Старадаўні вальс - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Старадаўні вальс
Старадаўні вальс
Пеця ганяў на веласіпедзе па дарозе каля вясковых хат. Сёлета ўлетку перад паездкай да бабулі на канікулы тата зрабіў яму такі цудоўны падарунак. І хоць круціць педалі па пяшчанай дарозе пад гару было даволі цяжка, але затое назад з гары Пеця ляцеў, нібы на крылах. Хлопчык заўсёды зайздросціў птушкам, і яму так хацелася хоць на імгненне адарвацца ад зямлі, каб адчуць сябе сапраўднай птушкай! На веласіпедзе гэта атрымоўвалася. У Пеці захоплівала дыханне, калі ён на ўсіх парах нёсся з пагорка, быццам узлятаў у паветра разам з цёплым летнім ветрыкам.      На канцы вёскі, ля поля, стаяў закінуты дом. Казалі, што раней у ім жыў стары чалавек. На паддашку дома ён трымаў галубоў. Пеця ведаў, што гэты дзядуля вельмі любіў слухаць музыку. У яго доме часта гучалі вальсы, рамансы, песні тых даўніх гадоў. У старога быў грамафон, які ён захоўваў і нікому не давяраў. А калі дзядуля памёр, сваякі не змаглі прадаць яго жыллё. За шмат гадоў нікому не патрэбны, халодны дом струхлеў, гарод вакол яго зарос пустазеллем.
     Пеця развярнуўся ля старога дома і паехаў назад. Вечарэла. З поля пастухі гналі кароў. Вунь і бабуліна Соня ідзе. Гэтая карова такая марудлівая, здаецца, што яна ўвесь час спіць. Пеця дзівіцца, як гэта бабуля яшчэ ўмее раніцай яе выправаджваць з хлява на пашу. Сумнае "Му-ў-у" толькі і чуеш ад каровы. Яна быццам кажа: "Не чапайце мяне! Я яшчэ не прачнулася". Нездарма бабуля так яе кліча, бо, гэта не карова, а сапраўдная соня!
     "Што зрабіць, каб наша Соня хоць трохі падбадзёрылася і стала весялей глядзець на жыццё, – думаў Пеця, гледзячы ў сумныя і незадаволеныя вочы каровы і на тое, як яна ледзь-ледзь ідзе ў хлеў. – Вось птушкі, – працягваў свае роздумы хлопчык, – гэта зусім іншая справа. – Лётаюць, спяваюць на ўсе галасы, хто як можа, вясёлыя і безжурботныя".
     Праехаўшы яшчэ адзін круг, Пеця зноў развярнуўся каля старога дома. Паглядзеў угару на паддашак. І ўбачыў там галубоў! "Няўжо, яны ўсё яшчэ не забылі старое месца і прылятаюць сюды!" – падумаў ён. Хлопчык паставіў веласіпед ля штыкетніка і зайшоў у закінуты двор. Насілу прабраўся праз зараснікі высокай травы і асцярожна забраўся па лесках на паддашак.
     Некалькі галубоў сядзела на чамадану, пакрытым пылам і павуціннем. Побач ляжала кардонная скрынка, таксама аброслая павуціннем з усіх бакоў. Пеця падцягнуў да сябе чамадан, але белакрылыя галубы не збіраліся злятаць з яго.
     – Я хачу паглядзець, што там! – папрасіў хлопчык.
     І толькі тады галубы паслухаліся яго. Пеця сцёр пыл і адчыніў чамадан.
     – Грамафон?! – здзівіўся хлопчык. – Ды яшчэ і з пласцінкамі. Вось гэта знаходка!
     Ён спусціўся ўніз, асцярожна трымаючы чамадан у руках, і панёс яго ў свой двор. Паставіў на драўляны стол і паспрабаваў прайграць пласцінку. Грамафон не работаў ад электрычнасці, трэба было накручваць спружыну. Пачуўся лёгкі трэск, а потым па двары палілася мелодыя вальса. Сабака і кот, нават куры і певень адразу ж звярнулі ўвагу на новае дзіва. Хоць яно было хутчэй не новым, а вельмі старым!
     Бабуля выйшла з хлява і паглядзела на Пеціна набыццё.
     – Стары грамафон? Адкуль ты яго ўзяў? З паддашка? Як цікава! Няўжо сусед яго там схаваў ад усіх, як старадаўнюю рэліквію? – здагадалася яна. – Якая цудоўная музыка! Глядзі, Пеця, здаецца, нават наша Соня павесялела. Відаць і ёй спадабаўся вальс! – усміхнулася бабуля, гледзячы, як карова з цікаўнасцю глядзіць на шумнае відовішча ў двары.
     – Бабуля! Я цябе запрашаю! – сказаў унук, і як сапраўдны кавалер павёў бабулю танцаваць пад музыку вальса.
     – Ой, Пеця! Як мне падабаюцца гэтыя старадаўнія мелодыі! Я ўспамінаю, як тады, вельмі даўно, гэты дзядуля выносіў грамафон на вуліцу і ўстройваў танцы. Усе суседзі, якія жылі побач з намі, збіраліся тут, у яго штыкетніка. А я ў той час была дзяўчынкай.
     – Бабуля! Увосень я пайду вучыцца ў музычную школу! – пахваліўся ўнук.
     – Праўда? І на чым ты будзеш вучыцца іграць?
     – На флейце. Яна ў мяне ўжо ёсць.
     – Вось навучышся іграць і прыедзеш да мяне ўлетку разам з ёй, добра? І мы будзем наладжваць канцэрты ў двары! – абрадавалася бабуля.
     – Ведаеш, у флейты голас вельмі далікатны і падобны на голас птушкі, – сказаў Пеця.
     – Напэўна, ён падобны на голас салаўя, – усміхнулася бабуля.
     Яна гэтак жа, як і ўнук і як той дзядуля, яе ранейшы сусед, вельмі любіла музыку. Але хто ж яе не любіць? Калі нават карова Соня і тая павесялела, прыслухаўшыся да мелодыі старадаўняга вальса.
     Стары дом, які стаяў насупраць бабулінай хаты, чуў усё, што адбывалася ў двары праз дарогу. Ён чуў, як Пеця залез па лесках, як адагнаў галубоў, як забраў яго каштоўны скарб, старадаўні грамафон, і панёс у свой двор. А цяпер адтуль даносілася музыка вальса.
     "Значыць, грамафон яшчэ цэлы, – думаў дом. – Добра. Хай іграе. А так што, згніе тут, на паддашку, і ператворыцца ў такую ж старызну, як і я. Вось і бабуля памятае майго гаспадара і распавядае пра яго ўнуку. Значыць, памяць пра чалавека жыве, і ўсё гэта праз яе – праз любоў да музыкі!
     
     Гэтае апавяданне на рускай мове
10.02.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100