Мае першыя казкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мае першыя казкі
Мае першыя казкі
Гэта быў канец пяцідзесятых гадоў. Разбураны падчас Вялікай Айчыннай вайны горад Мінск толькі-толькі яшчэ патроху адбудоўваўся. Шмат людзей тулілася ў маленькіх пакоіках старых даваенных уцалелых ад бамбёжак хат ці наспех пабудаваных пасля вайны баракаў. Але дух свабоды, адваяванай у фашыстаў, і вера ў шчаслівую будучыню сваёй краіны нікому не дазвалялі сумаваць. Людзі надзеяліся на тое, што хутка яны будуць жыць лепш, пабудуюць сабе добраўпарадкаваныя кватэры, а іх дзеці, якіх тым часам нараджалася вельмі многа, вырастуць адукаванымі і матэрыяльна забяспечанымі людзьмі. Галоўнае, каб не было вайны!      Мой бацька, былы франтавік, працаваў з раніцы да ночы, а мама, як магла, спраўлялася з хатнімі справамі і гадавала нас, трох сваіх малалетніх дзяцей. Старэйшая сястра ўжо хадзіла ў школу, а мы з братам, пагодкі, сядзелі дома (дзіцячых садкоў у той час было мала). Самымі любімымі забаўкамі для нас тады былі дзіцячыя гульні, якіх наша мама ведала вялікае мноства – хованкі, лічылкі, ладачкі, нітачкі, будавалі хаткі з запалак і г.д.
     Наша матуля была вялікая расказчыца. Яна сама складала казкі і розныя гісторыі. Нарадзіўшыся ў бядняцкай сялянскай сям'і, яна змагла скончыць толькі чатыры класы пачатковай школы. Чытаць умела, пісала, але са мноствам памылак. Аднак, сама спазнаўшы ўсе нягоды галоднага дзяцінства і ваеннай юнацкасці ў акупацыі ў спаленай немцамі вёсцы з хворымі бацькамі, мама ўсімі сіламі імкнулася вывучыць нас, сваіх дзяцей, і даць нам годную для лепшай, чым у яе, жыццёвай долі, адукацыю.
     Што ж у нас, малянят, для гэтага было ў тыя гады?
     Радыёпрыёмнік. Так, так! Мы яго слухалі з раніцы да ночы. Ён практычна не выключаўся. Гэта было квадратнае карычневае радыё. Яно вісела на сцяне ў нашым адзіным пакоі шасці кватэрнай аднапавярховай драўлянай даваеннай хаты. Там, у гэтым пакойчыку, мы ўсе спалі, елі, вучыліся, гулялі і працавалі.
     У шэсць часоў раніцы з боем Крамлёўскіх курантаў і гімнам Савецкага Саюза прачыналася мама, каб тапіць печку, варыць ежу, адпраўляць бацьку на працу, старэйшую сястру – у школу і толькі потым займацца намі, сваімі малодшымі дзецьмі. У дванаццаць гадзін ночы па радыё зноў прабівалі куранты, і ўрачыста гучаў гімн. Мы з братам, лежучы "вальтом" у пасцелі побач з мамай, стараліся не спаць, пакуль не пачуем гімн.
     Раніцай мы заслухоўваліся дзіцячымі радыёпастаноўкамі з удзелам вядомых у той час артыстаў тэатра. Іх цёплыя шчырыя галасы дагэтуль гучаць у маім сэрцы. Па вечарах мы беглі да радыёпрыёмніка, каб паслухаць невядомую цікавую казку. Колькі радасці і шчасці яна прыносіла нам!
     Мама сама запісалася ў дзіцячую бібліятэку і прыносіла дахаты дзіцячыя кніжкі. Я успамінаю, як яна чытала нам рускія народныя казкі. З якім задавальненнем мы слухалі іх! Гэтыя казкі: "Мальчик-с-пальчик", "Крошечка-Хаврошечка", "Кощей Бессмертный", "Гуси-Лебеди", "Лисичка-сестричка и волк", "Сивко-бурко", "По щучьему веленью", "Сестрица Алёнушка и братец Иванушка", "Царевна-лягушка", "Иванушка-дурачок", "Иван-царевич и серый волк", "Про Добрыню Никитича и Змея Горыныча"мы з братам гатовыя былі слухаць шмат разоў. Як прагна мы ўслухоўваліся ў кожнае слова матулі. Чытала яна павольна, а мы з нецярпеннем чакалі працяг казкі. Колькі дзіцячых думак, фантазій і роздуму нараджалася ў нашым уяўленні ў гэтыя хвіліны!
     У пяць гадоў мой брат вывучыўся чытаць па буквару нашай старэйшай сястры, а ўслед за ім навучылася чытаць і я. Да школы брат сам асіліў таўшчэзную кнігу рускіх народных казак і вельмі ганарыўся гэтым. Вядома, я ў той час не магла параўнацца з ім. Мама хваліла брата і расказвала пра яго поспехі ўсім суседкам нашага двара. А я з глыбокай пашанай глядзела на брата і перагортвала пацямнелыя ад часу старонкі старой кнігі ў патрапанай вокладцы. Калі я не памыляюся, у ёй не было малюначкаў, але былі прыгожыя напышлівыя літары на пачатку кожнай казкі.
     Гэта былі "Русские народные сказки", сабраныя ў дзевятнаццатым стагоддзі рускім навуковым фалькларыстам А.Н. Афанасьевым.
     
     Гэты ўспамін на рускай мове
09.02.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100