Буквар – Чараўнік (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Буквар – Чараўнік (аповед)
Буквар – Чараўнік (аповед)
Слаўка вучыўся ў другім класе. У школе ён не адрозніваўся стараннасцю і насілу паспяваў за сваімі аднагодкамі. Вядома, хлопчык мог бы вучыцца лепш, калі б заўсёды рыхтаваўся да ўрокаў. Але Слаўка быў гультаём. Колькі мама ні пераконвала яго, што трэба добра вучыцца і нельга ленавацца, ён не жадаў гэта разумець. У яго дзённіку ўсё часцей з'яўляліся дрэнныя адзнакі.      – Троечнік ты! – казала мама. – І як табе не сорамна! Паглядзі, як вучыцца твой сусед па парце, Дзіма. Ён выдатнік!
     Але Слаўку было ўсё роўна. І тое, што казала яму мама, ніяк не закранала яго гонар і самалюбства. Для хлопчыка было цікавей пасля школы пайсці на вуліцу ці ў парк да таго часу, пакуль мама не прыйдзе з працы, а не сядзець крукам за сталом і рабіць урокі. Там на вуліцы яго чакалі сябры!
     Наташка, пяцігадовая Слаўкіна сястрычка, насупраць, вельмі хацела навучыцца чытаць і пісаць. Яна шмат разоў прасіла брата паказаць ёй літары. Але той толькі адмахваўся:
     – Навошта? Табе рана вучыцца, ты ж яшчэ маленькая.
     Але Наташка не супакойвалася і даймала яго сваімі просьбамі.
     – Упартая ж ты! – казаў брат. – Бяры кніжку, калі ты ўжо так жадаеш, ды і вучыся сама.
     Хлопчык дастаў з шафы свой стары буквар і аддаў сястры. Вядома ж, Слаўка і не спадзяваўся, што Наташка зможа сама асвоіць грамату па буквару. Куды ёй! Аднак, да яго вялікага здзіўлення, у дзяўчынкі гэта атрымалася! Праз некалькі тыдняў яго сястрычка ўжо чытала буквар па складах. Вы скажаце, гэта няпраўда? А вось і не!
     Наташцы дапамаглі навучыцца чытаць малюнкі буквара. Агурок і памідор, яблык і груша, увогуле, усе малюнкі прапанавалі ёй свае паслугі і сваю дапамогу. Яны падказвалі ёй і вучылі!
     Задумаўся Слаўка. Стала яму няўтульна і непрыемна ад таго, што яго малодшая сястрычка праз некалькі гадоў, глядзіш, і абгоніць яго ў вучобе, ды яшчэ і пасмяецца над непісьменнасцю брата. Вось пасля такіх разваг хлопчык, як кажуць, і "узяўся за розум".
     Ён пачаў старацца, і вучоба ў яго наладзілася. Спачатку з'явіліся чацвёркі, потым пяцёркі, а яшчэ пазней – васьмёркі з дзявяткамі прыжыліся на старонках яго дзённіка.
     Мама не пазнавала свайго сына.
     – Малайчына, сынок! – казала яна і радасна ўсміхалася. – Вось і сястрычка цягнецца за табой. Ужо і пісаць літары навучылася!
     У маміных вачах свяціліся шчаслівыя іскрынкі. Яна ведала – зараз ужо ёй не трэба будзе хвалявацца за сваіх дзяцей. Яе дзеці паспрабуюць вучыцца так, каб яна магла ганарыцца імі!
     
     Гэты аповед на рускай мове
20.06.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100