Гірлянды для Навагодняй Ёлачкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Гірлянды для Навагодняй Ёлачкі
Гірлянды для Навагодняй Ёлачкі
Набліжаўся Новы год. Горад, у якім жылі браты-двайняты Антошка і Алёшка, укрыла цудоўнае беласнежнае покрыва. А на гарадскіх вуліцах і пляцоўках ужо чакалі надыходу свята прыгажуні навагоднія Ёлкі, цацачныя Дзяды Маразы і Снягуркі, на будынках і ў вітрынах крам зіхацелі рознакаляровыя ілюмінацыі, шары і сняжынкі.      Толькі вось нашы хлопчыкі нічога гэтага не бачылі. Ужо больш тыдня яны не хадзілі ў падрыхтоўчую групу свайго дзіцячага садка, у кружкі і на прагулкі. Таму што прастудзіліся і замест займальных заняткаў цэлымі днямі пілі мікстуры і розныя вітаміны пад бабуліным кіраўніцтвам.
     Іх мама з самай раніцы бегла на працу, і толькі ўвечар яны паспявалі трохі пабалбатаць з ёю. Але невялічкую Ёлачку да Новага года матуля ім, вядома ж, ужо прыгатавала: купіла на ёлачным кірмашы і ўпрыгожыла разам з сынамі рознакаляровымі шарамі, каралямі, фігуркамі звяркоў і птушачак. Толькі вось чароўных сняжынак на Ёлачцы не было, гэтак жа, як і звычайных гірлянд з электрычных лямпачак. А дзецям так хацелася, каб мама купіла такія гірлянды і ўпрыгожыла імі Ёлачку перад новагоднім святам! Тады б і ў іх хаце лясная прыгажуня была б такой, якой яна бывае ў дзіцячым садзе. Але мама Антошкі і Алёшкі вельмі занятая, яна стамляецца на працы. Гэта бачылі дзеці і таму не адважваліся прасіць матулю з'ездзіць пасля працы ў краму, дзе прадаюцца навагоднія цацкі, каб купіць для Ёлачкі гірлянды.
     Позна ўвечар, лежучы ў ложках, хлопчыкі доўга не маглі заснуць. Яны глядзелі на Ёлачку, якая стаяла каля акна ў іх пакоі, удыхалі яе прыемны лясны водар і шапталі сваё самае запаветнае жаданне. Дзеці прасілі ў сапраўднага Дзядулі Мароза падарыць Ёлачцы гірлянды з рознакаляровых электрычных лямпачак.
     А Дзядуля Мароз, хоць у гэты час і быў далёка ад іх хаты, усё ж такі пачуў просьбу хлопчыкаў. Аднак прынесці ім гірлянды ён не мог. Таму што іх ужо даўно паразбіралі тыя дзеці, якія даслалі старому загадзя лісты поштай. Усё ж такі Дзядуля Мароз прыдумаў, як дапамагчы хлопчыкам і выканаць іх запаветнае жаданне. Ён чароўным спосабам і зусім непрыкметна прынёс ім зусім іншы падарунак...
     "Які ж ?" – спытаеце вы. Пра гэта мы зараз і даведаемся.
     Раніцай, пасля сняданку, на падаконніку свайго пакоя дзеці заўважылі незнаёмую скрыначку. Адчыніўшы яе, яны ўбачылі там прыладу для стварэння мыльных бурбалак!
     – Мама купіла нам яе і не сказала, – вырашылі хлопчыкі.
     – Бабуля! Глядзі, што мама купіла! – пахваліліся яны, заскочыўчы да бабулі на кухню.
     – Мама мне нічога пра гэта не казала, – прамовіла бабуля.
     – Тады хто ж нам прынёс гэтую прыладу? – спыталі дзеці.
     – Не ведаю. Можа, Дзед Мароз, – усміхнулася бабуля, гледзячы на ўнукаў.
     – Вось дык дзіва! – разам усклікнулі Антошка з Алёшкай і пабеглі да Ёлкі.
     – Дай мне пусціць! – вырывалі яны чароўную прыладу адзін у аднаго. – Глядзі, Ёлачка, якія ў нас зараз прыгожыя вялікія мыльныя бурбалкі атрымаюцца!
     Тут Антошка падзьмуў моцна-моцна! І адбыўся цуд – у яго атрымалася не бурбалка, а сапраўдны шар, вялікі, празрысты з перламутравым адценнем!
     Шар падляцеў да Ёлкі. А яна раптам паменшылася ў некалькі разоў і апынулася ўсярэдзіне яго. Затым шар падняўся ўгару і Ёлачка паляцела разам з ім праз фортачку на вуліцу!
     – Наша Ёлачка! Куды ты ляціш? – закрычалі здзіўленыя дзеці.
     Але Елачка не магла адказаць ім. Яна сама не ведала, што адбываецца. І толькі потым хлопчыкі заўважылі, што на скрынцы ад мыльных бурбалак было штосьці напісана. Дзеці прачыталі па складах:
     САКРЭТНАЯ ПРЫЛАДА ДЛЯ ДАСТАЎКІ НАВАГОДНІХ ЁЛАК НА МЕСЯЦ І НАЗАД
     – На Месяц? – здзівіліся хлопчыкі.
     І прачыталі далей:
     ДЛЯ АТРЫМАННЯ МЕСЯЦОВАГА ПАДАРУНКА.
     – Месяц штосьці падорыць нашай Ёлачцы! – здагадаліся дзеці.
     І прачыталі яшчэ далей:
     АТРЫМАЛЬНІКІ САКРЭТНАЙ ПРЫЛАДЫ ПАВІННЫ ЗАХОЎВАЦЬ ГЭТУЮ ТАЯМНІЦУ ДА НАДЫХОДУ НОВАГА ГОДА.
     Антошка і Алёшка пераглянуліся – значыць, маме з бабуляй нельга нічога казаць.
     А тым часам, у пакой да дзяцей увайшла бабуля і паклікала іх абедаць. На шчасце, яна нічога не заўважыла.
     Некалькі дзён дзеці, як маглі, хавалі ад мамы і бабулі згубу навагодняй Ёлачкі. Яны проста не пускалі іх у свой пакой, адцягваючы і адводзячы на кухню ці ў іншы пакой. А перад самым Новым годам здарыўся новы цуд. Ёлачка вярнулася. Яна прыляцела з неба ў тым жа шары. Як толькі Ёлачка апынулася ў дзіцячым пакоі, чароўны шар і сама прылада кудысьці зніклі, быццам іх зусім не было. Затое Ёлачка зноў стала таго ж самага памеру, і на ёй зазіхацелі навагоднія гірлянды!
     Аднак новенькія гірлянды з чароўных лямпачак былі зусім не падобныя на тыя, што прадаюцца ў крамах, і свяціліся неяк па-асабліваму. Быццам сам Месяц запальваў гірлянды, напаўняючы месяцовыя лямпачкі сваім дзівосным серабрыстым святлом!
     
     Гэтая казка на рускай мове
11.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100