Касалапы "небарака" - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Касалапы
Касалапы "небарака"
Жыў у лесе малады мядзведзь па мянушцы Мішка. Яго бацькі рана памерлі, так і не навучыўшы свайго сына здабываць сабе пражытак. Улетку Мішка сноўдаўся па лесе ў пошуках ежы і худа-бедна мог прахарчавацца. А вось узімку яму было кепска. Мядзведзь замярзаў на ложку ў сваёй бярлозе і яму вельмі хацелася есці. Ад голаду Мішка смактаў сваю лапу, але гэта не ратавала яго. Аднойчы ў мядзведзя моцна разбалелася горла, і ён вырашыў схадзіць да пчол, каб папрасіць у іх лячэбнага мёду.      Пчолы аказаліся чулымі да чужой бяды і адразу ж далі небараку бочачку мёду. Усю зіму Мішка патроху еў яго і спакойна дажыў да вясны. Смачны і пажыўны мёд так спадабаўся мядзведзю, што як толькі пачыналася зіма, ён адразу ж ішоў папрашайкай да пчол і кожны раз прыкідваўся хворым.
     Шчодрыя пчолы шкадавалі беднага Мішку і давалі яму мёд. Але запасы ў іх былі невялікія. Хоць пчолы ўсё лета працавалі ад узыходу да заходу сонца, мёду ў іх хапала ўсяго толькі на тое, каб узімку самім не памерці з голаду і трохі аддаць тым, хто хворы. Хітры Мішка прыкідваўся вельмі хворым і забіраў увесь лячэбны запас пчол.
     На няшчасце ў сярэдзіне зімы прастудзілася маленькае Зайчанятка. У яго паднялася тэмпература, і пачаўся моцны кашаль. Маці, Зайчыха, пабегла да пчол прасіць мёду для лячэння сына. Але, на жаль, у тых мёду ўжо не было, яго забраў Мішка. Крыху пазней і ў Вавёрачкі захварэла дачка. Пабегла Вавёрка да пчолак і па дарозе сустрэла Зайчыху. Тая паведаміла ёй непрыемную вестку пра тое, што мёду ў пчол ужо няма.
     – Некалькі гадоў запар на пачатку зімы пчолкі аддаюць свой мёд хвораму мядзведзю па мянушцы Мішка, які жыве ў бярлозе каля высокай хвоі. Ён, напэўна, стары і вельмі хворы, – паведаміла Зайчыха. – Што ж рабіць! Відаць трэба чымсьці іншым лячыць нашых дзяцей.
     
     Настала вясна. Неяк Вавёрка прабягала поруч той самай хвоі і ўбачыла мядзведзя, якога ўзімку лячылі пчолы. "Стары небарака" аказаўся маладым і здаровым! Вавёрка была так здзіўлена і абурана, што не ўтрымалася і спытала:
     – Мішка! А ты што і сапраўды кожны год узімку сілкуешся пчаліным мёдам?
     – Што ж тут дрэннага? – адказаў касалапы. – Пчолы мне самі аддаюць свой мёд. Ведаешь, узімку я галадаю, таму што зусім няма чаго есці!
     – Так чаму ж ты не папрацуеш і не зробіш улетку сабе запас ежы на зіму? Ты што інвалід, ці што? У цябе ж усе чатыры лапы і галава ёсць! Вось я збіраю арэхі і грыбы на зіму. Калі ты вельмі любіш салодкае, так будзь ласкавы, збяры ўлетку суніц і чарніц і пасушы іх. Потым усю зіму будзеш есці гэтыя ягадкі, як маленькія салодкія цукеркі. А мёд – гэта лякарства для хворых і слабых!
     Сорамна стала Мішку пасля такіх Вавёрчыных мараляў. І не стаў ён больш прасіць мёду ў пчол. Сам пачаў збіраць і сушыць салодкія лясныя ягады і рабіць сабе запасы на халодную і галодную зіму.
     А калі аднойчы ўвосень ён сустрэў знаёмых пчол, і яны запрасілі яго да сябе за мёдам, мядзведзь ганарліва адказаў:
     – Дзякуй! Ешце яго самі і хворым давайце. А я ўжо насушыў сабе салодкіх ягад на зіму!
     
     Казку чытае артыстка Ліка Пташук.
     
     Гэтая казка на рускай мове
23.06.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100