Чароўны абярэг (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўны абярэг (казка)
Чароўны абярэг (казка)
     
     Ты мой адзіны светач,
     Ты – мой дом.
     Хай як сонца ззяе
     Наша с табой любоў.
     Песня.
     
     
Ля берага ракі ў цені ясеняў і рабiн стаяла хата. Жыла ў ёй дзяўчына. Імя ў яе было светлае і ласкавае – Алёна. Усякі малады чалавек, хто хоць раз паглядзеў у яе блакітныя вочы, назаўжды зачароўваўся іх прыгажосцю і гатовы быў навекі падарыць ёй сваё каханне. Яна ж нікога з іх ніколі не змагла б пакахаць, таму што была закаханая ў Івана, цудоўнага светлавалосага хлопца, які жыў разам з маці ў хаце каля лесу.      Толькі вось сам Іван нічога не ведаў пра тое, бо ганарлівая дзяўчына саромелася прызнацца яму ў каханні. Яна бачыла і разумела, што зусім іншая радасць жыве ў сэрцы хлопца. Гэтая радасць палоніць і вядзе яго, забіраючы сабе ўсе думкі і пачуцці. Яе імя – азарэнне. Калі яно прыходзіць, Ваня сам не ў сабе і працуе цэлымі днямі напралёт. І тады неўзабаве ў яго хаце і ў двары з'яўляюцца цудоўныя творы. Яны, як жывыя, гэтыя выразаныя з дрэва казачныя істоты! Вы толькі паглядзіце на іх: вось мядзведзь і ліса, бусел і журавель, заяц і вожык. А сонца вы бачылі? Яно, як сучаснае, асвятляе яркімі прамянямі ўваход у Ваніну хату. І не зразумела, з чаго і як хлопец змог зрабіць такі цуд!
     Толькі што рабіць Алёнцы са сваім каханнем? Ён яе, закаханую ў яго дзяўчыну, зусім не заўважае! Так і жыве Алёнка з неўзаемным каханнем у сэрцы.
     – Не плач, мілая! – супакойвае яе мацi Ванi. – Пачакай, ён адумаецца, і цябе, прыгажуню, абавязкова заўважыць. Ён зразумее, што ты - яго сапраўднае шчасце.
     Але атрымалася зусім наадварот. У Ваніну хату нечакана прыйшла бяда. Аднойчы пайшоў хлопец у лес за дрэвам для сваіх твораў і не вярнуўся. Матуля з Алёнкай шукалі яго ўсюды, хадзілі, клікалі, слязьмі заліваліся, але так і не знайшлі. Людзі пагаворвалі, што Івана зачаравалі лясныя духі і адвялі назаўжды ў свае ўладанні.
     Гаравалі маці Iвана з Алёнкай, не ведаючы, як жа адабраць хлопца ў чарадзейнай сілы лесу, пакуль не прысніўся матулі сон. "Хай Алёнка, – сказаў ёй хтосьці ў сне, – сатчэ льняны ручнік, абатрэ ім свой тварык, а потым пусціць па ветры. Ведайце, толькі яе вялікае каханне зможа вызваліць ад чар Івана".
     Раніцай прыйшла мацi да Алёнушкі і распавяла ёй свой сон. Пачула гэта дзяўчына, і адразу ў яе хаце стала святлей, а на душы – радасней. За дзень саткала Алёнка тонкі і мяккі быццам пярынка, нябеснага колера, ахінуты цяплом яе добрых рук ільняны ручнік. Умыла яна свой тварык ключавой вадзіцаю і ручніком выцерла, а потым пацалавала яго і адпусціла па ветры, сказаўшы ўслед такія словы:
     – Ляці ў цёмны лясны гушчар, адшукай там майго любага Ваню, вызвалі яго ад чар лясных духаў і пакажы дарогу дахаты, да матулi і да мяне!
     Паляцеў Алёнчын ручнік прама да лесу і знік у яго цёмным царстве. А Алёнка, заўважыўшы, што за ручніком па ветры цягнецца светлая дарожка, тут жа пабегла ўслед, ніколькі не спалохаўшыся сустрэць у лясным гушчары чарадзейных духаў. Гарачае каханне ў сэрцы не давала супакоіцца і казала: " Ідзі туды, дзе ён, ратуй свайго каханага!"
     Вось бяжыць Алёнка па следзе ручніка, а цёмны і страшны лясны гушчар рыпае галінамі, гудзе і трывожыць яе душу, старыя дрэвы сухімі сукамі колюцца. "Куды ты ідзеш! – бурчаць яны. – Усё роўна не аддадзім табе Івана!" А Алёнка і не думае слухаць іх, яна бяжыць наперад, насустрач да любага.
     Нечакана ручнік спыніўся, быццам застыў у паветры. Алёнка ўбачыла, што ўжо няма той светлай дарожкі, яна абарвалася і знікла! Далей, у гэтым зачараваным лесе, пачынаюцца галоўныя ўладанні лясных духаў, і пранікаць у іх могуць толькі жыхары лесу. Паглядзеў лес на няпрошаных госцей, зашумеў, загудзеў яшчэ больш, яшчэ мацней і пагрозлівей! А ветлівыя птушкі зляцелі з галінак, падхапілі ручнік за краёчкі і панеслі яго далей, туды, дзе працаваў Ваня. Узяў хлопец ручнік у рукі і выцер ім пот з ілба. І адразу ў яго вачах з'явілася яркае святло, быццам цёмная дурманлівая заслона зляцела, бо працаваў ён тут дзень і ноч напралёт без сну і ежы, забыўшыся пра ўсё на свеце, зачараваны сілай ляснога дурману. Успомніў Iван сваю матулю і хату, а, зірнуўшы на Алёнку, залюбаваўся яе прыгажосцю і добрым ласкавым позіркам. Узяла дзяўчына яго за руку і вывела з цёмнага лесу на белы свет.
     Неўзабаве маладыя згулялі вяселле, і шчасцем напоўніліся хаты: адна каля лесу, а другая – каля ракі. Але цяга да творчасці не пакінула Івана. Наадварот, яна ўвайшла ў сэрца і яго сяброўкі Алёнкі. Аднак цяпер яны ўжо імкнуцца быць уважлівымі і не аддаваць сябе ў рабства чарадзейным духам лесу. У іх жыццё прыйшлі іншыя вялікія радасці – радасць узаемнага кахання і сямейнага шчасця.
     А што ж стала з тым самым ручніком, які так дапамог Алёнцы і Івану ў цяжкую хвіліну жыцця? Ён, гэты ручнік, цяпер заўсёды вісіць у іх хаце побач абразоў, як галоўны абярэг і захавальнік сямейнага шчасця.
     
     Гэтая казка на рускай мове
24.06.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100