Гарадскія птушкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Гарадскія птушкі
Гарадскія птушкі
У старым квартале вялікага горада пад дахамі двухпавярховых дамоў, на гарышчах, жыло шмат птушак. Тут яны будавалі гнёзды і гадавалі птушанят. Гэта былі самыя звычайныя гарадскія птушкі, якія паўсюль топчуцца ў нас пад нагамі, вышукваючы на зямлі чарвячкоў і рэшткі якой-небудзь ежы. Вароны, галкі, галубы, вераб'і жывуць побач з людзьмі круглы год. Людзі часта кормяць іх, асабліва гэта любяць рабіць бабулі і дзеці. А птушкі задаволены. Яны, як надакучлівыя папрашайкі, прылятаюць на аўтобусныя і тралейбусныя прыпынкі, у скверы і паркі, да пад'ездаў і вокнаў дамоў, спадзяючыся штосьці адшукаць для сябе смачнае на сняданак ці абед.      Птушыныя жыхары гарышчаў двухпавярховых дамоў, аб якіх гаварылася на пачатку аповеду, былі не выключэннем. Раніцай вароны і галкі заўсёды лёталі ўздоўж вуліц і дамоў і гучным "Кар-р", "Ка-а" нагадвалі людзям пра сваю прысутнасць у жыцці горада. Пад вечар птушкі любілі збірацца ў вялікія чароды і ўсаджвацца на высокія дрэвы, якія раслі непадалёку ад іх родных гарышчаў. Варонам і галкам падабаліся такія ціхія зручныя месцы ў цяністым скверы, дзе не гудуць машыны і можна ўдосталь нагаманіцца на сваёй птушынай мове.
     Вясною гарадскім птушкам на абжытых імі гарышчах заўсёды даводзілася цясніцца. Справа ў тым, што ў траўні з поўдня вярталіся стрыжы. Гэтыя маленькія востракрылыя птушачкі былі зусім не з нясмелага дзясятка. Ім хапала адвагі без дазволу пасяліцца там, дзе ўжо жылі іншыя птушкі. Але пастаянныя жыхары гарышчаў не чапалі стрыжоў. Яны паважалі іх за адважны байцоўскі характар. Ніхто з птушак, якія заставаліся на зімоўку ў горадзе, не ўмеў так хутка і імкліва лётаць, як гэта рабілі чарнакрылыя птушкі. Усё лета цэлымі днямі стрыжы насіліся ў небе ў пагоні за машкарой, напаўняючы паветра сваім пранізлівым "І-і-і", не адчуваючы стомленасці і ні на хвіліну не прысеўшы на зямлю для адпачынку. А галкі і вароны, скачучы па зямлі і вышукваючы чарвякоў, не разумелі, як можна наесціся такімі нікчэмна маленькімі мошкамі і яшчэ, у дадатак, накарміць імі сваіх птушанят.
     Аднойчы ў раёне старых дамоў пачалася перабудова. Будаўнікі знеслі пару трухлявых драўляных дамоў, а на іх месцы ў хуткім часе пабудавалі дзівосна прыгожы дзіцячы сад. Улетку гэты сад ажыў. Па вечарах у яго вокнах загаралася святло, а днём выхавальнікі выводзілі дзяцей на прагулку ў двор сада, дзе іх чакала шмат гульняў.
     Ну а птушкі − яны ж такія цікаўныя! Неўзабаве ўсе галкі, вароны, галубы і стрыжы ўжо ведалі, хто жыве ў новым прыгожым доме, які не так даўно з'явіўся побач са старымі двухпавярховымі дамамі. Галкі, вароны і галубы важна хадзілі каля пясочніцы, залазілі на жалезную лесвіцу, садзіліся на дах альтанкі і нават выглядвалі, што ядуць дзеці, зазіраючы ў вокны дзіцячай сталовай.
     Дзеці, вядома ж, звярнулі ўвагу на цікаўных птушак. Яны збіралі крошкі пячэння і хлеба і частавалі імі крылатых гасцей. Але ніхто з гарадскіх птушак не ведаў самага галоўнага, што дзіцячым садку ёсць жывы куток. У ім, акрамя акварыума з рыбкамі, жыве сапраўдны афрыканскі папугай, какаду па мянушцы Кеша. Ён яшчэ малады і вельмі нясмелы, выгаворвае ўсяго некалькі слоў. Дзеці любяць яго і хочуць з ім гуляць, але выхавальнікі не дазваляюць дражніць Кешу.
     Марыя Сяргееўна, выхавальніца старэйшай групы, казала дзецям:
     − Наш Кеша яшчэ маленькі, яго трэба засцерагаць. Таму шумець ля клеткі нельга.
     − А чаму можна шумець у двары? − пыталіся дзеці. − Там жа таксама лётаюць і ходзяць птушкі.
     − Вы параўналі! Наш Кеша − папугай афрыканскі, яго толькі нядаўна прывезлі з Афрыкі. Яму трэба прывыкнуць да новага становішча. А гэтыя птушкі гарадскія. Яны ўвесь час жывуць тут і ўсё ведаюць. Паглядзіце, якія шустрыя галкі! А вароны! Яны вельмі разумныя і шмат чаго ведаюць.
     Максім, хлопчык са старэйшай групы, слухаў выхавальніцу і думаў: "Вось пайду і выпушчу Кешу. Хай яго з'ядуць каты!" Ён так і зрабіў. Пайшоў у жывы куток і адчыніў клетку. Навошта Максім гэта зрабіў? Напэўна, каб нашкодзіць, бо часам такія дрэнныя паводзіны здараюцца ў самых нявыхаваных дзяцей.
     А Кеша што? Ён паляцеў у двор, а потым за агароджу дзіцячага садка. І ніхто, акрамя жыхароў гарышча, гэтага не заўважыў. Варона першай убачыла незнаёмца і закрычала на ўсю акругу:
     − Кар-р! Новая зусім незнаёмая птушка! Паглядзіце на яе! Кар-р! Вы калі-небудзь бачылі такіх яркіх рознакаляровых птушак?!
     Галкі падляцелі да папугая і пачалі яго распытваць:
     − Ка-а! Ты хто? Ты адкуль?
     Той, нічога не разумеючы, пусціўся наўцёкі. Птушкі за ім. Толькі калі папугай падляцеў да іх двухпавярховага дома, самая галоўная і самая разумная Варона гарышча сказала:
     − Не патрэбны нам новы жыхар, нам самім цесна!
     − Хай жыве! Хай жыве! − закрычалі галкі.
     − Гур-гур! Якая цікавая птушка! − праспявалі галубы. − Мы з ёй пасябруем.
     Але папугай не паляцеў на гарышча. Мабыць, яму ніколі не даводзілася жыць у такіх умовах. Ён сядзеў на галінцы каштана і не ведаў, што яму далей рабіць.
     А ў дзіцячым садзе ўжо даведаліся пра згубу. І дзеці пабеглі шукаць свайго ўлюбёнца.
     − Ты будзеш з намі жыць? − спытала шызакрылая Галубка ў папугая.
     − Кеша дзетсадаўскі! Кэша дзетсадаўскі! − адказаў папугай.
     − Кар-р! Ты чула! − каркнула Варона Галубцы. − Ён жыве ў садзе, а не на гарышчы!
     − Ка-а! У садзе! − падхапілі галкі. − А дзе ж сад?
     − Няхай дазнаюцца стрыжы. Яны лётаюць высока і вельмі хутка. Мы пашлём іх на разведку! − закамандавала Варона.
     І стрыжы з крыкам "І-і-і" панесліся шукаць сад папугая.
     Але дзеці ўжо ўбачылі свайго Кешу, вылавілі яго і панеслі ў дзіцячы сад.
     − Ах, вось яно што! − зразумелі гарадскія птушкі. − Сад − гэта новы дом, у якім жывуць дзеці!
     З тых часоў кожны раз, калі хто-небудзь з птушак ляціць на шпацыр у двор дзіцячага садка, то гучна на ўсё гарышча аб'яўляе:
     − Ка-а! Я лячу ў сад!
     − Кар-р! Я лячу ў сад!
     − Гур-гур! Я лячу ў сад!
     
     Гэтая казка на рускай мове
26.06.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100