Край сініх Браслаўскіх азёраў (другая вандроука чорнага Крумкача) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Край сініх Браслаўскіх азёраў (другая вандроука чорнага Крумкача)
Край сініх Браслаўскіх азёраў (другая вандроука чорнага Крумкача)
Усю доўгую зіму чорны Крумкач пражыў у глухім лясным краі. А калі настала вясна, і па лясных сцяжынках пабеглі ручайкі адталага снега, чорны Крумкач не змог уседзець на месцы. Яму зноў захацелася паляцець у далёкія яшчэ нязведаныя ім месцы, каб убачыць там штосьці вельмі цікавае, тое, чаго ён яшчэ ніколі ў жыцці не сустракаў.      На досвітку Крумкач адправіўся ў вандраванне. Вылецеўшы з цёмнага лесу, ён убачыў прасёлкавую дарогу, якая вяла ў далячынь, да самага гарызонту, і паляцеў па дарозе насустрач новым прыгодам.
     А дарога бегла па палях, уздоўж лясоў і вёсак. Яна то ўзбіралася ўгару на груды і пагоркі, то спускалася ўніз на раўніны да ручайкоў, рачулак і азёраў. Такіх невялікіх азёраў і звілістых рачулак, уздоўж якіх бегла дарога, на шляху ў Крумкача траплялася шмат. Ён любаваўся імі і нават сабою, гледзячы ў люстраныя воды. Часам, на дахах вясковых хат ці прыдарожных слупах Крумкач сустракаў гнёзды белых буслоў. З адной такой велічнай птушкай, якая блукала па полю ля дарогі і вышуквала чарвячкоў для сваіх маленькіх птушанят, чорны Крумкач разгаварыўся.
     – Мая павага, шаноўны Бусел! – прывітаўся Крумкач! – Скажы, калі ласка, куды прывядзе мяне дарога? Магчыма, ты штосьці ведаеш пра гэтыя мясціны?
     – Добры дзень! – адгукнуўся Бусел. – Гэта край сініх азёраў і рэк. Ведаеш, колькі тут вялікіх і малых азёр, злучаных паміж сабою невялікімі рачулкамі і пратокамі? Цэлых трыццаць! Яны вельмі прыгожыя, бо знаходзяцца ў асяроддзі хваёвых і яловых лясоў. Браслаўскія азёры зрабілі гэты край цудоўным месцам нашай планеты. У азёрах шмат рыбы, а ў лясах – грыбоў і ягад. А колькі розных птушак прылятае сюды, каб нарадзіць і падгадаваць птушанят! І ўсё таму, што тут ніводзін птушанятка не памрэ ад голаду. У лясах і на лугах поўна корма для птушак.
     Я прылятаю сюды кожны год ранняй вясной і жыву тут да позняй восені, – працягваў свой аповед белы Бусел. – Мне падабаюцца гэтыя цудоўныя ціхія мясціны, дзе ў сініх азёрах адлюстроўваецца ўзыход і заход сонца, а вада ў рэках чыстая і празрыстая, дзе шмат балот, а ў балотах – жаб. Я ж вельмі люблю паласавацца імі! – усміхнуўся ён. – Калі ты паляціш далей уздоўж дарогі, то дабярэшся да гары Маяк. Яна не вельмі высокая. Але з яе вяршыні ты зможаш яшчэ лепш палюбавацца прыгажосцю Браслаўскіх азёр. Гэтая гара знаходзіцца ў цэнтры азер, на паўвостраве.
     Праслухаўшы такі падрабязны аповед пра тутэйшыя славутасці, Крумкач з яшчэ большай цікавасцю працягнуў сваё вандраванне. Да вечара ён дабраўся да той самай гары, пра якую казаў белы Бусел.
     Гара і сапраўды была падобная на маяк, толькі не марскіх вод, а азёрных. З яе вяршыні адкрываўся цудоўны від на сінія Браслаўскія азёры. Яны абкружылі гару з усіх бакоў. Чорны Крумкач доўга-доўга з захапленнем любаваўся іх прыгажосцю. І яму здавалася, што ўсе зоркі начнога неба адлюстроўваюцца ў вадзе.
     Раніцай ён адправіўся па дарозе назад. Крумкач ляцеў і шукаў па абодвух баках ад дарогі ўжо знаёмыя яму прыметы тутэйшых мясцін. Ці тое былі старыя дубы, хвоі і ліпы, ці то вясковыя хаты з гнёздамі буслоў на дахах. Крумкач заўважаў маленькія рачулкі, сажалкі і балоты, дзе квакалі жабы. А яшчэ на яго шляху сустракаліся сівыя валуны, сведкі далёкай даўніны, таго часу, калі велізарны ляднік змяніў прыроду гэтага дзівоснага краю, пакінуўшы яму на памяць мноства вялікіх і малых азёр.
     Крумкач вяртаўся дахаты, каб праз некаторы час ізноў адправіцца ў новае займальнае падарожжа.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
     
     Трэцяя вандроўка чорнага Крумкача
18.01.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100