Сунічкі ад Гноміка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сунічкі ад Гноміка
Сунічкі ад Гноміка
     Чым жа лес нас так прываблівае? У наступных казках я раскажу пра ЛЯСНЫЯ СКАРБЫ.
     
Гэта гісторыя пра жыхароў нашых лясоў, але не пра звяроў і птушак, а пра кагосьці больш таямнічага і непрыкметнага.      Пад старой Елкай у вялікім лесе пасяліўся Гномік. Ён аказаўся вельмі маленькім, не больш звычайнай мышы. Яму хапіла месца, каб устроіць пад Елкай сваё жыллё. Бабулька Елка была высокай і пухнатай. Яе доўгія разгалістыя лапы звісалі да самай зямлі і хавалі Гноміка ад непагоды і цікаўных вачэй. Недалёка ад Елкі, на ўзгорку, расла яе сяброўка, такая ж старая Хвоя. Яна была настолькі высокая, што з яе верхавіны адкрываўся вельмі прыгожы від на неба і лес, нават гарызонт быў бачны адтуль.
     Стары Крумкач, пражыў у гэтым лесе ўсё сваё доўгае жыццё і любіў вышыню. Ён пабудаваў на верхняй галінцы Хвоі гняздо і з задавальненнем назіраў за ляснымі жыхарамі. Даведаўшыся, што пад Елкай пасяліўся Гномік, Крумкач стаў наведвацца да яго ў госці. Стары садзіўся на зямлю побач з Елкай, важна хадзіў узад і ўперад, штосьці мармычучы сабе пад нос. Потым зазіраў адным вокам за яловыя галінкі, выглядваючы там Гноміка. Заўважыўшы маленькі агеньчык, гэта быў ліхтарык, якім Гномік асвятляў сваё жыллё, Чорны Крумкач пачаў свой аповед:
     – У даўнія часы наш лес быў непраходным, і ў ім вельмі часта здараліся непрыемнасті. Баба Яга жыла ў самым страшным зачараваным месцы. Яна заваблівала туды людзей і да смерці пужала іх. Але Лясун даведаўся пра такія нядобрыя выхадкі Бабы Ягі і прагнаў яе з лесу. Цяпер у нас ціха і спакойна. Стары Лясун любіць рабіць добрыя справы. Ён сочыць за парадкам і нават дапамагае людзям, якія заблудзілі ў лесе, знайсці дарогу з гушчару да сваёй хаты. Вядома ж, гэтыя людзі не ведаюць, хто ім дапамагае. Лясун хаваецца ад усіх. Каб дапамагчы заблудным у лесе, ён гукае ці стварае вялікі шум у тым боку лесу, дзе ёсць выхад з яго. Людзі ідуць туды, дзе, як ім здаецца, чутныя галасы іншых людзей. Тым самым, яны знаходзяць выйсце з глыбіні лесу.
     – А нядаўна, – працягваў Крумкач, – у нашым лесе пасялілася сям'я сястрычак Матрошак. Яны падобныя, як дзве кроплі вады, толькі адна адной менш па ўзросце. Старэйшай сястрычцы ўжо пятнаццаць гадоў, а малодшай – толькі пяць. Гэта вельмі добрыя і вясёлыя дзяўчынкі, такія танцоркі! А як заспяваюць, увесь лес сціхае, слухаючы іх звонкія галасы! Матрошкі пасябравалі з Лесуном і ва ўсім дапамагаюць яму. Наш Лясун вельмі рады такім працавітым памочніцам.
     – Гномік! Заўтра я абавязкова пазнаёмлю цябе з Лесуном, а цяпер мне хочацца спаць, – сказаў Крумкач. – Да пабачэння!
     Ён узмахнуў крыламі і паляцеў наверх, да свайго гнязда.
     Было ўжо позна. Маленькі Гномік таксама ўлёгся ў сваім ложачку, але яшчэ доўга не мог заснуць, успамінаючы аповед чорнага Крумкача. Ён уяўляў старога Лесуна з доўгай сівой барадой і добрымі вачамі, а побач з ім вясёлых ружовашчокіх сястрычак Матрошак.
     Раніцай Крумкач, як і абяцаў, прыляцеў за Гномікам, каб адвесці яго на першую сустрэчу з лясным кіраўніком. Зусім яшчэ бадзёры і вясёлы дзядок Лясун прывітаўся з Гномікам і павёў яго па лясных сцяжынках, каб паказаць самыя выдатныя славутасці свайго лесу.
     – Вось гэтай Хвоі, – казаў Лясун, – чатырыста гадоў, а вунь таму Дубу – пяцьсот. У нашым лесе сто пяцьдзесят мурашнікаў, некалькі тысяч мышыных норак, а колькі птушак тут уе свае гнёзды – не злічыць! У лесе жывуць зайцы і вавёркі, вожыкі, у сажалках шмат рыбы і ракаў, а балота палюбілі будаўнікі-бабры і жабы-квакушкі. Як добра ў нашым лесе летам! Паглядзі, Гномік! На палянках распусціліся кветкі, яны такія прыгожыя! А колькі духмяных суніц ўжо паспела на палянках! Я люблю, калі ў лес прыходзяць дзеці збіраць ягады альбо грыбы. Мне нават хочацца ім дапамагчы. Але я не магу блізка падысці да дзяцей, бо тады яны мяне заўважаць і могуць спалохацца незнаёмага дзядка.
     – Я буду дапамагаць дзецям! – прапанаваў Гномік. – Я маленькі, і дзеці наўрад ці заўважаць мяне. Тым больш, што я змагу хавацца ад іх за кустамі ці ў траве.
     – Вельмі добра! – узрадаваўся Лясун. – Я ведаю, што сёння дзеці з бліжэйшага мястэчка прыйдуць у наш лес. Бачыш, колькі суніц паспела на палянках! А ты дапаможаш дзецям збіраць ягады. Яны ж збіраюць іх не толькі для сябе, але і для сваіх старэнькіх бабуль і дзядуль, для матуль і татаў, у якіх няма часу, каб схадзіць у лес па ягады.
     – Калі так, я пачакаю іх тут, – вырашыў Гномік.
     – А я пайду за сястрыцамі Матрошкамі. Нам трэба яшчэ навесці парадак у лесе і ўбраць сухія галінкі.
     Лясун сышоў, а Гномік застаўся чакаць дзяцей. Неўзабаве прыляцеў Крумкач і сказаў, што бачыў трох хлопчыкаў. Яны ідуць сюды. Пачуўшы гэта, Гномік схаваўся пад яловай галінкай. А калі прыйшлі дзеці і пачалі быстра збіраць сунічкі ў свае кошыкі, Гномік выбраў самага маленькага хлопчыка і стаў непрыкметна падкладаць у яго кошык саспелыя сунічкі. Прайшла гадзіна ці дзве, і дзеці сабралі поўныя кошыкі ягад. Паглядзеўшы ў запоўнены да краёў чырвонымі сунічкамі кошык малодшага браціка, старэйшыя браты спачатку здзівіліся, а потым пахвалілі малога.
     Дзеці пайшлі дахаты, а Гномік яшчэ пабыў крыху на сунічнай палянцы. Ён вырашыў сабраць і сабе маленькі кошык саспелых духмяных суніц.
     
     Гэтая казка на рускай мове
25.01.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100