Татаў самалёцік (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Татаў  самалёцік (казка)
Татаў самалёцік (казка)
     Прысвячаецца ўсім уладальнікам гераічнай прафесіі лётчыка-выпрабавальніка.
     
     Толькі ў палётах жывуць самалёты.
     Толькі ў палёце расце чалавек.
     (Песня Ю.Антонава)
     
Тата Янкі – лётчык-выпрабавальнік. Гэта вельмі цяжкая і адказная прафесія. Хлопчык ганарыцца сваім бацькам і сам марыць стаць лётчыкам. У ваенным мястэчку, дзе ён жыве разам са сваёй сям'ёй, усе хлопчыкі мараць пра гэта. У небе над мястэчкам часта пралятаюць самалёты. Янка ведае ўсе назвы і тыпы сучасных рэактыўных знішчальнікаў, а тата часам нават тлумачыць яму, як трэба кіраваць такім самалётам у паветры.      У татавым пакоі на паліцы стаіць мадэль самалёта. Гэта маленькая копія таго самалёта, на якім тата ўпершыню паляцеў у неба. Макет самалёта яму падарылі лётчыкі на дзень нараджэння. Андак, хлопчык ведае, што быў яшчэ адзін самалёцік, які дапамог тату стаць лётчыкам.
     Бабуля Оля расказвала Янку пра гэты самалёт. Калі тата быў маленькім, дзядуля Мікола, татаў бацька, які таксама быў лётчыкам, падарыў яму цацачны знішчальнік. У той час у дзяцей было зусім мала цацак. І ўсе суседскія хлопчыкі прыходзілі да таты, каб пагуляць з самалётам.
     Аднойчы адбыўся цуд. Але спачатку ніхто не разумеў, што гэта цуд. Проста маленькі знішчальнік знік. Яго доўга шукалі па ўсёй кватэры, а калі дзядуля Мікола прыйшоў з працы, усе даведаліся, што цацачны самалёт лётчыкі бачылі ў небе побач з іх сапраўдным самалётам. Увечар таго ж дня самалёцік вярнуўся дахаты. Ён уляцеў у кватэру праз адчыненае акно. Усе дзеці, якія бачылі гэты цуд, былі настолькі здзіўлены, што хацелі разабраць самалёцік па частках, каб паглядзець, што знаходзіцца ў сярэдзіне яго. Але дзядуля Мікола не дазволіў:
     – Не трэба чапаць яго. Мабыць, цацачны самалёцік вельмі моцна жадаў узляцець у неба. І таму надышоў момант, калі ён ператварыўся ў сапраўдны самалёт, хай ненадоўга, і паляцеў у неба. Затое цяпер ён ведае, што такое – лётаць над аблокамі! А калі вы жадаеце стаць лётчыкамі, то самі павінны імкнуцца да гэтага – добра вучыцца і займацца спортам, каб быць моцнымі і трывалымі.
     – Янка, ты не паверыш, – працягвала бабуля Оля свой аповед, – амаль усе хлопчыкі нашага мястэчка сталі лётчыкамі.
     – А дзе цяпер гэты самалёцік? – спытаў унук.
     – Не ведаю. Ён неяк непрыкметна, сам па сабе, знік з хаты, калі вырас твой тата. Напэўна, ізноў паляцеў у неба і ўжо не вярнуўся адтуль, – адказала бабуля.
     "Як бы я хацеў стаць лётчыкам!" – падумаў Янка.
     – А ты хочаш стаць лётчыкам? – тут жа, нібы адгадаўшы яго думкі, спытала бабуля.
     – Вядома, хачу! – адказаў Янка.
     – Ну, тады чакай свой самалёт! – бабуля загадкава паглядзела ў вочы ўнуку.
     Ішоў час. Янка падрос і пайшоў у школу. Але вучыцца яму неяк не вельмі хацелася. Дома яго цягнуў да сябе камп’ютэр з гульнямі. Мама павучала сына:
     – Трэба імкнуцца добра вучыцца. Запусціць вучобу лёгка, затое потым будзе цяжка нагнаць тое, што своечасова не вывучыў.
     Янка і сам разумеў, што гэта так. Як жа прымусіць сябе быць дысцыплінаваным і ўсё рабіць, не лянуючыся? Так, каб часу хапала не толькі на вучобу, але і на спорт!
     Непрыкметна прайшла палова навучальнага года. Набліжаліся самыя цудоўныя святы – Каляды і Новы год. Дзеці ўсяго свету чакаюць падарункі ад Дзядулі Мароза. Чакаў іх і Янка...
     Гэтую навагоднюю ноч хлопчык запомніў на ўсё жыццё. Таму што адбыўся сапраўдны цуд! У дзверы пастукаў Дзядуля Мароз і, ведаеце, што ён прынёс Янку ў падарунак? Той самы татаў самалёт! Адкуль жа ён яго ўзяў?
     Аказваецца, самалёцік, вельмі доўга лётаючы ў небе, заблудзіўся і не мог знайсці дарогу назад. А калі ён выпадкова патрапіў у рэзідэнцыю да Дзядулі Мароза, то папрасіў адвезці яго дахаты. Дзядуля Мароз, вядома ж, ведаў, што ў той самай сям'і, дзе жыве лётчык-выпрабавальнік, падрастае яго сын Янка. І вырашыў вярнуць самалёт у якасці падарунка хлопчыку да Новага года.
     Як жа ўзрадавалася ўся сям'я гэтаму маленькаму цацачнаму самалёціку! Тата доўга круціў яго ў руках, не мог нагледзецца і ўспамінаў сваё дзяцінства, распавядаючы сыну пра самалёт.
     – Цяпер ён твой. І табе трэба берагчы яго, як сямейную рэліквію. Я ведаю, самалёт дапаможа табе, сынок, і ты станеш лётчыкам, – сказаў тата.
     Янка ўзяў самалёт у рукі і аднёс у свой пакой. З той гадзіны, кожны дзень, вяртаючыся дахаты, хлопчык падыходзіць да самалёта, які ганарліва стаіць на яго стале, і кажа:
     – Я абавязкова стану лётчыкам, як тата, як дзядуля, таму што гэтага вельмі жадаю! І ты яшчэ будзеш мною ганарыцца, мой маленькі, але такі слаўны самалёцік.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
30.06.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100