўдзіць малога? – спытаў важак.
     – Не бойцеся. Гэта вельмі добрая дзяўчынка, – адказаў Саколік. – Калісьці яна выратавала мяне ад бяды.
     – Тады мы ідзём за табой! – крыкнуў важак, і ўсе коні паскакалі ў той бок, куды паляцеў малады Саколік.
     Зоя прыняла хворага, адвяла яму цёплае месца ў канюшні і пачала лячыць. Праз некаторы час жарабец акрыяў і змог лёгка ступаць на хворую нагу. Ён бегаў па вёсцы і зусім нікога не баяўся. Людзі, якія жылі побач з хацінай Зоі, дзівіліся, як змагла гэта дзяўчынка прыручыць дзікага каня, кулана. Вядома, што гэтыя коні вельмі баязлівыя і не падпускаюць да сябе людзей. А жарабец ужо не раставаўся са сваёй выратавальніцай, ён вельмі моцна прывязаўся да яе. Як агеньчыкі радасна зіхацелі яго вочы, таму Зоя і клікала яго – мой Агеньчык!
     Аднак, шчасце не бывае бясконцым. Неўзабаве нечая ліхая рука захацела разлучыць Агеньчыка і яго выратавальніцу. Неяк міма вёскі праязджаў багаты купец са сваёй світай, ён вёз дарагія пакупкі з далёкага Кітая. Убачыў купец прыгажуна жарабца і пазайздросціў яго гаспадыні, бо ў яго самога не было такога моцнага і прыгожага каня. Пад'ехаў купец да хаціны, дзе жыла дзяўчынка, каб упрасіць прадаць яму каня.
     – Я дам табе найтанчэйшага кітайскага шоўку на дарагі ўбор, а ты аддай мне гэтага каня, – прасіў купец.
     – Не, я не магу прадаць вам майго Агеньчыка, – сказала дзяўчынка. – Ён мой сябар, а сябры не прадаюцца.
     Багатаму купцу прыйшлося ні з чым паехаць дадому. Але гэты прагны чалавек затаіў хітры і дзерзкі план – як выкрасці ў беднай дзяўчынкі яе каня. Паехалі яны далей па абярэжку стэпу. І як толькі караван схаваўся за першым узгоркам, купец тут жа спыніўся на начлег, а слугам загадаў: калі сцямнее, і ўсе ў вёсцы ўлягуцца спаць, паціху падкрасціся да халупы пастуха і выкрасці маладога жарабца.
     – Толькі вы павінны завязаць яму вочы, каб конь не запомніў зваротнай дарогі! – строга сказаў купец.
     І вось калі сонца пайшло за гарызонт, а ў вёсцы ўсё змоўкла, слугі купца пракраліся ў канюшню і, накінуўшы каню на галаву чорны мяшок, павялі яго за сяло, а потым пагналі яшчэ далей, у тыя месцы, дзе жыў купец.
     Як жа конь дазволіў незнаёмым людзям так проста ўкрасці сябе з роднай хаты? Вядома ж, ён супраціўляўся і крычаў, але слугі завязалі яму храпу, сціснуўшы зубы так, што конь не змог нават паварушыць імі. Толькі не ўсё так проста адбываецца ў жыцці, і кепскія справы не застаюцца незаўважанымі. Вось і гэтае зладзейства было заўважана адразу. Белакрылы Анёл падляцеў да Саколіка і разбудзіў яго! "Ляці за імі! – шапнуў ён птушцы. – Ратуй каня!"
     Раніцай Зоя, даведаўшыся пра згубу жарабца, доўга плакала. Але, выявіўшы, што і яе птушкі нідзе няма, дзяўчынка здагадалася, што Саколік не пакінуў Агеньчыка ў бядзе і паляцеў услед за ім.
     Некалькі дзён і начэй працягвалася вандраванне багатага купца. Вядома ж, ён не мог здагадацца пра тое, што нейкая птушка ўвесь час сочыць за імі і запамінае дарогу. Прыбыўшы на месца, купец завёў маладога жарабца ў самую лепшую стайню, і толькі тады з галавы жарабца знялі мяшок. А Агеньчык плакаў горкімі слязьмі, яму не патрэбныя былі ніякія заморскія пачастункі і падарункі. Ён хацеў, чаго б гэта ні каштавала, вярнуцца на радзіму да сваёй дарагой гаспадыні Зоі. Але як жа знайсці дарогу назад, калі ён нічога не бачыў?
     На шчасце, яго добры і адданы сябар быў тут жа, побач з ім. На адным са шпацыраў Агеньчык убачыў дарагую птушку! Так, гэта быў той самы Саколік, ён лётаў кругамі над канём, спрабуючы прыцягнуць да сябе ўвагу. Іх мова, мова сяброў, не была зразумелая слугам купца. Саколік растлумачыў жарабцу, як і калі яму можна будзе выбрацца са стайні купца. Адважная і лоўкая птушка сама, сваёй вострай і моцнай дзюбай, адсунула ўначы жалезную засоўку на дзвярах канюшні і выпусціла жарабца.
     Сябры паспяшаліся назад! Цяпер ужо ніякая пагоня не здавалася страшнай Агеньчыку, бо хутчэй ног маладога стэпавага кулана ў стайнях купца не знайшлося. І хоць дарога была няблізкая, хіба яна магла быць цяжкай для двух моцных і адважных, любячых адно аднаго сэрцаў!
     Птушка ляцела наперадзе і паказвала Агеньчыку дарогу:
     – Памятаеш вось гэтую сцежку? – звярнуўся Саколік да Агенькчыка. – Па ёй ты хадзіў, калі быў яшчэ малышом.
     " Як бы я хацеў убачыць іх, коней з майго табуна, і даведацца, ці жывыя яны!" – са смуткам у душы падумаў Агеньчык.
     А чулы Саколік, нібы адгадаўшы думкі свайго сябра, весела прамовіў:
     – Не турбуйся, Агеньчык! Вось вернемся дахаты і тады мы разам з нашай дарагой сяброўкай абавязкова адшукаем тваіх родных, і ты пабачышся з імі!
     
     Гэтая казка на рускай мове
13.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100