Цікаўны Муравік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Цікаўны Муравік
Цікаўны Муравік
Маленькі, але вельмі цікаўны Муравік марыў аб вандраваннях. Ён часта збягаў з ляснога мурашніка далей ад мамы з татам, ад братоў і сястрычак, каб паглядзець, што ж робіцца на белым свеце. Аднак акрамя высокай травы, пяску і матылькоў у небе нікога не сустракаў. А яму так хацелася ўбачыць яшчэ што-небудзь хоць маленькае, хоць вялікае, але цікавае! Як жа дабрацца туды, дзе ўсё гэта ёсць, ён не ведаў.      "Можа, трава ведае?" – падумаў Муравік і спытаў яе пра гэта. Трава зашумела, расхвалявалася, успамінаючы сваё былое жыццё-быццё, а потым прашамацела:
     – Вельмі далёка адгэтуль ёсць вялікае і шырокае мора. Калісьці я расла ля яго берага, у вадзе. Тады мяне звалі Марской Водарасцю. Хоць гэта было даўно, але я яшчэ памятаю шум, плёскат марскіх хваль і салёны смак марской вады. Я нават памятаю бліскучых рыбак і медуз, якія плавалі побач. Мора часта выкідвала на бераг ракавінкі і гладкія рознакаляровыя каменьчыкі, а маленькія дзеці і нават дарослыя гулялі з імі.
     – Ах, як гэта цікава! – усклікнуў Муравік. – І мне б так хацелася пабываць там, дзе калісьці расла ты, высокая трава! Цяпер я ведаю, далёка адгэтуль ёсць мора. Яно вялізарнае, як цэлы свет!
     – Не! – запярэчыла маленькая жоўтая Пясчынка. Акрамя вады на Зямлі ёсць яшчэ і суша. Яе таксама вельмі шмат. Далёка адгэтуль нават ёсць сапраўдная пустыня. Калісьці даўно я жыла там. Але потым вецер прынёс мяне сюды.
     – Калі ласка, распавядзі мне пра пустыню, – папрасіў Муравік. – Якая яна?
     – Пустыня? Яна вельмі вялікая. У ёй жывуць мільярды такіх жа жоўтых пясчынак, як я. Сонца награвае іх, і тады ў пяску можна нават падпячы яечню.
     – Праўда? – здзівіўся Муравік. – А што там яшчэ ёсць?
     – У пустыні жывуць змеі, кактусы і нават вярблюды.
     – Як цікава! – захапіўся Муравік. – Пясчынка, раскажы мне пра іх.
     – Змеі – яны доўгія і ўмеюць закопвацца ў пясок, кактусы колюцца, а вярблюды плююцца. І яшчэ ў іх па два гарбы.
     – Няўжо? – зноў здзівіўся Муравік.
     Ён вельмі пашкадаваў, што і ў пустыню яму не дабрацца. А яшчэ ён прагаладаўся, і яму захацела спаць. Таму, развітаўшыся з высокай травой і Пясчынкай, маленькі Муравік пабег дахаты, у свой мурашнік.
     А там ужо зачакаліся яго. Мама з татам нават выялаялі яго за тое, што ён так доўга дзесьці прападаў.
     Уначы цікаўнаму Муравіку прыснілася сапраўднае вялікае мора і жоўтая пустыня. У гэтым моры плёскаліся цудоўныя бліскучыя апалонікі – рыбкі, падобныя да яго самаго, а па пустыні поўзалі вялікія калючыя кактусы, доўгія змеі і бегалі маленькія гарбатыя вярблюды.
     
     p.s. ілюстрацыя да казкі беларускай мастачкі Анастасіі Балыш
     
     Гэтая казка на рускай мове
13.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100