Сустрэча Новага года ў лесе - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сустрэча Новага года ў лесе
Сустрэча Новага года ў лесе
Набліжаўся Новы год. Увесь лес рыхтаваўся да сустрэчы з ім. Птушкі чысцілі і ўпрыгожвалі свае гнёзды, вавёркі – дуплы, мышы, вожыкі, лісы і іншыя лясныя звяры – норы, адны ласі і кабаны хадзілі без работы. Але потым і ім знайшлося заняцце – чысціць ад смецця лес. Калі з навагодняй уборкай усё было скончана, лясныя жыхары пачалі гатаваць святочныя стравы. Вавёрка спякла свой фірменны арэхавы торт, Зайчыха – любімы маркоўны пірог, Вожычыха прыгатавала смачную салату з грыбоў. Нават Мышка ўмудрылася штосьці спячы з залацістых пшанічных зярнят, толькі вось Лось ды Кабан аказаліся няздольнымі да падрыхтоўкі страў. Але ў лесе ўсе ведалі пра гэта і, вядома ж, ніхто не збіраўся пакідаць сваіх сяброў без святочнай вячэры.      Вось ужо і стол накрыты. Тут усе ўспомнілі пра навагоднюю Ёлку. Яе ж упрыгожыць трэба абавязкова! Як жа так, Новы год ды без Ёлкі! Тым больш, што сама святочная прыгажуня ўжо даўно была абрана. Ды і дзеці: ваверчаняты і зайчаняты, важаняты і мышаняты, ваўчаняты і медзведзяняты ўжо зачакаліся абяцанай бацькамі навагодняй Ёлкі.
     Усе дружна прыняліся за работу. Выцягнулі з зацішных куточкаў прыхаваныя там леташнія навагоднія ўпрыгожванні і павесілі іх на лясную красуню. Калі ўсё было гатова, Варона, абляцеўшы Ёлку з усіх бакоў, заявіла, што ўпрыгожыць верхавіну зусім забыліся! І тут хтосьці ўспомніў, што вялікую серабрыстую зорку са шкла летась выпадкова разбілі! Дзе ж узяць новую, ніхто не ведаў. А без зоркі на верхавіне навагодняя Ёлка зусім не выглядае.
     – Вось калі б цяпер быў мароз, мы б зрабілі такую зорку з лёду! – сказаў Мядзведзь. – Але ў нас няма не толькі лёду, але нават снегу.
     – Так, гэта дрэнна, – пацвердзіў Воўк. – Канец снежня, а снегу няма. Зусім не цікава так сустракаць Новы год.
     І ўсе сумна паглядзелі ўгару. Вечарэла. На небе загарэліся мільёны сапраўдных яркіх зорачак. Аднак ніводная сняжынка не ўпала на зямлю, таму што снежных аблокаў на небе проста не было.
     – Дзе ж Дзядуля Мароз? Ён зусім забыўся пра нас! – журыліся маляняты. – І ніхто не падорыць нам навагоднія падарункі!
     – Не сумуйце, – сказаў зоркі Арол. – Я зараз жа палячу на Поўнач і паспрабую адшукаць там Дзеда Мароза і Снягурку. Можа, змагу ўгаварыць іх як мага шпарчэй прыехаць да нас.
     Было позна, але ніхто не пайшоў спаць. Усе чакалі, калі вернецца Арол. Вельмі хацелася дачакацца сапраўднай зімы з марозам і снегам, калі ўсе дрэвы ў лесе апрануты ў белыя адзенні, снег храбусціць, і іскрацца сняжынкі.
     Арлу пашанцавала. Ён хутка адшукаў на Поўначы Дзеда Мароза са Снягуркай. Арол паведаміў ім, што ўсе звяры ў лесе з нецярпеннем чакаюць іх у госці, а навагодняя Ёлка ўжо даўно ўпрыгожана. Дзед Мароз са Снягуркай пачуўшы пра гэта, тут жа селі ў свае чароўныя санкі і паехалі ўслед за Арлом.
     Звяры з нецярпеннем чакалі дарагіх госцей і з радасцю сустрэлі іх. Дзед Мароз убачыў, што на дрэвах няма ніводнай сняжынкі, і таму адразу ўзяўся за работу. Неўзабаве, лес стала не пазнаць. Ён апрануўся ў пышныя белыя снежныя ўборы і адразу папрыгажэў. А яшчэ на верхавіне навагодняй Ёлкі з'явілася вельмі прыгожая ледзяная Зорка.
     Дзядуля Мароз і Снягурка не забыліся пра навагоднія падарункі. Яны раздалі іх маленькім зайчанятам, лісянятам, важанятам, мышанятам, медзведзянятам, ваўчанятам і іншым лясным звяркам. І, вядома ж, кожны атрымаў тое, пра што марыў, бо Дзядуля – сапраўдны чараўнік, ён заўсёды адгадвае запаветныя жаданні малянят і выконвае іх.
     І вось настаў апошні перадсвяточны дзень, трыццаць першае снежня. Само Сонейка не пазнала лес. Ён стаў такі прыгожы і святочны! Усе дрэвы, апранутыя ў беласнежныя футры, пераліваліся тысячамі рознакаляровых іскрынак, пухнаты снежны дыван асляпляльна блішчаў! Але самай прыгожай усё ж такі была навагодняя Ёлка!
     Раптам аднекуль з неба, а можа нават з лесу, пачуліся вельмі прыгожыя і далікатныя гукі святочнага вальса. І прыгажуня Ёлка не вытрымала. Яна закружылася ад шчасця пад музыку вальса! Ёлка кружылася і кружылася, кружылася і кружылася, а цацкі на ёй звінелі і пераліваліся ад праменьчыкаў сонца. Усе маляняты, як зачараваныя, глядзелі на лясную прынцэсу.
     А калі сцямнела, на небе з'явіліся зорачкі. Раптам самыя маленькія зорачкі апусціліся на галінкі навагодняй Ёлкі і пачалі танцаваць! Зорачкі пераляталі з галінкі на галінку і загараліся рознымі фарбамі, быццам сапраўдныя электрычныя лямпачкі! Навагодняя Ёлка стала такой чароўнай! Дзеці не маглі адарваць ад яе вачэй.
     Роўна ў дванаццаць гадзін ночы паветра асвятлілася дзівосным ззяннем. І ўсе ўбачылі, як па небе ляцяць ледзяныя санкі, запрэжаныя тройкай жвавых коней. А ў санках сядзіць хлопчык, усміхаецца і весела махае ўсім рукой.
     Што тут зрабілася! Угару паляцелі хлопаўкі, шары, успыхнулі бенгальскія агні. Усе віншавалі адзін аднаго з надыходам Новага года.
     Так, так, гэта быў сапраўдны Новы год! Ён хутка праляцеў на сваіх бліскучых санках над лесам і паляцеў далей, каб не спазніцца да іншых людзей. У гэтую чароўную ноч сустрэчы з ім чакалі ўсе жыхары нашай планеты, бо Новы год прыносіць сапраўднае шчасце, радасць і весялосць!
     
     Гэтая казка на рускай мове
13.03.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100