Марскія выратавальнікі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Марскія выратавальнікі
Марскія выратавальнікі
На высокім беразе бязмежнага мора стаяў Маяк. Па начах ён уключаў свой магутны пражэктар і накіроўваў светлавы прамень далёка ўглыб мора. Гэты прамень асвятляў цёмную ваду, адшукваў заблудныя ўначы Караблі і паказваў ім дарогу ў марскую гавань. Караблі здалёку заўважалі яркае святло Маяка, плылі да яго насустрач і прычальвалі да берага. Шчаслівыя, яны ад шчырае душы дзякавалі добраму Маяку за дапамогу, бо ён выратаваў іх ад пагібелі! Аднак неўзабаве Караблі забывалі пра свайго выратавальніка. За час плавання па морах і акіянах у іх збіралася мноства праблем. Трэба было адрамантавацца, адпачыць і набрацца сіл перад новым вандраваннем.      Вось чаму вялікі Маяк быў рады маленькім Чайкам і іншым птушкам, якія часам усаджваліся на яго ўсходы ці на дах, каб адпачыць ад палёту і распавесці пра тое, што дзеецца на белым свеце. Ціхоня Маяк не ўмеў ні плаваць, ні лётаць, таму ён трохі зайздросціў птушкам і Караблям. Але ні птушкі, ні Караблі ніколі не папракнулі яго за гэтыя няўменні. Наадварот, яны заўсёды хвалілі Маяк за спагадлівасць, за яго бескарыслівую дапамогу іншым. Вялікі Маяк трохі бянтэжыўся ад такой пахвалы, а потым яму заўсёды хацелася рабіць яшчэ больш добрых спраў. І ён стараўся з ўсяе сілы, накіроўваючы па начах прамень свайго пражэктара як мага далей у мора, выглядаў, ці не заблудзіўся там хто-небудзь? Магчыма, камусьці ў гэты момант неабходна была тэрміновая дапамога.
     Аднойчы доўгі светлавы прамень Маяка, вельмі падобны на працягнутую руку сябра, убачыў Дэльфін. Ён падплыў бліжэй да берага, каб пазнаёміцца з Маяком. Дэльфін аказаўся такім жа дабраком, як і Маяк. Яны пасябравалі, таму што ім абодвум хацелася рабіць добрыя справы, дапамагаць камусьці. Цёмнымі начамі ў бушуючым моры Дэльфін знаходзіў заблудны Карабель і паведамляў Маяку месца яго размяшчэння. І тады Маяк накіроўваў у той бок мора свой доўгі светлавы прамень. Людзі на караблі заўважалі яго і разумелі, што гэта марскі Маяк з берага кліча іх да сябе. Яны плылі насустрач святлу і паспяхова прычальвалі да сушы. Нават моцны марскі шторм з такімі выдатнымі выратавальнікамі цяпер здаваўся не такім страшным!
     Але не толькі Карабель і яго каманда радаваліся паспяховаму завяршэнню плавання. Маяк з Дэльфінам былі рады гэтаму не менш. Дэльфін весела выскокваў з вады, і яго вочы свяціліся такім жа шчаслівым святлом, як і пражэктар Маяка.
     
     Вось так дагэтуль і сябруюць Маяк, які жыве на беразе мора, і Дэльфін, што плавае ў марской вадзе. У іх ёсць агульная высакародная справа – выратаванне тых, хто патрапіў у бяду.
     
     Гэтая казка на рускай мове
30.06.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100