Зімовая прагулка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зімовая прагулка
Зімовая прагулка
Каля вёскі, дзе жылі Паўлік і Пеця, быў вялікі лес, дзе раслі вельмі прыгожыя, высокія і стройныя хвоі і елкі. Зімовай парой гэтыя мясціны ператвараліся ў сапраўдную казку. Дрэвы стаялі, не зварухнуўшыся, апранутыя ў пышныя беласнежныя футры, а зямлю высцілаў тоўсты асляпляльна белы някрануты дыван. У марозны і ясны сонечны дзень было вельмі прыемна адправіцца ў такі лес на лыжную прагулку. Тым больш, што з ранку хто-небудзь з дарослых ужо праклаў туды добрую лыжню. Дзеці ведалі на памяць усе лясныя дарожкі і без асаблівых прыгод каталіся па іх на лыжах узімку. Але аднойчы ў гэтым лесе з імі здарылася дзіўная, сапраўды казачная гісторыя. А адбылося вось што.      Цудоўным нядзельным днём вырашылі Паўлік і Пеця выехаць на прагулку. Едуць яны па лыжні, снег храбусціць, сонца іскрыцца на белых галінах векавых дрэў, дыхаецца лёгка. Добра! Каталіся яны, каталіся, з горкі на горку, з горкі на горку, трохі прытаміліся. Вырашылі перадыхнуць. Спыніліся. Агледзеліся. Як хораша! Але вакол нікога: ні зайца, ні вавёркі не ўбачылі. І раптам – зірк, а з-за дрэў паказалася штосьці яркае, светлае і ляціць прама да іх.
     "Цікава, што гэта такое?" – падумалі дзеці і рушылі далей. Едуць яны, едуць, і бачаць, што сонечная істота ўжо зусім наблізілася. Прыгледзеліся і бачаць – сонечныя санкі ляцяць па снезе!
     А ў іх хлопец сядзіць і ўсміхаецца:
     – Добрага здароўя! – кажа. – Не пазналі? Я – зімовы Дзень. Сонечныя прамяні перавожу з аднаго месца на другое. Не бойцеся, яны не пякуцца, таму што цяпер зіма. Проста прамяні вельмі ярка і асляпляльна свецяцца.
     Сказаў гэта зімовы Дзень і паехаў далей, толькі з-за дрэў пачалі раз-пораз мільгаць залатыя сонечныя праменьчыкі, якія выглядвалі з яго санак. І адразу ж стала быстра цямнець, бо зімовы Дзень ад'язджаў усё далей і далей. Сонечныя прамяні ўдалечыні пабляклі і спачатку сталі аранжавымі, затым ружовымі, а потым зусім зніклі. Асляпляльна белы снег паблакітнеў, затым, наогул, стаў сінім. І адразу сцямнела.
     – Як жа мы даедзем дахаты ў такой цемры! – захваляваліся дзеці. Хоць яны ехалі па лыжні, пракладзенай у кірунку да вёскі, але сама лыжня станавілася бачная ўсё горш і горш. Вось так гісторыя! Калі Паўлік і Пеця выехалі на прасеку, то ўбачылі ў вячэрнім небе яркі Месяц і пачулі яго голас:
     – Едзьце дахаты вунь па той дарожцы! Я асвятліў яе!
     Так! Месяц пашкадаваў дзяцей і вырашыў дапамагчы ім. Дзеці паехалі па лыжні, асветленай ім, і неўзабаве дабраліся да сваёй хаты. Стомленыя, яны адразу ж ляглі спаць. Увесь вечар і ўсю ноч Месяц асвятляў вёску і лес, дапамагаючы ўначы падарожнікам знайсці свае хаты. А на досвітку ён знік, нібы яго зусім не было на небе.
     Раніцай, прачнуўшыся і ўбачыўшы ў сваім акне святло новага дня, дзеці пачалі хуценька збірацца ў школу. Цікава, але яны чамусьці ўжо нічога не памяталі пра свае ўчарашнія прыгоды. Толькі, выйдучы на ўтаптаную кімсьці дарожку і ступіўшы на хрусткі асляпляльна белы снег, які іскрыўся і пераліваўся ад сонечных прамянёў, Пеця і Паўлік пераглянуліся, быццам штосьці ўспамінаючы. Аднак, так нічога і не ўспомніўшы, яны заспяшаліся ў школу. Цяпер ім трэба было думаць пра ўрокі, а ўчарашняе дзіўнае вандраванне, нібы па загадзе чараўніка, зусім сцерлася з іх памяці. Як быццам усё тое, што адбылося з імі, здарылася не наяве, а ў нейкім загадкавым казачным сне.
     
     Гэтая казка на рускай мове
22.01.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100