Прошкіна бульба - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Прошкіна бульба
Прошкіна бульба
Жыў-быў у вёсцы за лесам Прошка, балбатун і весялун. Любіў ён пакуражыцца, пажартаваць ды пасмяяцца. Усё б добра, толькі вось да хатняй працы ў хлапчука не гарнулася душа. Але як у маленькай вёсачцы пражыць без сваёй бульбы, без яек ды без сала? Вось і надумала матуля як-небудзь прывучыць сыночка да працы.      Па вясне сабраліся ў хаце бульбу садзіць. Маці і кажа хлапчуку:
     – Сынок! Я адабрала бульбачку для пасадкі. Ты насып яе ў мяшок ды занясі на гарод. Там мы яе і пасадзім.
     – Як гэта пасадзім? – здзівіўся Прошка. – Навошта гатовую бульбу ў зямлю садзіць?
     – Ты занясі, а там мы паглядзім, што з ёй рабіць! – сказала матуля.
     Добра. Раз маці кажа, значыць, ведае пра што. Узяў Прошка мяшок, насыпаў туды бульбу і на гарод панёс. Вось толькі мяшок аказаўся дзіравы. Не заўважыў Прошка дзірку ў мяшку, калі бульбу насыпаў. Пакуль нёс ён мяшок, адна самая вяртлявая і няўрымслівая Бульбіна ў дзірачку вызірнула ды і выпала на дарожку каля хаты.
     Ляжыць яна там, па баках глядзіць, на Сонейка любуецца.
     А Курыца заўважыла яе, падышла, але дзюбаць не стала:
     – Нядобрае ты месца абрала. Ох, і небяспечна вось так ляжаць на дарожцы побач з хлявом! – сказала яна Бульбіне. – Свінка ўбачыць і з'есць цябе. Ко-ко!
     – Ай-я-яй! – спалохалася Бульбіна.
     Ускочыла на ножкі і за вёску ў лес уцякла. А ў лесе так добра! Птушачкі спяваюць, матылькі пырхаюць, конікі ў траве цвыркаюць, дрэвы і кусцікі зялёнымі галінкамі махаюць. Ідзе Бульбіна па лясной сцежцы, усё навокал разглядае, усміхаецца. У капялюшык і лапцікі з яркіх кветкавых пялёсткаў прыбралася. Вяснушкі на яе тварыку блішчаць, пераліваюцца. Прыгажуня!
     І тут насустрач ёй тупае Вожычыха. Калючкі на спінцы распушыла, а на галоўку бліскучы белы банцік для прыгажосці прышпіліла:
     – Хто ты такая, адкуль ідзеш? – запытала яна.
     – Бульбіна я! Выпадкова выпала з Прошкінага мяшка праз дзірачку і ўцякла з двара, бо мяне пражэрлівая Свінка магла б з'есці! А тут, у вашым лесе, мяне ніхто не з'есць?
     – Ну, раз ты ядомая, то могуць. Толькі я не ем бульбу. Я люблю лавіць мышэй. Іх у лесе шмат. Вось яны, мышы, могуць цябе з'есці.
     – Ай-я-яй! Як жа мне быць? – зусім разгубілася Бульбіна, села на траўку і не ведае, куды ёй ісці, што рабіць.
     – Не бойся! – пашкадавала яе добрая Вожычыха. – Я цябе схаваю. Недалёка ад маёй хаткі ёсць пустая норка. У ёй ніхто не жыве. Ты залезь у яе і сядзі, толькі ціха-ціха, каб цябе ніхто не знайшоў!
     Завяла Вожычыха Бульбіну на палянку і ў норку схавала, а сама пайшла па сваіх справах.
     Прайшоў час. Вожычыха так закруцілася з вяснова-летнімі клопатамі, бо ёй трэба было даглядаць і гадаваць малянят-важанят. Яна зусім забылася пра Бульбіну, якую ўвесну ў земляную норку пасадзіла. Так, так! Вожычыха Бульбіну, сама таго не разумеючы, проста ПАСАДЗІЛА ў зямлю!
     Бульбіна сядзела ціха-ціха, усё розныя думы думала. А дожджык зямельку паліваў, і ёй сілы надаваў. Падужэла Бульбіна і зямлю прабіла сваім парасткам. З зялёнага парастка галінка вырасла, на ёй кветачкі беленькія расцвілі.
     – Прыйшла пара і табе стаць матуляй, – ласкава сказала Сонейка і падарыла Бульбачцы дзетак.
     Цяпер сядзіць яна ў зямлі не адна, а з цэлым сямействам маладзенькіх бульбін, сваіх дзетак, якія нарадзіліся і растуць побач з ёй.
     А хто ж увосень, калі ўсе дзеткі стануць зусім дарослымі, знойдзе іх і выкапае з зямлі?
     Магчыма, Прошка пойдзе ў лес у грыбы і ўбачыць куст бульбы? Ён, вядома, ужо навучыўся яе садзіць і расціць на сваім гародзе.
     "Ах, якія ладныя бульбіны ў лесе выраслі! – скажа Прошка. – Занясу я дахаты гэты лясны ўраджай і пакладу ў склеп. Такія здаровыя бульбіны захаваюцца ў халадку да наступнай вясны. А ўвесну я іх ізноў пасаджу ў гародзе. Няхай растуць і даюць новы ўраджай".
     
     Казку чытае артыст Уладзімір Рагаўцоў
     
     
     Ілюстрацыя да казкі беларускай мастачкі Анастасіі Балыш
     
     Гэтая казка на рускай мове
20.05.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100