Навагоднія сябры - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Навагоднія сябры
Навагоднія сябры
У вялікім шумным горадзе на цэнтральнай плошчы стаяла вельмі высокая Ёлка. Яе ўпрыгожылі да Навагодняга свята. Гараджане любаваліся яркім мігаценнем рознакаляровых лямпачак, навешаных на пухнатыя зялёныя галінкі. Самым лепшым убранствам лясной прыгажуні ўсе лічылі чароўную Зорачку, якая пасялілася на верхавіне і пералівалася самымі яскравымі перламутравымі агеньчыкамі.      – Якая вялікая Ёлка! – захапляліся бабуля з дзядулем, праходзячы міма і гледзячы на казачную Ёлку знізу ўгару. – Трэба звадзіць сюды нашу ўнучку. Няхай палюбуецца. Ды і на каньках зможа пакатацца тут жа на катку.
     Тралейбусы, аўтобусы, машыны ехалі па праспекце міма ўпрыгожанай Ёлкі. Людзі, у якіх былі дзеці ці ўнукі, заглядаліся на высокую стройную Ёлку з вокнаў транспарта і думалі гэтак жа, як тыя самыя бабуля з дзядулем: "Добра, што зімовыя канікулы хутка наступяць. Дзеці прыйдуць сюды і весела сустрэнуць Каляды і Новы год!"
     Аднак, рэдка хто з людзей выходзіў на прыпынку, каб пастаяць ці пахадзіць каля прыгожай Ёлкі. І гэта зразумела – у дарослых заўсёды шмат клопатаў.
     А дні ляцяць. І вось ужо насталі зімовыя канікулы. На плошчы каля навагодняй Ёлкі стала збірацца намнога больш людзей, ды и каток напоўніўся дзятвой. Дзеці падоўгу стаялі ля Ёлкі, абыходзілі яе кругом і разглядалі ўпрыгожванні.
     – Зірні! – казаў адзін хлопчык другому, паказваючы на галінкі Ёлкі. – На ёй жа няма ніводнай сапраўднай сняжынкі!
     Цяжка паверыць, але ўсё гэта не раз чула сама Ёлка. Яна ж жывая, умее сумаваць і нудзіцца гэтак жа, як і людзі. Цяпер Ёлка сумавала па снезе і па сняжынках. Як хацелася ёй зазіхацець на сонцы сапраўднымі ледзянымі іскрынкамі-сняжынкамі!
     Але ж, усім вядома, што на Новы год спраўджваюцца самыя запаветныя жаданні. І таму нядзіўна, што ўсё так і атрымалася. Мара высокай навагодняй Ёлкі здейснілася! На пярэдадні Новага года з неба паляцелі іскрыстыя сняжынкі і атулілі лясную прыгажуню асляпляльна белым футрам. Абрадавалася Ёлка, распрастала свае галінкі, распушыла і стала такой чароўнай, што проста вачэй не адвесці!
     Дзеці бегалі вакол яе па свежым хрусткім снезе радасныя, вясёлыя і ляпілі са снегу сняжкі. Потым пачалі ляпіць снегавіка. Да канца навагодняй ночы побач з Ёлкай ужо красаваўся вялікі Снегавік!
     – Прывітанне! – прашамацела, а можа, праспявала Ёлка новаму суседу. – З Новым годам! З днём твайго нараджэння! Як табе тут? Падабаецца?
     – Прывітанне! – праскрыпеў у адказ Снегавік. – Мне тут вельмі падабаецца! Будзем сябраваць? – паглядзеў ён з усмешкай на Ёлку.
     – Вядома! – адказала тая.
     І ў Ёлкі, і ў Снегавіка тут жа падняўся настрой. Мабыць, ім стала так добра і весела таму, што яны пасябравалі ў самы незвычайны і казачны дзень – у Навагодняе Свята.
     
     
     Примечание: озвучивание сказки Тамары Вятской.
     
     Гэтая казка на рускай мове
18.01.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100