Шакаладная цацка да Каляд - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шакаладная цацка да Каляд
Шакаладная цацка да Каляд
Маленькае мястэчка на беразе шырокай ракі здаўна называюць трапятліва і ласкава Рэчачкай. Хто ж жыве ў гэтым мястэчку? Вы скажаце – рыбакі. Вядома, яны тут жывуць. А то, каму ж у рацэ лавіць рыбу. Але, мабыць, у гэтым мястэчку жыве таксама шмат іншых зусім розных па прафесіі і ўзросту людзей. І сярод іх ёсць дзеці.      Дзяўчынка Яна жыве на вялікай і шумнай вуліцы ў цэнтры мястэчка разам з мамай, татам, бабуляй і дзядулем. У іх доме знаходзіцца маленькая кандытарская фабрыка. Яніна сям'я вырабляе і прадае шакаладныя цукеркі. Галоўны кандытар у хаце – дзядуля. Ён навучыў шакаладнаму майстэрству ўсю сям'ю і Яну таксама. Учора дзяўчынка зрабіла з дапамогай дзядулі сваё галоўнае стварэнне – мядзведзя з цёмнага і вельмі цвёрдага шакаладу.
     Шакаладны Мішка, хоць ён і вялікая цукерка, разумее ўсё, пра што кажуць людзі, якія цяпер разглядаюць яго. Бабуля і мама захоплена шэпчуць Яне:
     – Ён такі прыгожы! На Каляды мы яго паставім пад Ёлку.
     Але тата гучна пярэчыць:
     – Навошта! Яго трэба прадаць. Да Каляд Яна слепіць яшчэ лепшага мядзведзя ці зайца, і ў гэтым ёй дапаможа дзядуля.
     Але Яне шкада прадаваць камусьці свайго першага шакаладнага Мішку, бо яна палюбіла яго адразу ж пасля таго, як ён з'явіўся на свет. І нават назвала Таптышкай.
     Раніцай наступнага дня ў краму зайшоў аднакласнік Яны, Лявон, разам з татам. Хлопчык загледзеўся на шакаладнага Мішку. Відаць было па ўсім, што смачная цацка яму спадабалася. Яна маўчала. Дзяўчынка не ведала, як ёй быць. Аддаць Лявону Мішку ці не?
     – Гэты ты яго зрабіла? – спытаў хлопчык.
     – Так, разам з дзядулем.
     – Скажы, колькі ён каштуе. Тата купіць мне яго, я папрашу.
     – Але ён не прадаецца.
     – Шкада.
     – Чаму не прадаецца? Яна, ды аддай ты Лявону мядзведзя ў падарунак да Каляд. Ён жа не сапраўдны, а толькі шакаладны, – прапанаваў тата.
     Так і вырашылі. І Мішка, пагрузіўшыся ў падарункавую скрынку, адправіўся на кватэру да Лявона. Налюбаваўшыся на "смачную цацку", хлопчык паставіў Мішку у вялікім пакоі на стол, на якім ужо красавалася маленькая, прыбраная да Каляд, штучная Ёлка. Затым хлопчык пайшоў у свой пакой. А ёлачныя цацкі, тым часам, пачалі з цікаўнасцю разглядаць незнаёмага госця.
     – Як цябе завуць? – спытала Снягурка.
     – Таптышка.
     – Ты шакаладны?
     – Так.
     – І вельмі смачны! – дадаў Гномік, хітра і загадкава ўсміхаючыся.
     – Небарака! Значыць, цябе, верагодна, хутка з'ядуць, – сумна здагадалася Снягурка.
     "З'ядуць? Няўжо? – падумаў Таптышка. – Не! Лепш я ўцяку з гэтай хаты!" І ён пабег на вуліцу. А там было сыра і холадна. Шакаладны Мішка пайшоў, куды вочы глядзяць. Але не паспеў ён і кроку ступіць, як быў падняты з зямлі нечай цёплай рукой.
     – Цікава! Як ён апынуўся тут? – гэта сказала бабуля Яны. Яна вярталася дахаты з поўнай торбай усякай ежы і, вырашыўшы, што свайго шакаладнага мядзведзя ўнучка проста страціла, панесла згубу дахаты.
     Але ў хаце ўсе былі здзіўлены. Як жа так? Раніцай Мішку аддалі Лявону, чаму ж хлопчык пакінуў яго на вуліцы?
     – Дачушка, схадзі заўтра да Лявона і разбярыся што гэта такое, – сказаў тата.
     А Яна і так усё зразумела, але нікому пра гэта не сказала. Дзяўчынка была задаволена тым, што яе любімы Таптышка збег ад Лявона. Таму што Яна разумела: Мішка – шакаладная цукерка, і хлопчык усё роўна з'еў бы яго. Але ж? Таптышка ўжо не зусім цукерка, бо ён усё разумее, і яго трэба ўспрымаць як жывую цацку!
     Назаўтра, Яна ўзяла Таптышку і пабегла да Лявона. Хлопчык усю раніцу шукаў Мішку па ўсёй кватэры, не разумеючы, куды ж ён знік. А калі Яна растлумачыла яму, што Таптышка – не простая цукерка, ён практычна жывая цацка, то і Лявон усё зразумеў. Дзеці вырашылі: яны не маюць права крыўдзіць свайго маленькага шакаладнага сябра. Няхай Мішка жыве ў вялікай кардоннай скрынцы побач з навагоднімі цацкамі. Тады кожны раз на навагодняе свята ён будзе радавацца разам з усімі, сустракаючы Новы год і Каляды каля прыгажуні Ёлкі.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
13.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100