Чмяліны мёд - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чмяліны мёд
Чмяліны мёд
На полі каля лесу жыла-была маленькая Мышка. У яе норцы заўсёды было што паесці. Мышка не ленавалася шукаць у полі зярняткі, тыя, што абсыпаліся з каласкоў пшаніцы і жыта. А побач з мышынай норкай была яшчэ адна норка. Толькі ў ёй жылі не мышы, а чмяліная сям'я: Чмяліха і яе дзеці – чмяляты. Чмяліха карміла чмялят салодкім мёдам, які збірала на кветкавых палянках і на ўскрайку лесу.      На досвітку, ледзь толькі сонейка дакраналася першым праменьчыкам да зямлі, Чмяліха вылятала са сваёй норкі, гудучы крылцамі, быццам маленькі верталёцік. Яна ляцела збіраць салодкі мёд для чмялят. Яе суседка Мышка, пачуўшы такое гучнае гудзенне, заўсёды прачыналася, пацягвалася са сну і расплюшчвала свае вочкі. Але яна ніколі не крыўдзілася на Чмяліху за тое, што тая разбудзіла яе так рана. Наадварот, Мышка паважала Чмяліху за працавітасць і клопат аб сваіх маленькіх дзетках. Вось так мірна і дружна жылі ў норках на вялікім полі гэтыя добрыя суседкі. І ўсё ў іх было добра, пакуль аднойчы не здарылася бяда.
     Даведалася хітрая Ліса, што ў Чмяліхі ёсць мёд у норцы, якім яна корміць сваіх чмялят. Захацела зладзейка як-небудзь здабыць яго, выкрасці з норкі. Але адшукаць норку ў полі Ліса не змагла, таму што норка Чмяліхі, накрытая галінкамі і травінкамі, была зусім непрыкметная для злых і ліхіх ворагаў. І тады падпільнавала Ліса Чмяліху ў лесе, калі тая збірала мёд. Хітруга ціхенька падкрадкралася к Чмяліхе, каб дазнацца, прасачыць, дзе яе норка.
     Але дарма Ліса гэта рабіла, таму што добрыя суседзі заўсёды прыйдуць на дапамогу і вызваляць з бяды. Вось и суседка Чмяліхі адразу ж заўважыла Лісу. Адважная Мышка падбегла да зладзейкі ззаду і ўкусіла яе вострымі зубамі за доўгі рыжы хвост. Тут ужо Ліса не вытрымала і закрычала ад болю. Убачыла Чмяліха, хто крадзецца за ёй, і ўсё зразумела.
     Як загудзе яна каля самага носа Лісы:
     – Ах ты, ліхадзейка! Захацела выкрасці мёд, які я сабрала для дзяцей! Бяжы прэч, а то ўджалю!
     Спалохалася Ліса, апусціла хвост і ўцякла хавацца ў лес. З тых часоў яна ўжо ніколі не спрабавала красці чмяліны мёд, хоць і не ведала, што чмялі зусім не злыя. Аднак сябе ў крыўду яны нікому не дадуць!
     
     Гэтая казка на рускай мове
25.01.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100