Беласнежныя танцоўшчыцы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Беласнежныя танцоўшчыцы
Беласнежныя танцоўшчыцы
Наступіла святочная дата – трыццаць першае снежня. Гэта быў цудоўны дзень – снежны, марозны. У кватэры, дзе жыла Паліна, ужо стаяла прыбраная Ёлка. Яна прыемна пахла лесам. Мама прынесла мандарынкі і цукеркі. Дзяўчынка павесіла іх на Ёлку. Затым яна ўключыла ілюмінацыю і не змагла адарваць вачэй ад сваёй казачнай прыгажуні, пакуль не пачула мамін голас:      – Дачушка! Вадзік плача, мне трэба яго накарміць. Схадзіла б ты ў двор і выбіла дыванок, на якім спіць наш Лунцік. Новы год зусім хутка наступіць. Хочацца, каб у кватэры быў парадак.
     – Добра! – пагадзілася Паліна, згарнула дыванок, апранула свой кажушок, боцікі і шапку, узяла выбівачку і сабралася ўжо ісці са шчанюком у двор.
     – Дачушка! Вазьмі з сабой тэлефон. Можа мне спатрэбіцца патэлефанаваць табе, – прамовіла мама.
     – Добра, узяла, – адказала Паліна, паклаўшы тэлефон у кішэнь.
     У двары яна разаслала дыванок на чысты белы снег. Агледзелася. Як прыгожа! Усё белае: неба, дрэвы, зямля. А сняжынкі яшчэ падаюць з неба, вальсуючы і кружачыся ў паветры, нібы сапраўдныя танцоўшчыцы.
     "Вось бы мне навучыцца так добра танцаваць! Я ж вельмі хачу стаць балерынай! – падумала Паліна, гледзячы на дзівосныя, быццам зробленыя з найтанчэйшага крышталю бялюсенькія сняжынкі. – Але цяпер маме не да мяне, яна нават не можа купіць мне пуанты. Вадзік маленькі. Яго гадаваць трэба".
     Дзяўчынка паглядзела на дзівосныя сняжынкі, якія ўжо патрапілі на дыванок, і Паліне раптам здалося, што яна пачула іх тонкія далікатныя галаскі.
     Сняжынкі нібы казалі ёй:
     – Ты абавязкова станеш балерынай. Толькі загадай жаданне, і ўсё збудзецца. Дзядуля Мароз дашле табе ў падарунак пуанты, якія ты марыш атрымаць. Вось убачыш!
     Паліна слухала чароўныя галаскі і выбівала дыванок, а шчанюк Лунцік круціўся каля яе ног, віляючы хвастом і гуляючы з выбівачкай. Ён быў зусім яшчэ маленькі, як і брацік дзяўчынкі Вадзік.
     – Пойдзем дамоў, а то змерзнеш! – сказала Паліна шчанюку.
     Але тут зазваніў сотавы тэлефон.
     – Дачушка! Дзе ты? Вяртайся хутчэй! На вуліцы ўжо зусім сцямнела.
     – Іду, іду! – адказала дзяўчынка, змяла снег з дыванка і пабегла дахаты ўслед за Лунцікам.
     У пярэднім пакоі кватэры яна разаслала сабачцы пасвяжэлы ад марознага паветра дыванок і пайшла дапамагаць матулі гатаваць святочную ежу.
     Праз некалькі гадзін уся сям'я Паліны пазбіралася разам, каб сустрэць Новы год. Дзяўчынка, вядома ж, загадала сваё запаветнае жаданне. Ёй вельмі хацелася верыць у тое, што яно спраўдзіцца…
     Назаўтра, прачнуўшыся, Паліна ўспомнілала словы ўчарашніх чароўных сняжынак і, хвалюючыся, падбегла да Ёлкі. Зірнула ўніз і ўбачыла там скрутак. Хуценька разгарнула яго і збянтэжылася ад шчасця! Усё здарылася менавіта так, як абяцалі сняжынкі. У яе руках былі мяккія бліскучыя белыя балетныя тапачкі!
     – Мамачка, гэта чароўныя сняжынкі ўсё зрабілі! Яны папрасілі Дзядулю Мароза падарыць мне пуанты. Яны ведалі, што я хачу стаць балерынай!
     – Вельмі добра, дачушка! – усміхнулася мама. – Упэўнена, ты паступіш у балетную школу і станеш балерынай, бо ты так любіш танцаваць. Ты ў мяне прыгожая, разумная, таленавітая і упартая, – мама з любоўю абняла сваю дачушку і пацалавала.
     Вось так з добрага пажадання матулі і дапамогі чароўных сняжынак, з навагодняга падарунка Дзядулі Мароза ў Паліны пачалася вучоба ў балетнай школе. Яна скончыла ўжо некалькі класаў, настаўнікі хваляць яе. Яны кажуць маме, што яе дачка вельмі здольная і працавітая. З яе абавязкова атрымаецца сапраўдная балерына.
     А сама Паліна вельмі стараецца вучыцца ў школе, ды і матулі дапамагаць ў хатніх справах таксама паспявае. Дзяўчынка не забывае выводзіць Лунціка гуляць у двор, бо яму таксама патрэбныя клопат і ўдзел блізкіх.
     
     Гэтая казка на рускай мове
9.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100