Вожык на Месяцы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вожык на Месяцы
Вожык на Месяцы
Жыў у лесе маленькі Вожык. Па вечарах, калі ў небе загараліся зоркі, ён любіў пасядзець на лавачцы каля сваёй норкі і памарыць. " Вось добра было б, – думаў Вожык, – злятаць куды-небудзь. Хаця б на Месяц. Шкада, што ён так далёка". Вожык журыўся, бо гэта была яго самая вялікая мара. Яму так хацелася, каб яна спраўдзілася!      На палянцы, недалёка ад норкі Вожыка, раслі ярка-жоўтыя Дзьмухаўцы. Яны былі падобныя на маленькія сонейкі і гэтак жа, як і Вожык, марылі пра вандраванні. Але Дзьмухаўцы нічога не ведалі ні пра Месяц, ні пра зоркі. Яркім сонечным днём, гледзячы ў неба, яны не бачылі там ніводнай зорачкі, таму і паняцця аб іх не мелі. А як толькі Сонца хавалася за гарызонт, кветкам пачынала так моцна хацецца спаць, што яны тут жа заплюшчвалі свае вочкі, згортвалі жоўценькія пухнатыя пялёсткі і засыналі. "Эх вы, соні", – думаў Вожык, які сядзеў познім вечарам на лавачцы і назіраў за зоркамі.
     Неяк днём ён расказаў Дзьмухаўцам пра зоркі і пра Месяц. І жоўценькім кветкам адразу ж захацелася адправіцца ў вандраванне.
     – Можа быць, вы і злятаеце на Месяц, таму што хутка ператворыцеся ў белыя пухнатыя шарыкі, – прапанаваў кветкам Вожык.
     – Так! Але ж ты таксама можаш стаць шарыкам, калі скруцішся ў клубок, – адказалі Дзьмухаўцы.
     – Сапраўды, і я змагу! – абрадаваўся Вожык. – Толькі, каб паляцець так далёка, нам трэба паскарэнне.
     – Я дапамагу і адпраўлю вас у палёт на Месяц! – прасвістаў Ветрык. – Рыхтуйцеся да вандравання!
     – Ура! – закрычалі Дзьмухаўцы. – Мы паляцім на Месяц!
     – Калі так, – сказаў Вожык, – будзем рыхтавацца.
     Некалькі дзён ён чысціў да бляску ўсе свае іголкі і складаў рукзак. А Дзьмухаўцы да таго часу ператварыліся ў белыя пухнатыя шарыкі.
     І вось у прызначаны для палёту час на палянцы, дзе раслі Дзьмухаўцы, Вожык згарнуў усе свае іголкі ў бліскучы шарык.
     – Увага! Прыгатаваліся! На старт! – скамандаваў Ветрык і дунуў, што было сілы. У тую ж хвіліну Вожык і Дзьмухаўцы адарваліся ад Зямлі і паляцелі ў неба.
     – Бывай! – крычалі Ветрыку кветкі, і цяпер яны ўжо былі падобныя на маленькія белыя парашуты.
     – Да сустрэчы! – развітваўся з сябрам Вожык, набіраючы паскарэнне.
     Ён і не заўважыў, як развіў велізарную скорасць і паляцеў, нібы маленькая Зорачка!
     Але, калі Месяц стаў зусім блізка, Вожыку нават прыйшлося трохі затармазіць, каб акуратна прылуніцца. А Дзьмухаўцы-парашуты плаўна апусціліся на паверхню Месяца. Цяпер яны сталі месяцовым насеннем, і неўзабаве ўся паверхня Месяца пакрылася жоўценькімі галоўкамі Месяцовых Дзьмухаўцоў.
     "Як хораша стала на Месяцы!" – думаў Ветрык, назіраючы ў падзорную трубу за сваімі вандроўнікамі.
     – Вожык! – пракрычаў ён яму па тэлефоне. – Ты ж пагасцюй там трохі і вяртайся. Папрасі месяцовы Ветрык, каб ён дапамог табе набраць паскарэнне для зваротнага палёту.
     – Добра! Не хвалюйся! – адказаў Вожык. – Я абавязкова вярнуся на Зямлю.
     
     Гэтая казка на рускай мове
14.01.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100