Муравік і яго сябры - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Муравік і яго сябры
Муравік і яго сябры
Летам Муравік жыў весела і цікава. У яго з'явілася шмат добрых сяброў. Малы любіў лясную палянку, таму што яна была самай яркай і сонечнай. Муравік прыходзіў туды, каб пагаварыць з зялёнымі травінкамі, лісцікамі і лугавымі кветкамі. Вітаючы свайго сябра, травінкі і кветкі радасна разгойдваліся з боку ў бок, лісцікі на дрэвах ласкава шамацелі. Усе разумелі – яны цяпер даведаюцца пра штосьці вельмі цікавае ад дапытлівага маляняці. Так і здаралася. Штораніцы Муравік звяртаўся да іх, каб распавесці новую гісторыю, якую толькі ўчора пачуў ад мудрага Смаўжа. Дзядуля Смоўж ведаў і мог расказаць пра што хочаш. І гэта не дзіўна, бо дзядуля пражыў на свеце столькі гадоў!      Нечакана ў лес прыйшла восень. У першы дзень верасня, як толькі сонейка асвятліла дарожкі ў лесе, Муравік выбег з мурашніка і накіраваўся ў бок сонечнай палянкі. Яму вельмі хацелася расказаць сябрам новую цікавую гісторыю!
     – Вітаю ўсіх! – крыкнуў малы, калі ўзлез на самую высокую сцяблінку.
     – А, Муравік, прывітанне! Прывітанне! Прывітанне! – з усіх бакоў пачуліся радасныя галасы травінак, пялёсткаў і кветачак.
     – Ведаеце, пра што я вам сёння распавяду? Пра зоркі! Вы, соні, па начах не глядзіце на неба. А дарма. Там жывуць зоркі! Іх мільёны і нават мільярды. Зоркі глядзяць на нас і спяваюць нам песні. Калі вельмі захацець, можна пачуць іх галасы ў ціхую-ціхую ноч. А яшчэ, часам зоркі падаюць з неба на зямлю. Кажуць, той, хто ўбачыў гэта, можа загадаць жаданне, і яно абавязкова збудзецца.
     – Ой, як цікава! – у адзін голас усклікнулі ўсе травінкі і кветачкі.
     – Я ведаю, што калі-небудзь убачу самую сапраўдную Зорачку. Яна спусціцца з неба і сядзе на маю далоньку!
     Муравік паглядзеў угару на блакітнае неба, а потым заклапочана прамовіў:
     – Я забыўся! У мяне ж сёння яшчэ шмат спраў!
     Мігам саслізнуўшы са сцяблінкі ўніз, ён пабег назад да свайго мурашніка. Справа ў тым, што Муравіку трэба было навучыць малодшага брата цягаць тоненькія дубчыкі і шчэпачкі да мурашніка, каб потым уцяпляць імі сцены. Гэта вельмі важна. Прыйшла восень, за ёй прыйдзе зіма. А выратавацца ад зімовых маразоў можна толькі ў цёплай хаце.
     Да вечара ўсе справы былі перароблены, і Муравік вызваліўся ад сваіх хатніх клопатаў. Куды ён цяпер пабег? А, зразумела, да свайго сябра, дзядулі Смаўжа!
     – Тук, тук, тук! – вось малы ўжо стукаецца ў хатку, што размясцілася побач з прыгажуном-дубам.
     – Хто там? – спытаў ціхі голас.
     – Гэта я, дзядуля!
     – Мой дарагі Муравік? Заходзь! – Смоўж, крэкчучы, адчыніў дзверцы, і малы ўвайшоў у яго цесную каморку.
     – Ой, дзядуля, у вас сёння зусім цёмна! Вось бы дастаць Зорачку з неба, яна б тут усё асвятліла яркім святлом.
     – Ды ўжо дастанеш ты яе! – запярэчыў Смоўж, хітра гледзячы на малога. – Калі толькі гэтая Зорачка сама да цябе не прыляціць.
     – Я буду чакаць! Яна прыляціць! І сядзе прама на маю далоньку... – Муравік летуценна паглядзеў на Смаўжа, які паставіў на стол запаленую свечачку ў разным падсвечніку. І адразу ў пакойчыку стала святлей і ўтульней.
     Нарэшце, зручна ўладкаваўшыся на драўляным крэсле, дзядуля Смоўж пачаў свой новы аповед:
     – Аднойчы я бачыў Зорачку. Небарака, ляцела з неба ўніз і выпадкова трапіла ў балота. Ледзь не патанула ў ім. Сяк-так яна ўсё-такі змагла выбрацца адтуль і ўзляцець на неба. Ты ведаеш, – працягваў свой аповед дзядуля, – наогул, зорачкі вельмі асцярожныя. На Зямлі яны доўга не затрымліваюцца. Палётаюць унізе трошкі, агледзяцца і зноў туды, да сябе на неба. Без яго ім не жыць. Цяпер у зорак настае любімы час для шпацыраў каля Зямлі – пачатак восені.
     – Дзядуля! Значыць, я змагу ўбачыць зоркі на зямлі! – цешыўся Муравік.
     – Магчыма. Калі вельмі захочаш.
     
     Пасля такой хвалюючай размовы з дзядуляй Смаўжом, маленькі Муравік усю ноч не заплюшчыў вачэй, седзячы на лаўцы каля свайго мурашніка. Ён вартаваў Зорачку, тую, што зваліцца з неба на зямлю. Прайшла ноч, надышла раніца, а яна так і не прыляцела. Але малы вырашыў не маркоціцца. "Не бяда, – думаў ён, – Зорачка яшчэ прыляціць! Абавязкова прыляціць, трэба толькі пачакаць".
     А час ішоў. Ужо прайшоў першы месяц восені – верасень, пачаўся другі – кастрычнік. Лісце на маладым дубе, побач з якім жыў Смоўж, пажоўкла і пачало ападаць. Ды і не толькі дуб, усе дрэвы ў лесе на вачах сталі змяняцца. Іх лістота афарбавалася ў аранжавыя, барвовыя, залацістыя і ярка-жоўтыя колеры.
     Маленькі Муравік усё яшчэ чакаў сваю запаветную Зорачку. Вось толькі стары мудры Клён, той самы, пад якім размясціўся мурашнік маляняці, ведаў, што ніякай зоркі з неба Муравік не дачакаецца. Гэта ўсё казкі дзядулі Смаўжа. Але стары Клён не хацеў засмучаць маленькага летуценніка, таму што разумеў – без веры ў цуд жыць на свеце зусім не цікава. І тады Клён вырашыў падарыць Муравіку свой самы маленькі, самы яркі залаты лісцік! Гэты лісцік цяпер, восеньскаю парою, быў такі падобны на сапраўдную Зорачку!
     Аднойчы ўначы кляновая Зорачка патрапіла ў далоньку да Муравіка.
     – Ура! Я злавіў Зорачку! Яна звалілася да мяне з неба! – услікнуў малы.
     Ён тут жа ўспомніў пра сваё запаветнае жаданне і загадаў яго. Што загадаў Муравік, мы не даведаемся. Гэта таямніца. Але не будзем сумнявацца, яго жаданне абавязкова збудзецца. Магчыма гэта здарыцца не адразу, а потым. Яно ж самае запаветнае!
     
     А зорачкі? Няхай яны падаюць не з неба, а з мудрага старога Клёна. Гэтыя кляновыя зорачкі будуць яшчэ доўга-доўга кружыцца над мурашнікам, паступова ўкрываць яго, ператвараючы ў залаты церам. У такой хаце, захутанай яркай лістотаю з зорачак восені, усім мурашкам будзе цёпла. Яны лягчэй перажывуць доўгую зіму.
     Потым надыдзе новая вясна, і зноў ажыве лясная палянка. Жыццё, вясёлае, займальнае, цікавае працягнецца. А галоўным героем сонечнай палянкі так і застанецца маленькі Муравік.
     
     Гэтая казка на рускай мове
7.07.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100