Карова Зорачка і Салавейка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Карова Зорачка і Салавейка
Карова Зорачка і Салавейка
Жылі-былі дзед з бабай у хаце на канцы сяла. Не было ў іх ні дзяцей, ні ўнукаў. Адна толькі радасць – карова Зорачка. Добрая карова, спакойная, паслухмяная. На луг пойдзе пасвіцца ранічкаю, а ўвечары сама дахаты прыйдзе. Усё малачко бабе з дзедам аддасць. Маўляў, піце на здароўе! А малачко ў каровы смачнае, салодкае, як мёд. П'еш, не нап'ешся!      Вось толькі Зорачцы чамусьці не зусім у радасць было такое жыццё. Аднак яна любіла сваіх старых і не хацела іх крыўдзіць і хваляваць дрэннымі паводзінамі. Была ў Зорачкі адна мара. Ёй хацелася пачуць, як спявае дзівосная лясная птушачка – Cалавейка. Аб ёй яна не раз і не два чула ад матылькоў, што прыляталі на луг з лесу. Казалі, тая птушачка маленькая і зусім незаўважная, а спявае хораша і далікатна. Век бы слухаў і не наслухаўся!
     Усё ж такі аднойчы вырашыла Зорачка з луга ў лес схадзіць толькі на адну хвілінку, каб галаском Салавейкі нацешыцца. А калі прыйшла туды, дык, пачуўшы цудоўную песню, зусім забылася, колькі хвілінак у лесе прабыла. Дзень прайшоў, і ноч настае, а Зорачка ўсё песні ляснога спевака слухае.
     Бачыў гэта добры Салавейка і разумеў, што Зорачцы пара дахаты ісці. Там жа дзед з бабай хвалююцца! Паляцеў ён у сяло, а карова – за ім. Вось так і дайшла яна з Салавейкам да сваёй хаты.
     Выйшлі на ганак дзед з бабай, глядзяць – іх карова, нарэшце, дадому прыйшла. І палаяць, і адшлёпаць Зорачку ім хочацца за дрэнныя паводзіны. Ды не могуць яны. Вельмі прыгожы голас Салавейкі па іх садзе разліваецца, душу цешыць!
     Так і стаялі яны ўтрох, дзед з бабай і карова, дзівосную лясную птушачку слухалі. Нарэшце, першым дзед здагадаўся падзяку Салавейку выказаць за цудоўную песню і за тое, што іх бесталковую карову з лесу дахаты прывёў:
     – Дзякуй табе, мілы Салавейка! Які ж у цябе ласкавы і далікатны галасок! Прылятай да нас яшчэ, дарагім госцем будзеш!
     Усміхнуўся Салавейка, хвосцікам памахаў на развітанне і ў лес начаваць паляцеў. Кажуць, зараз ён часта да іх у сад прылятае. Хто ж адмовіцца ад пахвалы? Усім хочацца, каб іх любілі і добрым словам прывячалі.
     
     Агучванне казкі – Лікі Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
25.06.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100