Хутка Каляды! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хутка Каляды!
Хутка Каляды!
Хутка Каляды!      Гэтыя словы ўсё часцей і часцей гучаць то тут, то там. Іх кажа мама сваім дзецям, іх гавораць бабулі ў двары, ды і самі дзеці без канца паўтараюць гэта. Чароўнае свята азначае для іх яшчэ і пачатак доўгачаканых школьных канікулаў. Усе людзі спяшаюцца прывесці ў парадак хаты, упрыгожыць іх і прыгатаваць калядныя падарункі сваім блізкім.
     У хаце Янкі і Дашачкі ўжо пасялілася пахкая прыгажуня Ёлка. А на яе верхавіне маленькая Калядная Зорачка. Яна такая ж чароўная, як і нябесная. А калі дзеці ўключаюць рознакаляровыя лямпачкі, то ад такой дзіўнай прыгажосці немагчыма адарваць вачэй. Ёсць пад Ёлкай і Дзед Мароз са Снягуркай.
     Усё выдатна. Толькі вось сняжынкі на акне не сапраўдныя, і Мароз не змог размаляваць сваімі фантастычнымі ўзорамі ніводнага акна ў кватэры. Чаму? Ды таму, што Яго проста няма. За акном зіма, але не марозная і не снежная. Людзі ходзяць у восеньскіх паліто і туфлях, часта нават без галаўных убораў.
     – Сёлета будзе цёплы Новы год. Дрэнна, што няма снега! – кажуць яны адно аднаму.
     Маленькі цацачны Снегавічок, які мама нядаўна купіла дзецям, стаяў на акне і журыўся. Ён ведаў, што бываюць сапраўдныя снегавікі са снега, і яму вельмі хацелася з імі пасябраваць. Але дзе ж іх убачыць, калі снегу на дварэ няма?
     Неяк, позна ўвечар, калі ўсе спалі, Снегавічок расказаў сваю мару Зорачцы, што гарэла на верхавіне Ёлкі.
     – Я ведаю, – адказала яму Зорачка, – што снег ужо ляжыць на Зямлі. Хоць гэта вельмі далёка адгэтуль. Але ты зможаш патрапіць у тыя месцы, калі заплюшчыш вочы і скажаш пра сябе: "Зіма! Зіма! Аднясі мяне ў паўночны край да снегавікоў, туды, дзе жыве Мароз і ляжыць снег!"
     Узрадаваўся цацачны Снегавічок, хуценька заплюшчыў вочкі і … знік! Прайшоў дзень, а ўвечар маленькі вандроўнік зноў апынуўся на падаконніку ля Каляднай Ёлкі! Снегавічок з захапленнем расказаў Зорачцы пра сваё вандраванне ў далёкія паўночныя мясціны:
     – Я там трошкі змерз, але толькі ледзь-ледзь. А паўночныя снегавікі абяцалі мне, што Снежная Каралева вельмі хутка пашле снег і да нас. Яна збярэ яго ў вялікія аблокі і трохі пачакае, пакуль Мароз падмарозіць у нас зямлю і неба. Снежная Каралева ўжо дамовілася з Дзядуляй аб гэтым. Інакш снег у хмарах растане, а з дажджу дзеці ніяк не злепяць снегавікоў.
     
     Гэтая казка на рускай мове
10.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100