Новы год у арктычнай тундры - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Новы год у арктычнай тундры
Новы год у арктычнай тундры
На старой елцы ў тайговым лесе вісела шышка. Усярэдзіне яе яшчэ было досыць маленькіх зярнят, тых самых, якімі вельмі любяць ласавацца птушкі і вавёркі. А шышка марыла пра тое, што ніхто не з'есць яе зярнят, што яны патрапяць у зямлю, і тады з самага лепшага зерня вырасце маладая ялінка.      Напэўна, хтосьці там, у небе, пачуў яе запаветнае жаданне. Шышка раптам адарвалася ад галінкі і звалілася на зямлю. Потым здарыўся яшчэ адзін цуд. Наляцеў моцны вецер і панёс шышку далёка-далёка ў дзіўнае вандраванне па белым свеце.
     Магчыма, гэта здасца неверагодным, але ўсё так і было. Шышка ляцела вельмі доўга і зусім не разумела, куды ляціць. І толькі калі яна ўпала на зямлю ў незнаёмым месцы, вандроўніца агледзелася і зразумела, што ўжо ніколі не вернецца туды, адкуль прыляцела.
     На новым месцы яна не ўбачыла ніводнай ялінкі, і толькі цёплы мох на зямлі ўхутаў яе з ног да галавы. Тут, у моху, шышка і заснула. Колькі часу яна праспала, не вядома. Але адно самае цікаўнае зерня ўсярэдзіне шышкі не жадала спаць. Яно набрыняла ад вільгаці цёплага моху і прарасло! А потым з зямлі паказалася тоненькая сцяблінка. Яна глядзела на неба, сонца, зямлю і жмурылася ад яркага святла.
     Вы, дзеці, напэўна здагадаліся, што на свет радзілася маленькая Ялінка. Вядома ж, яна была яшчэ зусім слабенькай. Каб вырасці і падужэць, ёй патрабавалася цяпло. А месца на Зямлі, дзе яна прарасла, аказалася не такім ужо і цёплым. Гэта была запалярная Поўнач, тундра, дзе не растуць дрэвы. А калі і растуць, то іх зусім мала, і такіх густых лясоў, як у больш паўднёвых месцах нашай планеты, тут няма. Невядома, як далей склалася б жыццё ў Ялінкі, выжыла б яна ў халоднай тундры ці не, калі б яе не заўважылі тутэйшыя жыхары.
     Першай маленькую Ялінку разгледзела белая палярная Сава:
     – Што гэта? – Сава так пранізліва зірнула на Ялінку, што тая самлела ад страху.
     – Паглядзіце! – Сава запляскала крыламі. – Тут расце сапраўдная Ялінка!
     Неўзабаве, на крык Савы зляцеліся птушкі. Усе разглядвалі Ялінку і дзівіліся таму, як яна змагла з'явіцца тут, у далёкім Запаляр'і, дзе не растуць тайговыя дрэвы.
     – Мы будзем яе засцерагаць! – вырашылі птушкі.
     І ўсё кароткае палярнае лета, пакуль яны гадавалі ў тундры сваіх птушанят, Ялінцы было вельмі добра і цёпла. Птушкі ўкрывалі яе, як маленькага птушаняці, цёплым мохам і травінкамі. Але вось надышла восень. Падзьмулі халодныя арктычныя вятры. І птушкі, напаследак захінуўшы Ялінку самымі лепшымі і цёплымі птушынымі коўдрамі, паляцелі зімаваць на поўдзень.
     А Ялінка засталася. На шчасце, не ўсе птушкі паляцелі ў вырай. Сям'я тундравай Курапаткі засталася. Яе гняздо было на зямлі, недалёка ад Ялінкі. А калі выпаў снег, Курапатка зрабіла хатку пад снегам для сваёй сям'і, потым і Ялінку абсыпала снегам, усю, да самай верхавіны, вельмі строга загадаўшы ёй:
     – Глядзі ж! Не высоўвай свае далікатныя зялёныя лапкі на люты мароз, а то змерзнеш!
     І Ялінка ўсю халодную зіму ў Арктыцы паслухмяна праседзела пад снегам.
     Ішоў час. Дрэўца расло і набіралася сіл. Пералётныя птушкі, прылятаючы на лета ў тундру, каб вывесці і выгадаваць птушанят, клапаціліся і пра маленькую Ялінку, а зімою яе другой мамай станавілася Курапатка. За некалькі гадоў дрэўца яшчэ больш падрасло і падужэла. Цяпер нават лютай зімой яму сталі не страшныя моцныя ледзяныя вятры. Яго карэньчыкі прараслі глыбока ў зямлю і давалі моц ствалу і галінкам. Ялінка памужнела і ператварылася ў сапраўдную паўночную прыгажуню!
     Аднойчы Дзядуля Мароз, які жыў у гэтых халодных краях, выпадкова ўбачыў маладзенькую Ялінку і падумаў:
     – А ці не справіць мне навагодняе свята для звяркоў і птушак тут, каля гэтай прыгожай Ялінкі?
     І ён абвясціў усім жыхарам паўночнай тундры, каб яны рыхтаваліся да свята і прыбралі Ялінку.
     Як жа абрадаваліся маляняты такой прапанове Дзядулі Мароза! У іх, жыхароў далёкай поўначы, не так многа вясёлых і радасных свят, як у малянят, што жывуць на Поўдні. Усіх маленькіх лісянятаў, ваўчанятаў, пясцоў, аленянятаў, а таксама птушанят Савы і Курапаткі запрасілі Дзядуля Мароз са Снягуркай на Навагоднюю Ёлку. Яе ж упрыгожылі дарослыя птушкі, совы і курапаткі, навагоднімі цацкамі і цукеркамі, якія дала ім Снягурка. А зхатлівыя бліскаўкі і зіхатлівы чароўны дожджык Ялінцы падарыла Паўночнае Ззянне.
     Ніколі яшчэ дзеці звяркоў і птушак, жыхароў Арктыцы, не сустракалі Новы год з прыгажуняй Ёлкай! Дзядуля Мароз уручыў усім падарункі, а потым маляняты вадзілі вясёлы карагод вакол цудоўнай навагодняй Ёлкі і спявалі песні.
     З тых часоў так і павялося. Зімою падчас палярных начэй, калі ў небе запальваецца Паўночнае Ззянне, звяры, птушкі і іх маленькія дзеці сустракаюць Новы год са сваёй па-навагодняму ўпрыгожанай Ёлкай. А Дзядуля Мароз ніколі не забывае іх павіншаваць і падарыць падарункі. Ён вельмі рады, што цяпер у запалярнай Поўначы расце сапраўдная лясная прыгажуня, Ёлка, якая кожны раз, пад Новы год, ператвараецца ў цудоўную чараўніцу і дорыць усім жыхарам тундры вельмі многа адасці і шчасця!
     
     Гэтая казка на рускай мове
11.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100