Чаму Чорны Кот не атрымаў Знічку - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чаму Чорны Кот не атрымаў Знічку
Чаму Чорны Кот не атрымаў Знічку
     
Жыў-быў Чорны Кот, які вельмі хацеў злавіць нябесную Знічку. Але гэта у яго не атрымалася. Чаму, вы даведаецеся, прачытаўшы наступную казку…      
     Глыбокай ноччу ў поўнай цемры па нябачных усходах на неба ўзнімаўся сівабароды стары чалавек у доўгім паліто. Усё жыццё ён праслужыў начным вартаўніком зорнага неба. Акрамя свайго абавязку ахоўваць зоркі, дзядуля часта праціраў іх крыштальныя паверхні ад бруду і лёду. Вось і цяпер вартаўнік звярнуў увагу на тое, што ўсе зоркі пакрыліся шэрай смугой і зледзянелі.
     – Як заўсёды! — прабурчаў ён сабе пад нос. – Нікому няма справы да зорак. Пакуль я не пратру іх, ніхто і не падумае гэта зрабіць. Як быццам нікому не хочацца, каб у небе свяцілі яркія зоркі!
     Крэкчучы і пасапваючы ад стомленасці, стары насілу дабраўся да зорак і тут жа са стараннасцю стаў праціраць іх затуманеныя паверхні. Зорачкі чысціліся ад бруду, ледзяной коркі, пачыналі пералівацца і зіхацець, быццам зробленыя з чароўнага крышталю. А лёд, счышчаны з зорак шчоткай дзядулі, ператвараўся ў ваду і ляцеў да зямлі. Кроплі расталай вады з гучна грукаліся аб бляшаныя падстрэшкі, дахі дамоў і абуджалі людзей ад сну.
     – Што гэта так крапае? – дзівіліся яны. – Дажджу на вуліцы быццам бы і няма?
     Тым часам не спаў толькі велізарны чорны Кот з вялікімі зялёнымі вачамі. Ён сядзеў ля акна і назіраў за небам і за тым, як там адна за адной запальваюцца зоркі. Кот слухаў грукат кропель адталай вады па бляшаным даху сваёй хаты і пра нешта думаў. Гэта быў не просты Кот. Ён усё разумеў і нават ведаў, што ў той час адбывалася на небе…
     Калісьці, мама, рыжая Кошка, расказала яму, яшчэ зусім маленькаму кацяняці, пра вартаўніка зорнага неба. Яна ведала, што гэты незвычайны чалавек кожную ноч узбіраецца на неба, каб вартаваць зоркі. Праз некаторы час маленькі коцік падрос і ператварыўся ў вялікага чорнага Ката. Яго мама нечакана памерла і няшчасны Кот застаўся зусім адзін. Аднойчы, блукаючы ўначы па вуліцах соннага горада, ён убачыў чалавека ў доўгім цёмным паліто. Незнаёмец таксама заўважыў чорнага Ката, які баязліва прыціскаўся да цаглянай сцяны дома. Чалавеку стала шкада небараку. Ён узяў Ката на рукі і панёс да сябе.
     Гэты незнаёмец быў стары і самотны. Можа таму ён вырашыў узяць бяздомнага Ката і даць яму прытулак у сваёй хаце. Паступова Кот прывык да свайго гаспадара. Яны пасябравалі. Кожную ноч стары апранаў доўгае, да самых пят, паліто, насоўваў на вочы палі старога капелюша і кудысьці знікаў. Гледзячы на гэта, Кот успамінаў аповед сваёй мамы Кошкі і аднойчы зразумеў, што яго гаспадар і ёсць той самы начны вартаўнік зорнага неба...
     Вось і цяпер Кот сядзеў ля акна ў хаце і глядзеў на цёмнае неба. А яго гаспадар там, наверсе, чысціў зоркі. Нарэшце, усе нябесныя стварэнні былі вычышчаны ад шэрай смугі і лёду. Засталася апошняя, цьмяная, уся пакрытая лёдам Зорачка.
     – І чаму ж ты сёння такая брудная! – усміхнуўся вартаўнік і пачаў праціраць мурзу мяккай шчотачкай. Але ён не разлічыў свае сілы і незнарок націснуў на далікатную паверхню Зоркі мацней звычайнага. Здарылася бяда. Ад нябеснай Зоркі адшчапіўся маленькі асколак і паляцеў уніз да зямлі!
     – Прабач мяне, Зорка, я не хацеў! – з болем у голасе прамовіў дзядуля. – Ты толькі не хвалюйся, я знайду гэты кавалачак і вярну яго табе!
     – Не трэба! – быццам рэха, пачуўся голас Зоркі. – Таму, хто знойдзе мой асколак, я падару яго на шчасце!
     – Дзякуй, мілая! Прабач мяне яшчэ раз! – вартаўнік з пяшчотай дакрануўся да Зорачкі, а яна раптам заблішчала намнога ярчэй на здзіўленне мяккім і цёплым святлом!
     Так выпадкова адкрылася самая вялікая нябесная таямніца: не толькі для людзей, але і для зорак, ласка і пяшчота даражэй усяго на свеце…
     А тым часам унізе, на акне сваёй хаты, чорны зялёнавокі Кот усё яшчэ сачыў за небам. І калі ён заўважыў яркі агеньчык, падобны на маленькую Знічку, якая імкліва ляцела ўніз, дык тут жа саскочыў з акна і пабег у той бок, куды паляцеў гэты іскрысты цуд.
     Дык куды ж упаў асколак Зоркі, ператвораны па дарозе ў маленечкую Знічку? Вы не паверыце! Ён патрапіў у расчыненае акно хаты, дзе жыла маленькая дзяўчынка з мамай і татам! А малой тым часам сніўся дзіўны сон. Быццам вялікая нябесная Зорачка даслала ёй у падарунак маленькую Знічку. І пры гэтым наказала: "Беражы яе. Яна прынясе табе шчасце!"
     Раптам дзяўчынка прачнулася. На падлозе каля свайго ложачка яна ўбачыла кропачку, якая дзіўна свяцілася! Усхваляваная такім цудоўным падарункам, малая прашаптала, паглядзеўшы ў расчыненае акно:
     – Вялікі дзякуй, дарагая нябесная Зорка! Я абавязкова зберагу тваю чароўную Знічку!
     У той жа час малая заўважыла, што з акна за ёй назіраюць два зялёныя агеньчыкі каціных вачэй. Чорны Кот сядзеў на падаконніку і з прагнасцю глядзеў на дзяўчынку. Яму так хацелася адабраць у яе гэтую цудоўную Знічку і аднесці свайму гаспадару дзеля таго, каб у іх хаце стала яшчэ больш шчасця!
     Але вялікая нябесная Зорка, тая, што падарыла дзяўчынцы свой маленькі зіхатлівы асколак, ператварыўшы яго ў Знічку, злёгку правяла яркім праменьчыкам па чорнай поўсці Ката і прамовіла голасам, падобным на рэха:
     – Не чапай! Гэта мой падарунак дзяўчынцы. І не зайздросць ёй. Падумай! Ты ж і так шчаслівы. Хто, акрамя цябе, можа пахваліцца, што яго гаспадар – вартаўнік зорнага неба!
     – Гэта так! – праваркатаў сабе ў вусы чорны Кот, важна падняў хвост, а яго зялёныя вочы заблішчалі ад задавальнення.
     Затым ён саскочыў з акна і пабег дахаты чакаць свайго гаспадара, які ўжо скора павінен быў вярнуцца з сакрэтнай службы, начнога вартаўніка зорнага неба.
     
     p.s. малюнак украінскай мастачкі і пісьменніцы Галіны Польняк.
     
     Гэта казка ў часопісе “Вясёлка” 2021 год
     https://vk.com/@veselkaby-vartank-zornaga-neba
     
     Гэтая казка на рускай мове
22.02.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100