Дзяўчынка Вяснянка і Жавараначак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзяўчынка Вяснянка і Жавараначак
Дзяўчынка Вяснянка і Жавараначак
Сёння ў школе Маша сама змайстравала дзіўную ляльку. Такой незвычайнай лялькі ў яе яшчэ ніколі не было. Ганна Іванаўна, настаўніца малодшых класаў, навучыла дзяўчынак майстэрству выраба лялячак-вяснянак. Яна паказвала, як рабіць фігурку лялькі з тканіны, як надзець на ляльку яркую каляровую сукеначку, як заплесці касу і ўплесці ў яе каляровыя стужачкі з пацеркамі.      Ганна Іванаўна распавяла дзецям шмат цікавага пра тое, як людзі раней сустракалі вясну, калі ў першыя вясновыя дні людзі выходзілі на вуліцу, спявалі песні і вадзілі карагоды. Дзяўчыны дарылі ўсім на шчасце лялячкі-вяснянкі, якія майстравалі самі. А дзеці свісталі ў гліняныя ці берасцяныя свістулькі і пускалі ў неба цацачных жаўрукоў, тым самым зазываючы сапраўдных птушачак прылятаць хутчэй і прыносіць з сабой вясновае цяпло.
     Вось такіх маленькіх птушачак-жавараначкаў з каляровай паперы сёння на ўроку і майстравалі хлапчукі з Машанага класа. Алёшка, яе сусед па парце, таксама зрабіў жаваранка. Ён атрымаўся ў яго вельмі падобным на сапраўдную птушачку.
     – А калі мы пойдзем сустракаць вясну? – спыталі дзеці ў настаўніцы.
     – У нядзелю, у дзень вясновага раўнадзенства.
     – А самаробных лялячак-вяснянак і жаваранкаў возьмем з сабой?
     – Вядома! – усміхнулася Ганна Іванаўна. – А ў каго ёсць свістулькі, таксама бярыце іх з сабой.
     – У мяне няма, – сказаў Алёшка, – але я такую свістульку абавязкова зраблю. – Мой тата навучыць мяне.
     – Вось і добра. Тады да нядзелі, – развіталася з усімі Ганна Іванаўна.
     І дзеці разбегліся па хатах.
     У нядзелю Маша вельмі рана прачнулася, хутка паела і пайшла збірацца. Сама добра апранулася і сваю ляльку лепш прыбрала, сказаўшы ёй:
     – Ты ў мяне сёння будзеш самай прыгожай!
     Машына лялька-вяснянка і сапраўды быццам усё чула і разумела. Ёй вельмі хацелася разам з дзяўчынкай пайсці на свята!
     А у парку ўжо пазбіраліся дзеці. Яны ўсміхаюцца, смяюцца, вяселяцца. Таму што надвор'е вясновае, сонейка свеціць! У руках дзяўчынак лялячкі, у хлапчукоў – жаўрукі, а Алёшка на свістульцы так класна свішча!
     – Ну, што, дзеці, паклічам Вясну! – прапанавала Ганна Іванаўна.
     – Так! Паклічам! – нібы вясёлыя птушачкі, зазвінелі дзіцячыя галасы.
     Што тут пачалося! Шум, крыкі, жарты, весялосць! Маша так захапілася ўсеагульнай весялосцю, што нават не заўважыла, як прабег дзень. Усё было настолькі цікава – песні, карагоды, гульні!
     І толькі ўвечар дзяўчынка чамусьці не ўбачыла ў сваіх руках лялечкі-вяснянкі. Яе замяніла галінка бярозкі, на якой ўжо распусціліся вясновыя завушніцы. Ды і Алёшка свістаў-свістаў на свістульцы і раптам страціў папяровага жавараначка...
     Так куды ж дзеліся лялячка-вяснянка і жаваранак?
     Усё гэта ведала толькі чараўніца-Вясна. Дзеці так весела і гучна клікалі яе, што Вясна пачула іх галасы. Але сама прыйшла непрыкметна для ўсіх. Дзяўчына Вясна прывяла з сабой цэлую чародку птушак – сорак жаўрукоў. Адкуль яны прыляцелі? Кажуць, што першыя вясновыя птушачкі прылятаюць да нас прама з Рая. Можа, так яно і было. І хто ведае, што стала з той самай прыгожай Машынай лялячкай-вяснянкай, якую яна сама змайстравала на ўроку. Напэўна, гэтая лялька так спадабалася Вясне, што яна забрала яе з сабой, ператварыўшы ў сваю памочніцу – дзяўчынку Вяснянку.
     А потым адбыўся яшчэ адзін вясновы цуд. Убачыла чароўная дзяўчынка Вяснянка, як Алёшка свішча ў сваю свістульку і зусім забыўся адпусціць у неба самаробнага папяровага жаваранка, і ператварыла птушачку ў чароўнага Жавараначка. І паляцеў ён разам з дзяўчынай Вясной і дзяўчынкай Вяснянкай далей па свеце, каб дарыць усім вясновае цяпло, радасць і любоў.
     
     p.s. па малюнку Ўладзіміра Распуціна "Жаўрук"
     
     Гэтая казка на рускай мове
14.03.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100