Лясная навальніца - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лясная навальніца
Лясная навальніца
Піць! Піць! Дайце піць! – то з аднаго, то з другога боку даносіліся ледзь чутныя галасы. Хтосьці жаласна прасіў аб дапамозе.      Добрая Фея лесу з болем у сэрцы глядзела, як на палянцы вянуць палявыя кветкі, засыхаюць ягадкі чарніц і малін. Нават яе лёгкія крокі не маглі схаваць храбусценне сухіх галінак і шолах пажоўклай лістоты, якая злятала з саслабелых дрэў.
     Столькі дзён стаіць спякота. Сонца бязлітасна спальвае траву і лістоту дрэў, а неба не дае змучанай ад смагі зямлі ні кроплі вады! "Трэба ратаваць лес ад згубы! Я павінна знайсці дождж", – цвёрда вырашыла Фея. Яна выйшла на паляну і, махаючы над галавой тонкай ружовай шаллю, пачала склікаць лясных птушак.
     – Ляціце ў неба і шукайце там цёмныя дажджавыя хмары! А калі знойдзеце, то скажыце, што я прашу іх паліць дажджом гэты лес! – нараспеў прамовіла Добрая Фея дзеля таго, каб птушкі добра зразумелі ўсе яе словы.
     – О, наша гаспадыня! Мы абавязкова прывядзём сюды дажджавыя хмары! – праспявалі ў адказ птушкі і паляцелі ў розныя бакі чыстага блакітнага неба шукаць дождж.
     А ў лесе тым часам усё гінула. Кветкі апусцілі свае галоўкі, трава пажоўкла, чырвоныя сунічкі на галінках зусім засохлі. Усе расліны так саслаблі, што нават прасіць кагосьці аб дапамозе ў іх не было сілы.
     Са слязамі ў вачах Фея глядзела ў неба, спадзяючыся ўбачыць там птушак і дажджавую хмару.
     – Дзе ж яны? Чаму іх так доўга няма? – хвалявалася Фея.
     Неўзабаве яна ўбачыла ўдалечыні, на ўзлессі, маладое Галчаня. Яно стомлена махала крыламі. Падляцеўшы бліжэй, Галчаня села на галінку асіны і, вінавата апусціўшы галоўку, прызналася, што ўжо не ў сілах было ляцець далей, таму і вярнулася назад. Птушкі праляцелі больш за сто міль, і нідзе не бачылі нават маленькай дажджавой хмаркі.
     – Але яны абяцалі абавязкова знайсці дождж, – казала Галчаня.
     – Якая бяда! – заплакала Фея. – Яшчэ трохі, і загінуць усе расліны! Дзе ж мае птушкі, як жа дапамагчы лесу?
     – Я, я дапамагу! – грукнуў здалёку Гром.
     Фея, пачуўшы яго водгаласы, ускрыкнула ад радасці:
     – Чулі? Мы выратаваны! Да нас ідзе навальніца з дажджом!
     Тым часам над лесам падняўся моцны вецер. Ён раскідаў ва ўсе бакі сухую лістоту і галінкі, панёс да неба дарожны пясок. Потым з другога боку паказалася доўгачаканая хмара. Яна было вялікая, цёмная, амаль чорная. Напэўна, у ёй было вельмі многа дажджавой вады.
     Хмара падышла да самага лесу і ўжо хацела накіраваць на яго свае жыватворныя струменьчыкі, але тут умяшаліся Гром з Маланкай. Агністая страла працяла неба і без прамаруджання ўрэзалася ў зямлю. Грымнуў аглушальны Гром, ад якога здрыганулася зямля. Гром з Маланкай узбударажылі ўсіх, і нават змучаныя ад смагі лісцікі і кветачкі павярнуліся ўгару, адчуўшы прахалоду, якая ішла з неба.
     І вось на іх ужо пасыпаліся, паляцелі велізарныя кроплі цёплага летняга дажджу. Кроплі падалі на лісце, на траву, на сухі пясок, на ягадкі і тут жа ўсмоктваліся ў іх.
     – О, Божа! Нарэшце, я памылася і напілася вады! – радавалася палявая Кветка. Гэтак жа думалі трава, лісце, дрэвы, кусты.
     І тут ужо не кроплі, а цэлыя струмені дажджу абрушыліся на лес. Яны намачылі яго ўвесь без астатку! Кожны, хто як мог, піў, піў, піў! І не мог напіцца! Якія ж усе становяцца ненасытныя, калі іх доўга мучыць смага!
     Хмара вісела над лесам, пакуль не вычарпала ўсю сваю ваду, а потым непрыкметна сплыла. А ад травы, ад лістоты дрэў, пасвяжэлых і памаладзелых ад такога жыватворнага дажджу, паляцелі ў неба маленькія кропелькі ператворанай ў пару вады. Паветра напоўнілася свежасцю, усе дрэвы, кусты, трава і кветкі, ад душы напіўшыся вады, разагнулі свае спінкі, паднялі галоўкі да неба.
     Так і стаяў напоены вільгаццю лес, здзіўлены ад такой нябачанай дабрыні. Баючыся паварушыцца, каб выпадкова не стрэсці з галінак і лісця астатнія кропелькі дажджавой вады, ён ціха-ціха спяваў самую вясёлую ў свеце песеньку.
     Гэта шчасце было такім вялікім, што лес нават не змог адразу заўважыць яшчэ адной радасці, якую яму падарыла неба – дзівоснай па прыгажосці Вясёлкі. А яна, асвятліўшы сваімі далікатнымі фарбамі ўсё неба, ласкава глядзела на свет, быццам кажучы ўсім:
     – Любуйцеся мною! Любуйцеся! І будзьце шчаслівыя!
     
     Гэтая казка на рускай мове
20.06.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100