Навагодні падарунак птушкам - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Навагодні падарунак птушкам
Навагодні падарунак птушкам
Гэтая гісторыя пра сучасную, а не казачную дзяўчынку Олю. Яна вучыцца ў трэцім класе. Колькі цікавага і новага для сябе яна ўжо адкрыла! Нягледзячы на тое, што вучыцца трохі цяжкавата, хадзіць на заняткі ў школу дзяўчынцы вельмі падабаецца. Там ў Олі шмат сяброў, і ёсць вельмі вялікае захапленне – яна любіць маляваць!      На вуліцы зіма. Набліжаюцца святы: Новы год і Каляды. У дзяўчынкі пачаліся зімовыя канікулы. Тата прынёс ёй з працы вялікі навагодні падарунак з цукеркамі ў маляўнічай кардоннай ўпакоўцы. Дзяўчынка разгледзела яе. Які яркі домік! Усе цукеркі падзяліла: сабе, тату, маме, бабулі.
     "Са скрынкі я зраблю домік для птушачак, – вырашыла Оля. – Ім цяпер холадна і голадна. Я ж буду карміць іх да вясны". Дзяўчынка акуратна выразала дзверцы, прывязала да вечка доміка вяровачку, паклала туды трохі хлеба і проса і панесла кармушку на двор.
     А ў двары – зімовая прыгажосць! Снег храбусціць, сонца свеціць! Оля падышла да дрэва і павесіла свой домік на галінку. Няхай вісіць – будзе птушачкам радасць, бо есці ў такой прыгожай хатцы вялікае задавальненне!
     Вось ходзіць Оля па двары і глядзіць – хто першы прыляціць у яе кармушку? А там ужо верабей. Скача, зярняты дзюбае. Затым прыляцеў другі верабей, трэці. І ўсю ежу хутка здзяўблі! Пабегла Оля дахаты за крупамі, ізноў насыпала іх у кармушку.
     Безумоўна, дзяўчынка засталася вельмі задаволена тым, што зрабіла такі патрэбны падарунак птушакам!
     Дома ўвечары Оля ўзяла фарбы і намалявала свой двор – яркі, сонечны, увесь у белым снезе. А на дрэве – казачная хатка з пачастункам для птушак, птушкі сядзяць у хатцы альбо побач з ёй. Яны ўжо зразумелі, што гэта ўсё для іх!
     Падышоў тата, каб паглядзець, чым займаецца дачка:
     – Малайчына, – пахваліў ён дзяўчынку, – што пра птушак не забылася і зрабіла ім падарунак да Новага года!
     А Оля слухала і ўсміхалася:
     – Дзякуй, тата, за пахвалу!
     
     Гэтая казка на рускай мове
11.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100