Джульбарс - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Джульбарс
Джульбарс
У гарадскім парку побач з новым будынкам музея зусім нядаўна пасяліўся ваенна-транспартны самалёт часоў Вялікай Айчыннай Вайны (ВАВ). Яго перавезлі сюды са старога будынка музея. На такіх самалётах дастаўлялі партызанам на акупіраваную тэрыторыю прадукты і боепрыпасы, а назад, у савецкі тыл, адпраўлялі параненых байцоў.      Шмат гадоў праляцела з той пары, але людзі не забыліся пра подзвігі салдатаў і партызан. У музеях ВАВ захоўваюцца фатаграфіі, лісты і асабістыя рэчы салдатаў, ваенная тэхніка, якая дапамагла вызваліць нашу зямлю ад фашысцкіх захопнікаў. Вось і наш ветэран вайны, самалёт тыпу Лі-2, усе пасляваенныя гады ганарліва выконвае сваю місію: ён знаёміць жыхароў і гасцей горада з незабыўным гераічным часам мінулай вайны.
     А цяпер побач з самалётам зялёнага колеру спакойна цякло мірнае жыццё старога парка. Дрэвы, пасаджаныя тут перад самай вайной маладымі людзьмі, з маленькіх саджанцаў ператварыліся ў высокія стройныя ліпы і таполі, клёны і ясені, дубы і бярозы. Яны гэтак жа, як і стары баявы самалёт, шмат усяго пабачылі ў сваім жыцці. Старым дрэвам да таго стаў цікавы новы сусед, што яны, не марудзячы, завязалі з ім гутарку:
     – Добры дзень, наш добры сябар! – віталі яны самалёт. – Мы, як і ты, памятаем цяжкія ваенныя часы. Як страшна нам было, калі наш горад бамбілі нямецкія самалёты, калі палалі падпаленыя хаты! А людзі! Колькі іх, маладых і прыгожых, загінула ў той жудасны час ад куль і шыбеніц. Не дай Божа яшчэ калі-небудзь перажыць такое!
     – Так! Я, хоць і стары, але вельмі добра памятаю, як лётаў над разбуранымі гарадамі, спаленымі вёскамі. Колькі гора і нягод давялося перажыць нашай Радзіме! – сумна прамовіў самалёт, і адразу стала прыкметна, як у яго апусціліся крылы ад гаротных перажыванняў. – Я стараўся з усяе сілы! – працягваў ён. – Дапамагаў байцам, партызанам і марыў пра тое, каб хутчэй скончылася гэтая жудасная кровапралітная вайна!
     Маленькія птушачкі, пазбіраўшыся ў чароды, моўчкі сядзелі на галінах старых дрэў. Яны ўважліва прыслухоўваліся да гутаркі. Вядома ж, птушкі не ведалі, што такое вайна, таму што нарадзіліся зусім нядаўна. Але ўсё, пра што яны даведаліся, цяпер не змогуць забыцца. Прыйдзе час, і птушкі абавязкова распавядуць гэтыя гісторыі пра вайну і яе героях сваім дзеткам-птушаняткам. Апрача таго, не толькі птушкі, але і конікі, пчолкі, стракозы, матылькі, жучкі, сталі сведкамі гэтай важнай гутаркі. Цяпер і яны ведаюць, які славуты ветэран вайны пасяліўся ў іх парку.
     У той жа дзень, не выпадкова ўсё гэта адбывалася ў свята Перамогі, самыя цікаўныя грамадзяне горада, маляняты, знайшлі новы зялёны "экспанат", які з'явіўся ў парку, побач з музеем ВАВ. Дзеці круціліся каля самалёта, уважліва разглядаючы кожную дэталь легендарнага госця.
     – Чаму ён зялёны? – дапытваўся хлопчык у таты. – А якія цікавыя ў яго прапелеры!
     Яшчэ шмат пытанняў задавалі дзеці старэйшым. І гэта не дзіўна. Хто ж, як не дарослыя, раскажуць ім пра тое, што было ў далёкія ваенныя часы.
     Але вось да самалёта падбег сабака. Гэта была аўчарка.
     – Джульбарс, глядзі, якое дзіва! – гучна сказаў Сярожа, паказваючы на самалёт і жмурачыся ад яркага сонца.
     Сабака ўважліва агледзеў зялёны самалёт з усіх бакоў. Зразумела, у гэтым парку ён ведаў ўсё да дробязяў, таму што яго прыводзілі сюды на прагулку кожны дзень. Вось чаму сабаку так насцярожыў новы незнаёмы аб'ект!
     – Гэта легендарны ваенна-транспартны самалёт часоў Вялікай Айчыннай вайны! Відаць, ён удзельнічаў у гераічных баях, – распавядаў дзецям нечы тата.
     А тым часам самалёт гэтак жа, як і людзі, уважліва паглядваў на дзяцей і дарослых, якія акружылі яго. Затым ён убачыў маладую аўчарку. Пачуўшы, як хлапчук назваў сабаку Джульбарсам, самалёт тут жа ўспомніў свайго знаёмага Джульбарса з ваенных гадоў. "Як жа гэты сабака падобны на яго!" – падумаў стары самалёт.
     Справа ў тым, што ён добра ведаў таго адважнага Джульбарса, адзіную ў гісторыі аўчарку, якой за баявыя заслугі нават далі медаль «За баявыя заслугі”, як праслаўленаму байцу. Гэты нястомны службовы сабака ўдзельнічаў у размініраванні мноства будынкаў. Дзякуючы яго выдатнаму нюху было выяўлена 74658 мін і больш за сто пяцьдзесят снарадаў на тэрыторыі Савецкага Саюза і іншых краін.
     "Джульбарс..., – думаў самалёт. – Памятаю, як я адвозіў яго на лінію фронта. А як яго любілі і паважалі байцы! Лічылі лепшым службовым сабакам. І нават паранены, Джульбарс змог прыняць удзел у парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве".
     Успамінаючы ўсё гэта, стары самалёт нават не падазраваў, што маладая аўчарка не проста так носіць мянушку Джульбарс. Сабаку далі гэта імя па просьбе Сярожынага дзядулі, бо дзед, калі яшчэ быў школьнікам, даведаўся пра подзвіг таго гераічнага сабакі. А нядаўна расказаў аб гэтым унуку, і яны разам вырашылі:
     – Няхай аўчарка носіць праслаўленае імя! І тады нават у наш час будзе захоўвацца памяць пра далёкія гады вайны, і мы не забудзем тых, хто дапамагаў вызваляць нашу Радзіму ад злой і жорсткай фашысцкай заразы. Магчыма, наш Джульбарс здолее не запляміць гэта імя, і панясе ў будучыню эстафету памяці і павагі да слаўных герояў Вялікай Айчыннай Вайны.
     
     p.s. стары самалёт ЛІ-2 стаіць у Парку Перамогі каля будынку музея ВАВ у Мінску.
     
     Гэтая казка на рускай мове
28.01.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100