Бярэзінскі воўк - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бярэзінскі воўк
Бярэзінскі воўк
Алесь жыве ў маленькім пасёлку на беразе ракі з прыгожай назвай Бярэзіна. Чаму яе так назвалі? Можа таму, што ў лясах Беларускага Паазер'я расце шмат бяроз.      – У тую вясну, калі ты нарадзіўся, пералётныя птушкі ўжо вярнуліся на Паазер'е з Вырая. То белыя чаплі, жураўлі, гусі, качкі, кулікі – ды іх усіх не пералічыць. Ты ж ведаеш, колькі да нас на заліўныя лугі і азёры прылятае гнездавацца птушак! Я цябе люляла ў калысцы, а птушкі мне падпявалі на розныя галасы, – распавядала маці, з пяшчотнай усмешкай гледзячы на сына.
     Хлопчык часта ўспамінае словы матулі, калі сядзіць на беразе ракі ці блукае па звілістых лясных сцяжынках. Што ні кажы, а месцы ў яго родным краі і сапраўды проста цудоўныя: шырокая рака, блакітныя азёры, густыя лясныя гушчары. Алесь часта бывае ў лесе, асабліва ўлетку. У гэтую пару года ўсе сонечныя палянкі проста абсыпаны чырвонымі ягадкамі духмянай суніцы, на кусціках цямнее сакавітыя чарніцы, дурніцы, а з зараснікаў малінніку выглядаюць пунсовыя ягадкі салодкіх малін. Апрача таго хлопчык з бацькам яшчэ і заўзятыя грыбнікі. Бацька неяк сам навучыўся вызначаць, ці будзе год грыбным. Вось і ў гэты год ён ужо абвясціў усім: "Грыбнікі! Рыхтуйце ножыкі!"
     Бацька Алеся працуе ў лясніцтве. Хлопчык нават трохі дапамагае яму ў працы. Напрыклад, мінулай восенню яны разам садзілі маладыя бярозкі, сасёнкі і ялінкі, а ў гэтую вясну Алесь дапамагаў бацьку збіраць бярозавік. "Бярозавік – гэта дарунак ад Бога, – кажа бацька. – Нам трэба быць вельмі асцярожнымі, каб не нашкодзіць дрэвам".
     Цяпер лета. Алесь скончыў трэці клас з добрымі адзнакамі. Бацька сказаў: "Малайчына, так трымай! Для цябе вучоба павінна быць на першым месцы".
     А сёння хлопчык адзін пайшоў у лес па грыбы, таму што бацька заняты, ён на працы ў лясніцтве. У адзіночку ісці ў лес Алесь зусім не баіцца, бо ўсе лясныя сцяжынкі яму добра знаёмыя. Таму нават компаса хлопчык не ўзяў з сабой. У лесе яму пашанцавала. Ён выпадкова патрапіў на новае цудоўнае грыбное месца. Прайшла толькі адна гадзіна, а кошык Алеся быў ужо даверху напоўнены прыгожымі баравікамі і лісічкамі.
     Ух, і хораша ж у лесе! Хлопчык улёгся на траву і паглядзеў угару, атрымліваючы асалоду ад лясной прыгажосці. А там! Верхавіны дрэў злёгку калышуцца з боку ў бок, сонечныя прамяні прабіваюцца скрозь лістоту. Ды і ўнізе ад зямлі ідзе вельмі прыемны пах духмянай лясной травы і кветак. Вось на яго руку сеў карычневы матылёк з белымі плямкамі на крылцах, вельмі падобнымі на вочкі. "І што ён тут разглядае на маёй блакітнай кашулі? – падумаў Алесь. – Напэўна, вырашыў, што гэта неба. Пераблытаў дурненькі!" Хлопчык усміхнуўся. Ён і не заўважыў, як сонца стала схіляцца да гарызонту. Так завабіў яго лес сваім зачараваннем!
     Ачуўшыся ад ляснога прыцягнення, Алесь падняўся з зямлі, атросся. "У які бок мне трэба ісці назад? – хлопчык у разгубленасці паглядзеў на дрэвы і кусты, а сэрца ў грудзях раптам стала мацней біцца. – Няўжо я заблудзіўся?" – са страхам падумаў ён. У яго кішэні не аказалася тэлефона. "Я ж браў яго з сабой! Напэўна, упусціў у траву". Яшчэ мацней закалацілася сэрца, і Алесь ледзь не заплакаў. Ірвануўся ў адзін бок, затым – у другі. Ён дакладна ведаў, што дзесьці тут, непадалёку, павінна быць тая прыкметная сцяжынка, якая заўсёды прыводзіла яго да роднай хаты. Але дзе ж яна? Яе нідзе няма! Ад страху падкасіліся ногі, і хлопчык сеў на зямлю, абапёршыся спіной аб ствол бярозы.
     Раптам дзесьці наперадзе пачуўся шорах. "Гэта воўк!" – мільганула думка. Алесь ускочыў і палез на дрэва. З-за куста паказалася шэрая ваўчыная морда з яскравымі вачамі. Воўк падышоў да дрэва. І тут хлопчык убачыў штосьці знаёмае: жмуты выдранай поўсці на ваўчынай спіне і зламанае вуха. "Так гэта ж той самы воўк, якога мы з бацькам выратавалі год назад!" Хлопчык жыва ўспомніў вясновы дзень: крыгаход на Бярэзіне, крыгі, якія плылі па рацэ, і маладога спалоханага ваўка, які насілу ўтрымліваўся на адной з крыг. Алесь з бацькам у той памятны дзень усё ж такі змаглі вяліким тоўстым сукам прыцягнуць крыгу да берага і выратаваць звера.
     – Глядзі! – сказаў тады бацька. – У ваўка абадраны бок, і зламана вуха. Мабыць, небараку дасталася добрае трапанне ад яго ж сабратаў. Толькі вось завошта? Кажуць, ваўкі часта кусаюць і мучаюць самага слабага ваўка. І тады той сыходзіць са зграі. Воўк жыве ў лесе адзін або збірае новую зграю, у якой сам становіцца важаком.
     "Так і ёсць. Гэта той самы воўк! – зразумеў хлопчык. – Магчыма, ён успомніць мяне, бо мы яго калісьці выратавалі!"
     – Прывітанне, дружа! Ты мяне памятаеш? Увесну я дапамог табе выбрацца з ракі на сушу. Так дапамажы мне цяпер знайсці дарогу дахаты, – Алесь паспрабаваў сказаць гэтыя словы як мага мякчэй і даверлівей.
     Воўк не варушыўся і ўважліва разглядаў хлопчыка. Але, калі той асцярожна злез з дрэва, мацёры драпежнік не выскаліў зубы і не накінуўся на чалавека. Наадварот, як верны сабака, ён глядзеў Алесю прама ў вочы. Потым пайшоў, азіраючыся, і павёў хлопчыка следам за сабой. Не прайшло і дзесяці хвілін, як воўк вывеў небараку на яго запаветную сцежку. Алесю ж здалося, што прайшла цэлая вечнасць. А потым хлопчыу бег дахаты, нічога не бачачы перад сабой, акрамя выратавальнай сцяжынкі. І толькі каля самай хаты прысеў на кукішкі і адсопся...
     Толькі аднойчы, седзячы ля ракі на тым жа самым месцы, дзе яны калісьці ратавалі ваўка, Алесь вырашыў расказаць пра ўсё бацьку.
     – Вось бачыш, – задуменна прамовіў той, – воўк выратаваў цябе, як калісьці мы з табой выратавалі яго. Значыць, ён памятаў дабро, якое яму зрабілі. Я б не здзівіўся, калі б мы яго сустрэлі зноў, бо ён ужо стаў нашым сябрам.
     Усё так і адбылося. Гэта здарылася ў тую неверагодна халодную зіму. Усе ў хаце спалі, калі пачулася, што каля брамкі нехта скавыча і вые. Алесь прыслухаўся. Гэта не Тарзан. Сабаку ў такія маразы трымалі ў хаце. Так хто ж?
     Хлопчык зірнуў у акно і ўбачыў два гарашчых вока:
     – Тата! Воўк!
     Бацька ўстаў, узяў стрэльбу і выйшаў у двор. Але праз пару хвілін вярнуўся.
     – Гэта той самы воўк, ён змарнеў да непазнавальнасці. Што будзем рабіць?
     – Давай возьмем яго. Я ведаю, ён не кране нас. Мне шкада, бо інакш ён памрэ!
     Вось так воўк і застаўся жыць у людзей. Ён не чапаў сваіх даўніх сяброў, нават стаў іх абаронцам. Прайшло некалькі гадоў. Суседзі даўно звыкліся, што ў двары Алеся жыве сапраўдны мацёры воўк. Толькі які ж ён мацёры, калі сябруе з Тарзанам і нароўні з ім гатовы ахоўваць жыллё і жыццё сваіх гаспадароў.
     
     Гэтае апавяданне на рускай мове
10.02.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100