Маленькае Дзіва - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маленькае  Дзіва
Маленькае Дзіва
У Санькіну вёску прыйшла вясна. З усіх бакоў па зямлі беглі ручайкі, бо паўсюль пачаў раставаць снег. Удзень сонца даволі моцна прыпякала. У яго ўжо хапала сілы, каб адагрэць заледзянелую за зіму зямлю.      – Прывітанне, вясна! – усміхнуўся Санька.
     Ён выйшаў з хаты на ганак і, гледзячы на наваколле, адразу не вырашыўся ісці далей.
     – Але мне трэба спяшацца, каб не спазніцца на заняткі! – рашуча прамовіў хлопчык і асцярожна патупаў да брамкі.
     Каб не прамачыць ногі і не саступіць у ліпкі бруд, Саньку прыходзілася абыходзіць ці пераскокваць яго, старацца ісці па нерасталым кавалачкам зямлі, якія былі падобныя на маленькія ледзяныя горачкі. А яркае вясновае сонейка глядзела на яго, усміхалася і казала, што гарачае лета не за гарамі.
     У добрым настроі хлопчык пайшоў са двара, прычыніўшы за сабой брамку. Затым сабраўся ўжо бегчы па дарозе, але тут убачыў сваю кошку. Мурка асцярожна пераступала бруд, каб не выпацкаць лапкі. "Куды гэта яна хадзіла?" – здзівіўся Санька. Ён успомніў маленькія сімпатычныя мордачкі кацянят, якія нарадзіліся зусім нядаўна. "Бяжыць да іх. Нябось, баіцца, каб чаго не выйшла без яе", – здагадаўся хлопчык. Дома ён бачыў, як Мурка засцерагала кацянят, карміла іх, а яны прыціскаліся да яе і тыкаліся носікамі ў цёплую матуліну поўсць. "Якія ж дзівосныя! Падумаць, такі цуд з'явіўся на свет!" – разважыў Санька. Ён адчуў, як свежы, ледзь халаднаваты ветрык падзьмуў на яго твар. Усміхнуўшыся лёгкаму ветрыку, чыстаму блакітнаму небу, яркаму сонейку, хлопчык хуценька пабег па яшчэ не адталай абочыне дарогі ў кірунку да школы.
     Нават у выхадныя дні там працаваў камп’ютэрны гурток. На занятках хлопчык вычыўся добра працаваць на камп’ютэры і нават асвойваў мовы праграмавання! Усё гэта вельмі захапляла хлопчыка.
     У суседнім двары Санька заўважыў чорных гракоў. Яны хадзілі, зорка разглядаючы расталую зямлю і вышукваючы на ёй жучкоў і чарвячкоў. "Вось і гракі прыляцелі да нас з лесу, а можа нават з выраю. Мабыць, хутка зазелянее трава", – вырашыў Санька…
     
     Сапраўды, прайшло толькі некалькі тыдняў, і па ўсёй вёсцы на дрэвах распусцілася маладая лістота, зазелянелі сенажаці. Вясковыя жыхары сталі прыводзіць у парадак свае гароды, ускопваць зямлю і рабіць першыя пасадкі, на палях загудзелі трактары.
     У выхадны дзень Санька, як заўсёды, адправіўся на занятак у камп’ютэрны гурток. Цяпер жа ён прыкмеціў, што дарога падсохла, па абодвух яе баках прабілася маладая траўка і зацвілі жоўтыя дзьмухаўцы. Сонца сагрэла паветра і зямлю так, што з'явіліся першыя мушкі і нават пчолкі!
     Хлопчык у бадзёрым настроі ішоў па дарозе. Ён быў шчаслівы ад таго, што прыйшла вясна – яго любімая пара года, калі нараджаецца новае жыццё. Праходзячы міма воданапорнай вежы, Санька выпадкова паглядзеў угару і ад нечаканасці ўскрыкнуў, бо ўбачыў наверсе вежы стройныя сілуэты птушак.
     – Ура! Буслы прыляцелі! Яны пасяліліся каля маёй хаты. Нездарма кажуць, што буслы прыносяць дзяцей, – усклікнуў ён.
     Хлопчык не абмовіўся. Вядома, Санька мог мець на ўвазе маленькіх кацянят, але ў яго хаце здарылася штосьці больш важнае. Цяпер у яго ёсць малодшая сястрычка. Яе вырашылі назваць Наташай. Мама толькі ўчора прывезла малую з радзільнага дома. Гэтая дзяўчынка – незвычайнае Дзіва, якога Санька нават не мог сабе ўявіць. Яна сапраўдная жывая лялька з малюсенькімі ручкамі, ножкамі, пальчыкамі і кіпцікамі!
     "Няўжо Наташка вырасце і будзе такой жа, як і я? – не мог паверыць хлопчык. – Абавязкова буду дапамагаць маме яе гадаваць!" – цвёрда вырашыў ён і пабег у кірунку да школы.
     
     Гэты аповед на рускай мове
23.01.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100