Гісторыі пухнатых Аблокаў - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Гісторыі пухнатых Аблокаў
Гісторыі пухнатых Аблокаў
Там, дзе маўклівыя горы ганарліва накіроўваюць увысь свае заснежаныя белыя вяршыні, дзе шумныя рэкі імкліва нясуць з велізарнай вышыні ўніз бурлівыя струмені ледзяной вады, жыў стары горны Казёл. У свае маладыя гады ён быў жвавы і адважны і мог узлезці нават на самую высокую скалу. Цяпер жа, пастарэлы, але зусім не сумны, ён любіў успамінаць пра тыя шчаслівыя дні і распавядаць унукам, маленькім казлянятам, гісторыі тых даўніх часоў.      – Я часта ўзбіраўся на горы і глядзеў зверху ўніз на зялёную даліну, дзе мы з вамі жывём. Там, на вышыні, сонца і неба становяцца бліжэй. Вакол такі прастор, што здаецца – вось так бы і паляцеў далёка-далёка, як птушка! Аднойчы мне пашчасціла даведацца пра цікавыя гісторыі ад Аблокаў, – прамовіў стары Казёл, паказваючы ўгару на Аблокі.
     – Ад Аблокаў? Дзядуля! Раскажы нам гэтыя гісторыі! –хорам запішчалі маленькія казляняты.
     – Ну добра, тады слухайце. Стаялі побач тры гары: Гара-тата, самая высокая і крутая гара, Гара-мама, ледзь ніжэй і не такая крутая, і маленькая пакатая Зялёная Горачка, іх дачка. Тата з мамай усё бачылі са сваёй вышыні і ведалі пра ўсё на свеце. А іх дачушка нічога не магла разгледзець з-за суседзяў, высокіх гор, бо яны засланялі ёй сваімі вяршынямі ўсё неба. А маленькая Зялёная Горачка была такая цікаўная!
     Не раз яна прасіла маму з татам, якія зіхацелі на сонцы сваімі снежнымі вяршынямі, распавесці ёй пра тое, што яны бачаць вакол сябе. Але тыя не маглі гэта зрабіць, таму што іх малая дачушка ўсё роўна нічога б не зразумела ў іх дарослых аповедах. А па-дзіцячаму магутныя і моцныя скалы-горы распавядаць не ўмелі.
     Па-дзіцячаму распавядаць розныя гісторыі маглі толькі Аблокі, якія часта гасцілі каля вяршынь гор. Пазбіраюцца ў чараду, нібы белыя галубкі, і буркуюць сабе, кажуць усім свае гісторыі. А розных гісторый Аблокі ведалі вялікае мноства, і апавядальнікамі былі выдатнымі. Іх гісторыі, падобныя на цудоўныя казкі, слухала ўся акруга – горы, птушкі, дрэвы і кусты, казулі і горныя казлы. Увогуле, іх слухалі ўсе тыя, хто аказваўся ў той час там, высока ў гарах, побач з пухнатымі Аблокамі.
     Аблокі прыляталі "на вячоркі" з розных краёў. Ім было што расказаць, бо наляталіся яны па белым свеце звышдастаткова.
     Вось паслухайце іх аповеды.
     – У далёкіх краях, дзе жыве вялікі Акіян, і Сонца па вечарах патанае ў яго цёмнай вадзе, я бачыла, як Дэльфіны спяваюць песні сваім дзеткам, Дэльфінятам, укладваючы іх спаць у калысачкі з самай цёплай вады, – забаўляла ўсіх сваёй гісторыяй пухнатая Блакітная Аблачына.
     – А там, дзе няма нічога, акрамя бязмежнай тайгі, дзе хвоі і елкі растуць так густа, што скрозь іх зараснікі не праслізне нават маленькая птушачка, у цёмных і непраходных лясах на вялікай паляне ў бярлозе жыве сям'я бурых Мядзведзяў. Яны кормяць сваіх дзяцей, маленькіх Медзведзянят, кедравымі арэшкамі і могуць нават зваліць хвою, каб Медзведзянятам было лягчэй прабірацца скрозь зараснікі ляснога гушчару. Часам, яны ходзяць да ракі, купаюцца ў вадзе і ловяць рыбу, – распавяла сваю гісторыю пухнатая Светла-зялёная Аблачына.
     – А я была ў тых мясцінах, дзе, куды ні зірні, усё накрыта цудоўнымі каляровымі дыванамі. Але гэта не тканыя дываны, гэта дываны з сапраўднай травы і кветак! Там жыве шмат розных птушак, і яны будуюць свае гнёзды, нібы маленькія норкі, прама на зямлі. Цэлы дзень Птушкі спяваюць песні ў небе, гледзячы на аблокі і Сонца, а потым хаваюцца на начлег у норкі. А яшчэ там у норках, выкапаных у зямлі, жывуць вожыкі, барсукі, нават лісіцы. Адны толькі зайцы не любяць жыць у норках, – казала маленькая пухнатая Ружовая Аблачына.
     Вось так, кожны раз, вярнуўшыся з далёкіх вандраванняў, вясёлыя Аблокі распавядалі ўсёй акрузе пра тое, што цікавага яны ўбачылі на белым свеце. Маленькая Зялёная Горачка слухала іх аповеды з вялікай цікавасцю і думала: "Калі-небудзь я вырасту, стану вялікай-вялікай гарой і буду разглядаць усё тое, што будзе далёка-далёка ад мяне на адлегласці. І, вядома ж, убачу вакол шмат цікавага. Тады я сама буду ўсім распавядаць яшчэ больш займальныя гісторыі".
     
     Гэтая казка на рускай мове
30.06.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100