Самотны Бегемот - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Самотны Бегемот
Самотны Бегемот
У гарачай Афрыцы на беразе возера пасяліўся Бегемот. Возера было зусім не глыбокае, так што гэты велізарны па памерах звер мог спакойна залазіць у яго, не баючыся патануць. А ныраць у ваду Бегемот вельмі любіў. Шчыльна прыціснуўшы вушы да галавы і зачыніўшы ноздры, каб у іх не патрапіла вада, ён апускаўся ў возера. Бегемот высоўваў з яго свой вялікі нос толькі для таго, каб выпусціць фантанчык пырсак і ўдыхнуць паветра. Кажуць, так робяць кіты, якія жывуць у морах і акіянах. Але Бегемот ніколі не бываў там і таму не сустракаўся з кітамі. Гарачая Афрыка была яго родным домам. А ён, такі непаваротлівы і нязграбны, нават не марыў пра далёкія вандраванні. Вось толькі спякота яму таксама не падабалася. З раніцы да вечара Бегемот сядзеў у вадзе, вылазячы на бераг толькі дзеля таго, каб паласавацца смачнай травой.      Аднак, што за жыццё, калі ты днямі сядзіш у вадзе ці ясі смачную траўку. І Бегемоту гэтыя заняткі неўзабаве надакучылі. Яму захацелася з кім-небудзь пагаварыць, распавесці пра сваё жыццё-быццё. Такі грозны з выгляду, Бегемот быў вельмі добрым у душы. На жаль, у яго не было сяброў. Усе, хто жылі на беразе возера, пабойваліся незразумелага звера, які хаваўся ў вадзе. Апрача таго у Бегемота быў велізарны рот з вострымі ікламі, ды і рыкаў ён так грозна, што пужаў усю акругу.
     Аднойчы яму пашанцавала. На луг, дзе пасвіўся Бегемот, прыляцеў маленькі Матылёк нябачанай прыгажосці. Ён прысеў на кветку, расчыніў цудоўныя аксамітавыя крылцы і здзіўлена прашаптаў:
     – Ой, які ты велізарны! А якія ў цябе вялікія вочы, а які рот, а якія іклы! Ты, відаць, вельмі моцны і змог бы абараніць мяне ад ворагаў!
     – Вядома! Я ўсё магу! Мяне ўсе баяцца! – важна адказаў Бегемот.
     Але потым дадаў:
     – Вось таму ў мяне і няма сяброў, – і яго велізарны рот раптам скрывіўся ад гора, а з вачэй пакаціліся кропелькі слёз.
     – Не журыся, Бегемоцік! Я цябе ні кропелькі не баюся. Хочаш, я стану тваім сябрам? – паспяшаўся яго супакоіць добры Матылёк.
     – Вядома, хачу!
     – Тады давай гуляць! – Матылёк пырхнуў з кветкі і сеў на галаву Бегемота.
     – Ага! – абрадаваўся Бегемот. – Пайшлі купацца! Я пакажу табе сваё возера!
     – Не, я не ўмею плаваць! – спалохаўся Матылёк.
     – Затое я ўмею. А ты пасядзіш на мне і паглядзіш на ваду, – параіў Бегемот.
     Ён быў вельмі шчаслівы, што цяпер у яго ёсць сапраўдны сябар – чароўны Матылёк! І ад радасці Бегемот зароў на ўсю акругу:
     – Р-р-р-р-р-р!
     Грозны, занадта гучны роў разляцеўся ва ўсе бакі па беразе возера. І яго пачула Мартышка. Яна саскочыла з пальмы і кінулася да возера, каб паглядзець, што ж там здарылася з Бегемотам. А калі ўбачыла гэтае страшыдла з Матыльком на галаве, то гучна засмяялася:
     – Глядзіце! Наш Бегемот сябруе з Матыльком! Ён нават купаецца разам з ім! Як смешна! – паказвала яна на вялікую галаву, якая тырчала з вады.
     А тым часам да возера, учуўшы роў Бегемота і Мартышчын крык, ужо спяшаліся ружовы Папугай і паласатая Зебра. Разабраўшыся са становішчам, мудрая Зебра сказала:
     – Што ж тут смешнага? Мы баімся Бегемота, а Матылёк – не. Ён пасябраваў з ім, бачыце! Значыць, Бегемот не такі злосны і грозны, якім здаецца з выгляду. Ён жа не крыўдзіць далікатнага малога Матылька!
     – Так-так-так! – пацвердзіў Папугай, ківаючы вострай дзюбай і распушыўшы чырвоненькі чубок на галоўцы.
     Адважыўшыся, Мартышка, Папугай і Зебра падышлі бліжэй да вады. І тады Матылёк заўважыў іх.
     – Давай будзем з імі сябраваць, яны добрыя, я ведаю! – сказаў ён Бегемоту.
     Вось так у самотнага Бегемота з'явіліся адразу чатыры сябры: прыгажун Матылёк, вясёлая Мартышка, ружовы Папугай і паласатая Зебра. Маленькі, але вельмі разумны і адважны Матылёк здружыў усіх, хто жыў на беразе возера, з самотным Бегемотам. Матылёк першы зразумеў – Бегемот грозны толькі з выгляду, а душа ў яго добрая і чулая.
     
     Казку агучыла Ліка Пташук
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
30.06.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100